Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША зьвяртае ўвагу на гвалт у сем’ях у Беларусі


Валер Каліноўскі, Прага У справаздачы Дзярждэпартамэнта ЗША аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі асобны разьдзел прысьвечаны ўціску і парушэньню правоў жанчын.

Гвалт у сям’і – прыхаваная праблема

Складальнікі справаздачы зьвяртаюць увагу на хатні гвалт, кепскае абыходжаньне з жанчынамі ў сем’ях, што ў беларускіх умовах зьяўляецца істотнай, але дагэтуль прыхаванай праблемай. Улады надаюць ёй мала ўвагі, Крымінальны кодэкс ня ўтрымлівае адпаведнага артыкулу.

Летась за 8 месяцаў у Беларусі было заведзена каля 3000 крымінальных спраў за зьбіцьцё, катаваньні і забойствы ў беларускіх сем’ях. За гэты ж час было асуджана 295 чалавек за гвалт у адносінах да жанчын, зь іх 33 – у адносінах да цяжарных жанчын.

Аднак самі беларускія жанчыны неахвотна прызнаюцца міліцыі пра гвалт з боку сваіх сужэнцаў, а цэнтраў ананімнай дапамогі вельмі мала, яны існуюць пераважна ў Менску і ня маюць патрэбнага фінансаваньня з боку ўладаў. Акрамя таго аўтары справаздачы Дзярждэпартамэнту зазначаюць, што ў Беларусі ня лічыцца крыміналам згвалтаваньне ў сям’і.

Прастытуцыя і сэксуальная эксплюатацыя

Беларускі закон забараняе прастытуцыю, але пакараньні за гэтае злачынства звычайна вельмі малыя – пераважна невялікі штраф, тым часам прастытуцыя пашыраецца па-за межамі сталіцы, у тым ліку ў дзяржаўных гатэлях.

Сур’ёзнай праблемай зьяўляецца вываз жанчын і дзяўчат для сэксуальнай эксплюатацыі за мяжу. Паводле МУС Беларусі, за 10 месяцаў мінулага году было зафіксавана 518 такіх выпадкаў, зарэгістравана 463 ахвяры гэтага злачыннага бізнэсу, зь іх 55 – няпоўнагадовых.

67 % беспрацоўных – жанчыны

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту, жанчыны ў Беларусі маюць меней магчымасьцяў для кар’ернага росту, яны часьцей церпяць ад беспрацоўя. Каля 67 адсоткаў беларускіх беспрацоўных складаюць менавіта жанчыны. Наймальнікі ў Беларусі неахвотна бяруць на працу жанчын зь дзецьмі, – канстатуюць складальнікі справаздачы Дзярждэпартамэнта аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі.

Гл. таксама:

Апытаньне ў Менску: “Ці дыскрымінуюць у Беларусі жанчын?” Ці існуе дыскрымінацыя жанчын у Беларусі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG