Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова Беларусі зарэгістравалася ў Viber


Мэсэнджэр амаль дагнаў сацыяльную сетку «УКантакце» па колькасьці рэгістрацыяў у Беларусі.

Зь лета 2015 году ў Беларусі рэзка вырасла (на 73% на момант публікацыі) колькасьць зарэгістраваных у Беларусі карыстальнікаў беларуска-ізраільскага мэсэнджэра Viber, перадае БелаПАН. Іх колькасьць дасягнула 4,5 млн карыстальнікаў.

Мэсэнджэр амаль дагнаў па колькасьці зарэгістраваных карыстальнікаў расейскую сацсетку «УКантакце», якая таксама дазваляе весьці перапіску. На момант публікацыі 5,1 млн чалавек «УКантакце» пазначылі месцам жыхарства Беларусь. Усяго ж у Беларусі жыве 9,5 млн чалавек.

У сьвеце зарэгістравана 800 млн карыстальнікаў Viber (супраць 380 млн «УКантакце»). Але гэта ня значыць, што столькі ж сапраўды карыстаюцца мэсэнджэрам. Па зьвестках Statista, на красавік 2016 году карыстальнікаў, якія хоць раз на месяц заходзілі ў праграму, у сьвеце было 249 млн — траціна ад колькасьці зарэгістраваных.

Колькасьць актыўных карыстальнікаў Viber амаль дагнала Skype (300 млн), але заўважна адстае ад кітайскіх мэсэнджэраў WeChat і QQMobile (697 і 853 млн адпаведна), а таксама Facebook Messenger і WhatsApp (900 млн і 1 млрд), абодва належаць сацыяльнай сетцы Facebook.

Гэта бясьпечна?

У Viber стандартна ўключанае шыфраваньне паведамленьняў на прыладзе карыстальніка (end-to-end-шыфраваньне). Гэта значыць, калі зламысьнік ці спэцслужбы проста перахопяць трафік, яны ня змогуць прачытаць паведамленьні. Але пры гэтым код праграмы закрыты для незалежнай праверкі — можна толькі верыць на слова стваральнікам праграмы, што яны не выдаюць трэцім асобам спосабы прачытаць перапіску.

Існуюць і бясьпечныя мэсэнджэры з шыфраваньнем перапіскі і кодам, адкрытым для праверкі. Верагодна, самы папулярны з такіх у Беларусі — Telegram (у якім, праўда, шыфраваную перапіску ў «Сакрэтных чатах» трэба ўключаць самастойна). У рэйтынгу бясьпекі Amnesty International Telegram меў 67 балаў са 100, а Viber — 47. Ды найвышэйшы бал, 73 са 100, у тым рэйтынгу мелі Facebook Messenger і WhatsApp, код якіх, як і ў Viber, недасяжны для незалежнай праверкі.

Акрамя таго, невядома, ці адказвае Viber беларускім спэцслужбам на легальныя запыты. Шмат якія іншыя кампаніі публікуюць «справаздачы празрыстасьці»: якім спэцслужбам выдалі якія зьвесткі карыстальнікаў. Так, напрыклад, нядаўна Google паведаміў пра адхілены запыт ад спэцслужбаў Беларусі. Таксама Viber пайшоў на супрацу з Крамлём і перанёс сэрвэры з пэрсанальнымі зьвесткамі расейцаў на тэрыторыю Расеі, дзе ўзаконенае татальнае праслухоўваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG