Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргетыка: Эфэктыўнасьць шляхоў выхаду з крызысу


Ці забясьпечаная энэргетычная бясьпека Беларусі з улікам пераходу на больш жорсткія рынкавыя адносіны з Расеяй


Ці можна лічыць панацэяй пераход на альтэрнатыўныя віды паліва, а таксама рашэньне збудаваць у Беларусі атамную электрастанцыю? Ці мае плён прэзыдэнцкая Дырэктыва “Аб эканоміі і беражлівасьці”? Ці шмат трапіць у Беларусь “альтэрнатыўнай” (то бок нерасейскай) нафты з Вэнэсуэлы ды Ірану?


У выніковай “Экспэртызе Свабоды”, прысьвечанай пытаньням энэргетычнай бясьпекі, на гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць навуковец, кандыдат тэхнічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік НДІ прыкладных фізычных праблемаў Алесь Клышка і эканаміст, адзін з аўтараў iдэi Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару Станiслаў Гусак, якi 30 гадоў адпрацаваў у беларускай энэргетыцы.

Карней: “Для кожнай дзяржавы стратэгічным бывае пытаньне энэргетычнай бясьпекі, на якім, уласна кажучы, грунтуюцца ўсе іншыя кампанэнты — ад элемэнтарнага абагрэву жыльля грамадзянаў да бесьперабойнай працы прамысловых аб’ектаў. З улікам пераходу на больш жорсткія рынкавыя адносіны з Расеяй, асноўным энэргетычным донарам Беларусі, ці забясьпечаная энэргетычная бясьпека краіны? Прынамсі нейкіх правалаў на гэтым фронце пакуль не відаць. Калі ласка Алесь Клышка, як вам падаецца сытуацыя ў гэтай галіне?”

Альтэрнатыва прыроднаму газу — сьвіны біягаз

Клышка: “Энэргетычная бясьпека — гэта тое ж самае, што палітычная, эканамічная, сацыяльная бясьпека. Яны стаяць у адным шэрагу, бо з энэргетыкі пачынаецца ўсё — і машынабудаваньне, і харчовая прамысловасьць, і сацыяльнае жыцьцё. Насьцярожвае адна лічба: у Беларусі на адзінку вырабленай прадукцыі ідзе энэргіі больш у 5—7 разоў, чым у сярэднім па заходніх краінах Эўропы. Пра што гэта сьведчыць? Ёсьць вялікія рэзэрвы, каб зьніжаць выдаткі энэргіі на адзінку прадукцыі. Гэта новыя тэхналёгіі, гэта выкарыстаньне новых матэрыялаў. І ўрэшце — трэба больш зьвяртаць увагі на навуковыя распрацоўкі”.

Карней: ”Станіслаў Рыгоравіч, хацелася б пачуць ваша меркаваньне з гэтай нагоды…”

Гусак: “Калі правалаў у энэргазабесьпячэньні сёньня няма, дык гэта ня сьведчыць пра тое, што ў Беларусі вырашанае пытаньне энэргетычнай незалежнасьці. Якраз гэтай энэргетычнай незалежнасьці ад нашага ўсходняга пастаўшчыка пакуль няма. І, на жаль, на бліжэйшы час пакуль такая пэрспэктыва і не праглядаецца. Справа ў тым, што 90% паліва Беларусь атрымлівае з Расеі. І сёньня трэба вырашыць, каб гэты працэнт быў не 90, а толькі 30. Тады можна будзе казаць, што наша Беларусь мае энэргетычную незалежнасьць — ці ад Расеі, ці ад любога іншага пастаўшчыка”.

Карней: “Я ведаю, што вы, спадар Клышка, прыхільнік той ідэі, што пераход на альтэрнатыўныя віды паліва, да чаго заклікае кіраўніцтва краіны і ўжо нават дзейнічае адпаведная ўрадавая праграма пераходу на мясцовыя віды паліва, наўрад ці выратуе агульную сытуацыю. Вы робіце напор на энэргазьберажэньне. Што маецца на ўвазе перш за ўсё — укараненьне новых тэхналёгій, адмова ад не заўсёды апраўданых вытворчых магутнасьцяў?

Клышка: “Прывяду адзін прыклад — ветраэнэргетыка. На сёньняшні дзень у Рэспубліцы Беларусь працуюць толькі дзьве ўстаноўкі. Яны стаяць у раёне возера Нарач, на 250 і на 600 кіляват. У той жа час шмат у якіх краінах Заходняй Эўропы з крыніцаў ветраэнэргетыкі паступае ў агульную скарбонку ўжо 10—15% энэргіі. Сёньня ёсьць распрацоўкі ветраэнэргетыкі да 2,5 мэгават, тэрмін іх акупнасьці досыць невялікі — 5 гадоў.

Такі ж кірунак, я лічу, і ў галіне выкарыстаньня біягазу. У нас шмат сьвінакомплексаў, птушкафабрыкі, жывёлагадоўля. Дзьве такія ўстаноўкі на сёньня працуюць у Берасьці на сьвінакомплексе і ў Заслаўі. Гэта, па-першае, рашэньне праблемаў экалёгіі, утылізацыі ўгнаеньняў, рашэньне праблемы па выкарыстаньні таго матэрыялу, які ляжыць, як той казаў, пад нагамі”.

Карней: “Спадар Гусак, а як вы ставіцеся да ідэі пераарыентацыі на альтэрнатыўную энэргетыку?”

Расея “падсаджвае” на іголку ўсю Эўропу

Гусак: “Гэта не панацэя, але гэта можа быць і пяць, і шэсьць працэнтаў у агульным вымярэньні. Усё залежыць ад таго, наколькі гэта можа быць маштабна. І гэта тычыцца ня толькі стружкі, пілаваньня, торфу. Ёсьць алеі, якія цяпер усё шырэй ужываюцца замест дызпаліва. І вось у гэтым, я лічу, вялікая надзея для Беларусі”.

Карней: “2007 год стаў вырашальным у спрэчцы, будаваць ці не будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю. На самым вышэйшым узроўні вырашана: будаваць! Галоўным аргумэнтам — тая ж энэргетычная бясьпека, эканомія 5 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу, які зараз Беларусь набывае ў Расеі. Спадар Гусак, як вы ставіцеся да ідэі будаваць АЭС у Беларусі?”


Гусак: “Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, зразумела, можа гэта і ня лепшы варыянт для Беларусі. Асабліва калі ўлічыць наступствы, якія даводзіцца перажываць пасьля Чарнобылю, і ўсё, што здарылася потым з нашым народам. Але ж! Нават тыя дзяржавы, якія прыпынілі пабудову атамных электрастанцыяў (да прыкладу — Італія), зноў вярнуліся да гэтай тэмы. Уся Эўропа сёньня падсела на расейскую “іголку”.

Відавочна, што Расея назірае, як усё глыбей і глыбей заглытвае гэты кручок Эўропа, і пачынае дыктаваць нейкія свае палітычныя ўмовы адносінаў зь дзяржавамі — як з памежнымі, зь Беларусьсю, так і зь іншымі. Таму ядравая электрастанцыя павінна будавацца, але ж будаваць АЭС трэба такім чынам, каб нам зноў не давялося атрымліваць паліва для гэтай станцыі з Расеі. Ядравы рэактар трэба будаваць, і трэба, каб гэта быў аналяг францускаму, швэйцарскаму, амэрыканскаму. Але ні ў якім выпадку не расейскі. Бо калі пабудаваць расейскі рэактар на гэтай АЭС, то тады зноў усё паліва будзе ісьці з Расеі. І незалежнасьці ад гэтага Беларусі ніяк не дадасца”.

Карней: “Спадар Клышка, на ваш погляд, АЭС можа гарантаваць энэргетычную бясьпеку краіны?”

Клышка: “Сёньня ў дзяржаве нібыта канчаткова прынялі рашэньне будаваць атамную электрастанцыю. Насьцярожвае тое, што такія краіны, як, прыкладам, Швэцыя, ужо не будуюць АЭС. Калі меркаваць паводле сёньняшніх плянаў, то, відаць, мы будзем выкарыстоўваць патэнцыял Расеі і з адных абдымкаў — “Газпрому” — патрапім у іншыя, у абдымкі лобі атамнай энэргетыкі.

Вось некалькі лічбаў: адзін кіляват ветраэнэргетыкі на сёньняшні дзень абыходзіцца ў сярэднім у 1 000 эўра. Гэта калі браць капітальныя выдаткі на стварэньне гэтай тэхналёгіі. У той жа час на атамнай энэргетыцы гэты паказьнік — 2 500 эўра, што непараўнальна больш. І ў той жа час акупнасьць установак ветраэнэргетыкі — 1 год. А атамнай, ад тэрміну запуску і пакуль яна не пачне даваць станоўчы выхад у плюс, — гэта сама менш 4—5 гадоў”.

Энэргія Вэнэсуэлы адрозная ад іранскай

Карней: “Ужо анансаваныя праекты супрацоўніцтва ў энэргетычнай галіне з рознымі краінамі. Сярод асноўных партнэраў ужо называюцца Вэнэсуэла, Іран, Азэрбайджан, якія або дазволяць здабываць нафту на сваіх радовішчах, або нават, абмяркоўваюцца такія магчымасьці, арганізуюць танкерныя пастаўкі “чорнага золата” ў прыбалтыйскія парты. Наколькі глыбока эканамічна пралічаныя такія праекты? Калі ласка, спадар Гусак”.

Гусак: “Адразу трэба адзначыць, што Вэнэсуэла і Іран — гэта розныя праекты. І я думаю, што тыя намаганьні, якія ёсьць у Вэнэсуэле, яны для Беларусі карысныя. Калі гэта эканамічна апраўдана, то гэтым трэба займацца і гэта трэба рабіць. Што да Ірану, то зразумела, што з Іранам трэба мець эканамічныя адносіны, але гэтае эканамічнае супрацоўніцтва не павінна ісьці насуперак тым захадам, якія распрацоўвае супраць Ірану ААН. Калі намаганьні Беларусі і намаганьні ААН будуць у адным напрамку, то гэта трэба рабіць. Але калі гэта будзе супрацьпастаўленьне, то будзе дрэнна”.

Карней: “Спадар Клышка, якія ў вас меркаваньні пра такое міжнароднае супрацоўніцтва?”

Клышка: “Трэба выкарыстоўваць усе магчымыя захады дзеля таго, каб вырашыць энэргетычныя праблемы Беларусі. На сёньняшні дзень мы ў адным чаўне, і гэта праблемы ня толькі кіраўніцтва, а ўсіх грамадзянаў. Бо наступствы мы будзем падзяляць усе разам. Што да згаданых вамі краінаў, то крок гэты станоўчы. Няхай ён ня вырашыць цалкам праблемы, але пэўны крок будзе зроблены. Урэшце, мне падаецца, што трэба падобныя варыянты шукаць паўсюль”.

Карней: “А вось ці магчыма, на ваш погляд, разьлічваць на станоўчы эфэкт ад прэзыдэнцкай Дырэктывы пра эканомію і беражлівасьць? Гэта эфэктыўны дакумэнт? Спадар Гусак?”

Гусак: “Трэба сказаць, што пры нашых тэхналёгіях у будаўніцтве, калі вырабляць, напрыклад, цэмэнт, затраты энэргіі ў тры разы большыя, чым на Захадзе. Таму тут ёсьць над чым працаваць, і тэхналёгіямі, якія зьберагаюць энэргію, трэба займацца. Трэба распрацоўваць такія тэхналёгіі, якія б зьнізілі спажываньне электрычнай энэргіі або дызэльнага паліва і г.д. Таму, калі ў гэтым напрамку працаваць, то гэта дасьць плён. Сёньня, на жаль, гэтым сур’ёзна займаецца вельмі мала людзей”.

Клышка: “Вы ведаеце, што ў нас праходзіў І зьезд навукоўцаў Беларусі, а перад гэтым быў рэспубліканскі сэмінар у пытаньнях энэргазьберажэньня. У мяне было пяць кірункаў паведамленьняў — энэргазьберажэньне, беспаветранае распыленьне, пошук матэрыялаў на замену вуглевадароднай сыравіны, ультрагукавая апрацоўка матэрыялаў. І пасьля гэтага сэмінару, калі я сустракаўся з тымі спэцыялістамі, ад якіх залежала — прымаць ці не прымаць тую ці іншую распрацоўку, я кіраваўся гэтым дакумэнтам. Але ўзьнікала іншае пытаньне — няўжо дагэтуль нельга было самому паклапаціцца аб тым, што там было надрукавана?”

Калі Ўкраіна выжыве, Беларусі баяцца няма чаго

Карней: “Газпром” аб’явіў, што кошт газу для Беларусі ў наступным годзе складзе больш як 160 даляраў за тысячу кубамэтраў. Беларускі бок спадзяецца, што гэтая лічба не перавысіць 119 даляраў. Цалкам натуральна, што будзе даражэць і нафта. Ува што гэтыя лічбы могуць выліцца як для прамысловага сэктару краіны, так і для шараговых грамадзянаў? Калі казаць зразумелай мовай, то чаго чакаць людзям? На колькі хопіць рэзэрваў дзяржавы? Станіслаў Рыгоравіч, як вы мяркуеце?”

Гусак: “Я вось толькі прыехаў з Украіны, там таксама я гэтае пытаньне не адзін раз чуў. Тэхналёгіі Ўкраіны ня вельмі адрозьніваюцца ад тэхналёгій, якія існуюць у Беларусі. Я думаю, што яны збольшага аднолькавыя па цэлым шэрагу галін прамысловасьці. І вось Украіна абвясьціла: калі тысяча кубоў газу будзе каштаваць 180 даляраў, то гэта нармальна для ўкраінскай прамысловасьці. А ўжо калі болей, то тады гэта робіцца нерэнтабэльным, ня будзе прыбытку. Асабліва для такіх заводаў, як “Азот”, дзе газ ідзе не як паліва, а як сыравіна, каб вырабляць нейкую прадукцыю.

Для беларускай эканомікі гэта не сьмяротна. Лічу, што ў нас той жа ўзровень эканомікі, што і ва Ўкраіне. Таму трэба глядзець: што яны там здолеюць прайсьці — тое і мы таксама зможам. І мне падаецца, што мы да гэтага таксама прыйдзем, бо не бывае, каб адной дзяржаве прадавалі па адной цане, а другой па іншай. Плата за нашу незалежнасьць, за нашу энэргетычную бясьпеку і ёсьць вось гэты кошт на газ, тое, што заявіла Расея”.

Клышка: “Трэба цьвяроза глядзець на сытуацыю: мы ўсе ў адным чаўне. Нельга сказаць, што хтосьці патоне, а хтосьці выплыве. Спадабаецца гэта каму ці не, давядзецца падзяляць вось гэтыя наступствы, гэтыя праблемы на ўсіх. Я думаю, безумоўна, гэта адаб’ецца на кожнай сям’і.

Трэба быць рэалістамі: гэты пэрыяд у свой час перажылі прыбалтыйскія краіны, перажылі яго закаўкаскія краіны, гэта ж у свой час пагражала Ўкраіне. Нікуды ня дзецца: на сёньняшні дзень мы залежым ад “Газпрому”, ад Расеі па шмат якіх паказьніках. І я думаю, што трэба рабіць усе захады, каб зьменшыць гэтую залежнасьць. Бо гэтая залежнасьць — пагроза нашай дзяржаўнай незалежнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG