Вырашылі без рэфэрэндуму, без шырокага абмеркаваньня, хаця часам рашэньні такога кшталту прымаюцца без плебісцыту і ў дэмакратычных краінах: выйгрыш у таннай энэргіі відавочны, у тэхнічных тонкасьцях разьбіраюцца адно спэцыялісты, а рызыку ня могуць ацаніць і яны – катастрофа кшталту Чарнобыльскай была адзін раз, станцыяў сотні. Рване ці не рване – хто ведае, тэарэтычны шанец у любым выпадку застаецца.
Але самая хада сёньняшняга паседжаньня стварае ўражаньне, што пра палітычнае рашэньне заяўлена таму, што ў праблемы ёсьць яшчэ шмат падводных, хаця можа і не такіх, на першы погляд, значных і палітычных, камянёў.
Вырашылі, што АЭС будуем. Але паводле якога праекту, расейскага, францускага, японскага – пакуль ня вырашылі. Гэта як наконт аб’яднаньня з Расеяй – “палітычнае рашэньне” існуе даўно, але наконт таго “як?” увесь час узьнікалі розныя пярэчаньні і праблемы, так што ў рэшце рэшт гэты праект адклалі ў даўгую скрыню. Што і да лепшага. І з АЭС можа адбыцца тое самае.
У чым палягаюць гэтыя праблемы – адказ могуць даць, відаць, толькі адмыслоўцы. Але на паверхні – лічба, агучаная міністрам фінансаў Мікалаем Корбутам – 4 мільярды даляраў . Сума вельмі немалая, увесь ВУП Беларусі за 2007 год – 44 мільярды даляраў. Лукашэнка сёньня дэманстраваў аптымізм, кажучы, што, маўляў, стаіць чарга, каб даць грошы Беларусі пад гэтую справу. Часткова ён мае рацыю – тое ж МАГАТЭ зацікаўлена ў пашырэньні ядзернай энэргетыкі, але, як часта бывае, калі дойдзе да справы, то гара грошай, якую гатовыя даць Беларусі, акажацца не такой вялізнай, і грошы давядзецца браць вядома дзе – з кішэні беларусаў.
Можа АЭС і добрая справа, але дабрыня яе скажацца празь некалькі гадоў, а выдаткі давядзецца рабіць сёньня. Відавочная і палітычная рызыка: леташняя інфляцыя і скасаваньне ільготаў папулярнасьці ўладзе не дадалі, а адносна АЭС грамадзкая думка, як мінімум, неадназначная.
Так што сёньняшняя заява пра “канчатковае палітычнае рашэньне”, магчыма, заклікана прыхаваць тое, што звычайнае рашэньне яшчэ не прынятае.