Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя вярнула менчуку пляншэт пасьля экспэртызы з порна і фатаздымкамі незнаёмых людзей


Дзьмітры знайшоў на сваім пляншэце здымкі незнаёмых яму людзей пасьля міліцэйскай экспэртызы
Дзьмітры знайшоў на сваім пляншэце здымкі незнаёмых яму людзей пасьля міліцэйскай экспэртызы

Мянчук Дзьмітры, які цяпер жыве за мяжой, атрымаў ад міліцыі тэхніку, якую больш за год таму забралі на экспэртызу. Міліцыя, верагодна, не знайшла на ёй нічога незаконнага, але сам Дзьмітры выявіў на пляншэце чужыя файлы. У іх ліку порнаролікі, аўдыёзапісы тэлефанаваньняў, фоты незнаёмых людзей, кантакты ў мэсэнджэры Viber і мэсэнджэр Telegram, які ён не ўсталёўваў, электронная музыка, якую ён не спампоўваў, распавядае Дзьмітры Свабодзе і паказвае знойдзеныя файлы.

Як паказаў аналіз сацыяльных сетак, на фота, верагодна, не супрацоўнік міліцыі, а памежнік родам з Баранавічаў
Як паказаў аналіз сацыяльных сетак, на фота, верагодна, не супрацоўнік міліцыі, а памежнік родам з Баранавічаў
Што за жанчыны на фота, высьветліць не ўдалося
Што за жанчыны на фота, высьветліць не ўдалося

Дзьмітры быў затрыманы супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Менску напярэдадні 9 траўня 2015 году ў ліку 6 людзей, якіх называлі фанатамі менскага футбольнага клюбу «Дынама» (Дзьмітры кажа, ён не фанат, знаёмы не з усімі, нават ня ведае імя аднаго). Ім далі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку.

Заўзятараў падазравалі ў тым, што яны нібыта прысутнічалі пры перадачы зброі ці экстрэмісцкіх матэрыялаў, зьвязаных з Украінай, сказаў Свабодзе сябар Дзьмітрыя. Сапраўдную прычыну затрыманьня Дзьмітры ня ведае — падазрае, што яго затрымалі праз тое, што ягоная жонка з Украіны. Ён кажа, яго шмат пыталі пра ўкраінскія «Правы сэктар» і батальён «Азоў».

Сярод кантактаў у Viber — ніводнага знаёмага Дзьмітрыю
Сярод кантактаў у Viber — ніводнага знаёмага Дзьмітрыю
Порнаролікі, заяўляе Дзьмітры, ён не спампоўваў
Порнаролікі, заяўляе Дзьмітры, ён не спампоўваў
Аўдыёзапісы тэлефонных размоў зь незнаёмымі Дзьмітрыю людзьмі
Аўдыёзапісы тэлефонных размоў зь незнаёмымі Дзьмітрыю людзьмі

Міліцыя забрала на экспэртызу амаль што ўсю тэхніку Дзьмітрыя, сьцьвярджае ён: пляншэт, два тэлефоны, фотаапарат, ноўтбук, два цьвёрдыя дыскі, адзін зь якіх забралі зь ягонай працы. Ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку копіі падпісанага ім пратаколу, не давалі. Адна экспэртыза нібы прайшла — праз год і два месяцы ягонай маці вярнулі тэхніку. На другую экспэртызу, псыхалінгвістычную, узялі майкі з «Пагоняй» і сымболікай «Азова», значкі і іншае. Гэтыя рэчы не вярнулі і, магчыма, вяртаць ня будуць. У яго знаёмых, затрыманых тады, таксама канфіскоўвалі тэхніку на экспэртызу, затым вярнулі. Заключэньняў па экспэртызах Дзьмітры не атрымліваў.

Што да іншай тэхнікі, то на тэлефонах Дзьмітры не знайшоў чужых файлаў, а ноўтбук зь Беларусі яму яшчэ ня выслалі. Што тычыцца знойдзеных на пляншэце файлаў, Дзьмітры падазрае, што пляншэт выкарыстоўваў у асабістых мэтах супрацоўнік міліцыі: фатаграфаваў сяброў і апэратыўную дзейнасьць, праслухоўваў чужыя размовы. Верагодна, кажа ён, у міліцыі думалі, што, калі Дзьмітры зьехаў за мяжу, вяртаць тэхніку не давядзецца, але калі маці занялася вяртаньнем рэчаў, супрацоўнік міліцыі проста не пасьпеў у сьпешцы выдаліць свае файлы.

На некаторых здымках інструкцыі да звычайных лекаў (крэм ад апёкаў, раствор ад бранхіту і капсулы ад цырозу печані) і пошук лекаў у анлайн-каталёгу ў Менску
На некаторых здымках інструкцыі да звычайных лекаў (крэм ад апёкаў, раствор ад бранхіту і капсулы ад цырозу печані) і пошук лекаў у анлайн-каталёгу ў Менску
Іншыя здымкі — пліта і сьцяна ў нейкай кватэры
Іншыя здымкі — пліта і сьцяна ў нейкай кватэры

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што выкарыстаньне тэхнікі ў час правядзеньня экспэртызы рэгулюецца правіламі і што карыстацца чужой тэхнікай у асабістых мэтах «ня толькі нельга, але і неразумна». Ён параіў Дзьмітрыю зьвярнуцца ў Маскоўскае РУУС Менску, а калі там не атрымае належнага адказу, зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG