Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паступовы адкат». Упаўнаважаная Ўкраіны ў абароне дзяржаўнай мовы адрэагавала на расейскую ў школах


Ацыя ў падтрымку ўкраінскай мовы ў ліпені 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Ацыя ў падтрымку ўкраінскай мовы ў ліпені 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Упаўнаважаная Ўкраіны ў абароне дзяржаўнай мовы Алена Іваноўская заявіла аб неабходнасьці стварэньня «дарожнай мапы», якая дазволіць паступова вырашыць праблему выкарыстаньня расейскай мовы ў адукацыйных установах і грамадзкай прасторы.

«Сапраўды, моўная палітыка — гэта праблема дэкалянізацыі. Калі мы можам зьмяніць назву вуліцы і гэта ўжо зроблена, то бок мы бачым выразна, як працуе пераадольваньне гэтых рэшткаў каляніяльнага мінулага, — з мовай тут працэсы нашмат больш складаныя. І гэтымі пытаньнямі патрэбна займацца сыстэмна», — сказала Алена Іваноўская ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.

У пачатку лістападу ва Ўкраіне абнародавалі вынікі маніторынгавага дасьледаваньня, якія паказалі, што ў Кіеве, паводле словаў вучняў, 24% настаўнікаў на занятках і 40% на перапынках парушаюць моўны закон — карыстаюцца недзяржаўнай мовай. Сярэдні паказьнік ва Ўкраіне складае 14% і 21% адпаведна.

У апытаньні выявілася, што і самыя вучні парушаюць моўны закон — 66% гавораць па-расейску на занятках, 82% — на перапынках (ва Ўкраіне ў цэлым гэтыя лічбы істотна адрозьніваюцца: на занятках — 40%, на перапынках — 52%).

Алена Іваноўская ў часе інтэрвію Свабодзе
Алена Іваноўская ў часе інтэрвію Свабодзе

«Мяркую, што нам на гэты момант, вядома ж, ня трэба пасыпаць галаву попелам, а трэба думаць, як з гэтым быць і намаляваць дарожную мапу паэтапна, як рухацца, каб гэтую праблему паступова, але з навуковым такім абгрунтаваньнем, як яе вырашаць. Таму што, урэшце рэшт, моўную палітыку фармуюць розныя галіны ўлады, і, у тым ліку, інфармацыйныя», — дадала яна.

Алена Іваноўская адзначыла, што Кіеў, як сталіца Ўкраіны, найбольш знаходзілася пад прыцэлам калянізатараў, дзе найбольш працавалі агенты ўплыву. «Тры стагодзьдзі, а можа і больш Расейская імпэрыя праводзіла сваю каляніяльную палітыку, палітыку экспансіі, якая арыентавалася на дэнацыяналізацыю этнасаў, якіх яна заваёўвала», — сказала Ўпаўнаважаная ў абароне дзяржаўнай мовы.

Моўны амбудсмэн мяркуе, што пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе быў высокі ўзровень самаўкраінізацыі, калі людзі, каб аддзяліць сябе ад ворага, пачыналі перахадзіць на ўкраінскую мову.

«Цяпер мы бачым, як адбываецца паступовы адкат, і тут нам, украінцам неабходна, па-першае, запускаць нейкага такога ўнутранага матыватара. Гэта павінен рабіць кожны з нас, і тым больш тыя людзі, якія адказныя за сваіх дзяцей. І пастаянна, так сказаць, матываваць сябе: „Я — украінец, гэта мая мова, гэта мая абарона, гэта мая зброя“», — дадала яна.

У той жа час, паводле яе, дзяржава павінна ня толькі кантраляваць выкананьне моўнага заканадаўства, а найперш — стварыць умовы і потым пракантраляваць, як яны выконваюцца.

Алена Іваноўская таксама выказалася за неабходнасьць блякаваньня Telegram-мэсэнджэра.

«Гэта неабходна зрабіць. Сапраўды, калі мы стратэгі, калі мы думаем пра заўтра і пра Ўкраіну ўкраінскую, у прынцыпе іншай ня будзе. Або будзе проста названая тэрыторыя, як і называецца, але тут Украіны ня будзе, калі мы не пачнем паступова перакрываць вось гэтыя каналы распаўсюду варожых наратываў, варожай прапаганды».

Упаўнаважаная Ўкраіны ў абароне дзяржаўнай мова адзначыла эфэктыўнасьць першых мераў, якія зрабілі ў падтрымку ўкраінамоўнай прасторы, калі закрылі расейскія сацыяльныя сеткі і пачалі ўводзіць квоты на расейскую музыку.

«Гэтыя этапы мы прайшлі. Сёньня ўжо ніхто і не згадвае пра гэта. Калі мы атрымаем такі інструмэнт — тут тэхнічны інструмэнт важна атрымаць, бо шмат хто кажа, што гэта нерэальна і немагчыма. Але я думаю, што хутчэй гэта палітычнае пытаньне, і мы да гэтага павінны імкнуцца і гэтага патрабаваць», — перакананая Алена Іваноўская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG