Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС, якой я баяўся, баюся і буду баяцца


Чаму баюся? Таму што я адзін зь беларусаў, і Чарнобыль заўсёды застанецца ў нас у крыві. Нам вядома, што АЭС заўсёды небясьпечныя і што яны вельмі дарагія, як наша Беларуская — пад Астраўцом.

Нядаўна быў апублікаваны зацьверджаны ўрадам плян ахоўных захадаў на выпадак аварыі. Што мяне ўразіла? У зоне папераджальных захадаў (радыюс — 3 кілямэтры) знаходзяцца 8 вёсак. Здаецца, няшмат. Аднак далей — у зону плянаваньня тэрміновых ахоўных захадаў у радыюсе 15 кілямэтраў — трапляюць ужо 136 населеных пунктаў! Станцыю будуюць у густанаселенай мясцовасьці, пры тым, што ў Беларусі шчыльнасьць насельніцтва ня надта вялікая.

Юлія Лукша каля панадворка зь відам на будоўлю АЭС, 2016 год
Юлія Лукша каля панадворка зь відам на будоўлю АЭС, 2016 год

Міністэрству энэргетыкі даручана забясьпечыць закуп аварыйных камплектаў і сродкаў абароны для насельніцтва ў трохкілямэтровай зоне вакол БелАЭС — на працягу году пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю першага энэргаблёку. Цягам наступных шасьці месяцаў дзяржаўным органам даручана распрацаваць свае пляны абароны насельніцтва і тэрыторый на выпадак аварыі. Можа, я празьмерны пэсыміст, але мне здавалася, што такія пляны павінны былі існаваць яшчэ да пачатку будоўлі.

Чаму будуюць пад Астраўцом?

Сёньня беларускае начальства тлумачыць літоўцам, чаму станцыя ў іх пад бокам будзе стаяць. Пытаньне прагучала канкрэтна: напачатку гэтая пляцоўка была прызнаная зусім неадпаведнай, дык чаму? Ім адказваюць, што тады не было прыбораў талковых, каб ацаніць як мае быць. Насамрэч яна была самай цудоўнай! А каб раптоўна адмовіцца ад будоўлі каля мяжы з Расеяй, прыбораў, выходзіць, хапіла.

Як, у які момант усплыла астравецкая пляцоўка? Ніхто толкам не зразумеў. І тлумачэньня ў свой час афіцыйнага не прагучала. А мне вядомая такая гісторыя. Некалькі гарадзенскіх навукоўцаў, выкладчыкаў вельмі перажывалі за Беларусь, былі рашучымі праціўнікамі АЭС. І што яны прыдумалі? Даволі хісткую рэч. Калі разглядаліся дзьве пляцоўкі пад станцыю ва ўсходняй Беларусі, яны напісалі самаму высокаму начальству ліст з прапановай — пабудаваць станцыю пад Астраўцом. Гэта звонку нагадвала даволі рызыкоўны эпатаж. Яны зыходзілі з таго, што калі пляцоўка пры мяжы з Расеяй, то і праект для рэалізацыі возьмуць, безумоўна, расейскі. А навошта нам яшчэ адна, няхай постчарнобыльская, станцыя?

Разьлік быў на што? Чаго яны дамагаліся? Як сказаў мне адзін з падпісантаў — што калі ставіць станцыю пры самай мяжы з Эўразьвязам, значыць — хочаш ці не — мусіш самую сучасную і бясьпечную. Што азначае — не расейскую. А, напрыклад, францускую або японскую, сказаў мне тады той чалавек. На гэта было спадзяваньне.

І раптам выклікаюць да начальства. Пісалі? Пісалі, пацьвярджаю. Але — ніякага спагнаньня. Проста ўдакладнілі, як выходзіла. А што было далей? Раптам становіцца вядома, што дзьве асноўныя пляцоўкі больш не разглядаюцца: АЭС быць пад Астраўцом. Але, ясна, безь ніякіх французаў ці японцаў. Хоць нельга сказаць, што мы любім іх больш за сваіх усходніх суседзяў. Мы іх ня ведаем. Мы ім давяраем зь іншай прычыны.

Будоўля БелАЭС, 2016 год
Будоўля БелАЭС, 2016 год

Якая краіна — такія АЭС?

Калі заходзіць мова пра такія надзвычай небясьпечныя рэчы, як атамная энэргетыка, пытаньне ставіцца шырэй: гэта — пытаньне даверу да краіны. Чаму мы схільныя ня надта давяраць расейскім тэхналёгіям, самім расейцам? Расея тэхналягічна адстае ад Захаду. У ёй маральна састарэлая база. (Быў і аб’ектыўны чыньнік — цяжкія 1990-я). І адрыў ад Захаду пасьля Крыму і Данбасу, пасьля санкцый, павялічваецца. А на што выдаткоўвае грошы «старэйшы брат»? На вайну ў Сырыі. А не на тое, каб зьменшыць сваё адставаньне.

Добра, мы не спрачаемся: расейцы на свае грошы будуюць пад Астраўцом станцыю паводле свайго новага праекту, а самі нават працягваюць «эканоміць» на саміх сабе. Як вядома, прэзыдэнт Пуцін сёлета абвясьціў пра запуск новага блёку на Растоўскай АЭС. Аднак ён збудаваны паводле распрацовак 1970-х. На ім адсутнічае «ловушка расплава» актыўнай зоны — важны сучасны элемэнт бясьпекі (а на Беларускай атамнай яна будзе), і нават ахоўная абалонка рэактара не падвойная, як на сучасных станцыях.

Уладзімер Пуцін на Растоўскай АЭС, 2010 год
Уладзімер Пуцін на Растоўскай АЭС, 2010 год

Між іншым, у гмаху суседняга — трэцяга блёку на Растоўскай летась здарыўся пажар. У мінулым жа годзе была аварыя на іншай атамнай — Белаярскай. У 2016-м — аварыйнае спыненьне аднаго з блёкаў Ленінградзкай, а таксама паважнае здарэньне на шостым блёку, «супэрновым і супэрбясьпечным», як яго рэклямуюць, збудаваным на Новаваронескай АЭС. Ён такі — першы ў сьвеце. Два яшчэ будуць усталяваныя пад Астраўцом. Хоць некаторым чыноўнікам іх ужо замала, пра чатыры загаварылі.

Я быў аднойчы ў Астраўцы ў інфармацыйным цэнтры будоўлі. Вядучы зь лёгкасьцю тлумачыў карцінку з выявай «ловушки расплава» — як усё бясьпечна мае скончыцца, калі нешта зьнянацку здарыцца з рэактарам — як здарылася некалі ў Чарнобылі. Ядзернае паліва праточыцца пад зямлю, як расплаўлены сьвінец, і там будзе надзейна ізалявана. Ён расказваў, а мне ўспаміналася, як некалі спрытна запэўнівалі карцінкай (якая была нават у школьным падручніку) — наколькі надзейна зробленыя савецкія АЭС: варта толькі апусьціць графітны стрыжань у рэактар у выпадку надзвычайнага здарэньня — і ланцуговая рэакцыя спыніцца. У Чарнобылі не спынілася. Хоць калі мы ў школе здавалі экзамэн, то нават радаваліся білету з АЭС і графітным стрыжнем — надта ж ясна і лягічна было патлумачана, што няцяжка запомніць.

«Яшчэ працаваць не пачала, а ўжо развальваецца. Што ж будзе, як дадуць чаду?» — Астравеччына пра сваю АЭС

Часам мне пачынае здавацца, што спакусіцца яшчэ на малаапрабаваны новы праект — гэта ўсё роўна што купляць ракеты ў КНДР. Якія невядома як лятаюць і дзе падаюць. Хоць яны ў яе ёсьць, пры гэтым «навюткія» і, верагодна, ня самыя дарагія — спакуса, як вядома, для ахвотных зэканоміць на бясьпецы.

У Расеі кожны дзень здарэньні

Ды што там небясьпечныя выпадкі на атамных электрастанцыях! Узяць дзеля паўнейшай карціны проста хроніку здарэньняў у Расеі за апошнія дні. Сышоў з рэек цягнік пад Новасыбірскам, у іншым месцы — пяць вагонаў, у наступным — дзесяць. Выбух на суднавэрфі ў Санкт-Пецярбургу, у Стаўрапольскім краі — у шматпавярховым доме, аварыя на нафтаправодзе ў Саратаўскай вобласьці. Абрушэньне сьценаў, столі — пастаянна. У цэнтры Казані ўпаў будаўнічы кран. Толькі за чатыры дні — з 11 красавіка да 14-га — крушэньне двух самалётаў і двух гелікоптэраў. А менш чым за тыдзень перад тым разьбіўся яшчэ адзін. Усе загінулі. Тут жа можна прыгадаць яшчэ, як у Пулкаве сеў самалёт зь няспраўным шасі, а ў найноўшага вайсковага СУ-27СМ адвалілася частка хваста — кепска прыкруцілі. Такая яна, як выглядае, — расейская надзейнасьць. Вядома, чым большая краіна, тым часьцейшыя здарэньні. Але хіба галоўная прычына ў гэтым?

Самалёт не ўпадзе?

Адна з самых маляўнічых карцінак — пасьля «ловушки расплава» або ўзгаданага графітнага стрыжня — безумоўна, выява самалёта над рэактарам. Раптам высьвятляецца, што абяцаньне, што падзеньне паветранага судна нічым не пагражае рэактару, — ня больш чым рэклямны трук. (Хіба што маленькі самалёцік!) Але навошта ён быў патрэбны? Хтосьці хіба чакаў такой карцінкі, спаць спакойна ня мог, ня ўбачыўшы яе? Значыць, прызначэньне такіх карцінак — зьменшыць трывогі і страхі, а па сутнасьці — увесьці ў зман. І дзеля абароны станцыі насамрэч спатрэбіцца цэлы зэнітна-ракетны полк, які апынецца пад Астраўцом у траўні.

Мне могуць сказаць: не журыся, у Расеі, як вядома, бардак, затое ў Беларусі жалезны парадак. Значыць, нічога на будучай АЭС здарыцца ня можа. Чаму? Калі ў Расеі здараецца. Мы будзем мець такую станцыю, іхнюю. Дык у чым могуць быць нашы дадатковыя гарантыі? На чым будзе трымацца «стопрацэнтная» бясьпека? На страху перад «бацькам»?

Тут пэрсанал будучай АЭС вучыцца сачыць за працай станцыі
Тут пэрсанал будучай АЭС вучыцца сачыць за працай станцыі

Мне даводзілася бываць на будоўлі Беларускай АЭС. Нам паказалі залю, дзе за вучэбным пультам пэрсанал навучаўся рэагаваць на няштатныя сытуацыі. Шчыра скажу: гэтыя людзі маглі выклікаць давер. Але ня ўсё, бывае, залежыць ад людзей.

Фантомна-чарнобыльскі боль

Пасьля катастрофы на ЧАЭС, у той час, калі я вучыўся пісаць прозу, мне заманулася ў кожным новым апавяданьні зьмяшчаць нейкую ўзгадку пра Чарнобыль. І што вы думаеце? Я зрабіў гэта толькі аднойчы. Чаму? Каб пазьбегчы штучнасьці? Не, хутчэй таму, што адчуў: трэба хаця б у апавяданьнях ня думаць пра Чарнобыль, які назаўсёды стаў нашым беларускім крыжам. А мы, як вядома, жылі пад пастаянным псыхалягічным прэсінгам: радыянукліды, забруджаныя тэрыторыі, заражанае малако, сачэньне за радыяцыйным фонам — па газэтных зводках, думкі набыць дазымэтар. Гэта была наша штодзённасьць. Трэба сказаць, даволі невясёлая, больш за тое — пэсымістычная. Што будзе з нашымі дзецьмі? — трывожна думалі мы.

Чарнобыльская траўма беларусаў для начальства нечакана аказалася пустым гукам. Вялікае расчараваньне! А ўсе іхнія разьлікі, тлумачэньні не выглядаюць пераканаўча, хутчэй наадварот, і лічбы ўвесь час мяняюцца. Досыць таксама ўзгадаць: пабудаваная адразу на недагаворках, на непатрэбнай у такіх справах зухавасьці — наша АЭС стане косткай у горле Эўропы! І ніякага пры гэтым рэфэрэндуму! А сёньня Лукашэнка раптам кажа, што яму «до сих пор никто внятно не доложил, как будет АЭС встроена в экономику». Пры гэтым ні для каго не сакрэт: каб ня ён, наўрад ці атамная «Беларуская» магла б паўстаць.

Адначасова нас пачалі пераконваць, што наша АЭС — важны праект «зялёнай эканомікі», што яна паспрыяе паляпшэньню экалягічнага становішча. І зусім не ўспамінаецца, што будоўля ў заражанай зоне дапамагла б зьменшыць засьмечанасьць навакольля радыянуклідамі, пра што гаварылі навукоўцы. На Краснапалянскай пляцоўцы ў Магілёўскай вобласьці радыяцыйны фон мог бы зьнізіцца на плошчы, якая перавышала б васемсот гектараў. Вось гэта і было б рэальным паляпшэньнем экалягічнай сытуацыі. Ну, а Астравецкі раён, як вядома, быў чыстай зонай...

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG