Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі атрымаў ад прадстаўнікоў ЗША праект «мірнага пляну» і хоча абмеркаваць яго з Трампам

абноўлена

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі афіцыйна атрымаў ад прадстаўнікоў ЗША «праект пляну, які, паводле ацэнкі амэрыканскага боку, можа актывізаваць дыпляматыю».

«Прэзыдэнт Украіны вызначыў прынцыповыя асновы, важныя для нашага народу, і па выніках сёньняшняй сустрэчы дамовіліся працаваць над пунктамі пляну так, каб гэта прывяло да годнага завяршэньня вайны», — адзначаецца ў паведамленьні Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Адзначаецца, што Ўкраіна з пачатку гэтага году падтрымлівала прапановы прэзыдэнта Дональда Трампа. «Гатовыя і цяпер канструктыўна працаваць з амэрыканскім бокам і нашымі партнэрамі ў Эўропе і сьвеце, каб вынікам стаў мір», — падкрэсьлілі ў Офісе Ўладзіміра Зяленскага.

Згодна зь інфармацыяй, Уладзімір Зяленскі разьлічвае неўзабаве абмеркаваць з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам «наяўныя дыпляматычныя магчымасьці і асноўныя пункты, якія патрэбныя для міру».

Пазьней паведамілі, што Ўладзімір Зяленскі сустрэўся зь міністрам Сухапутных войскаў Узброеных сіл ЗША Дэніэлам Дрыскал.

Перад гэтым шэраг СМІ паведамілі, што новы праект прапановы ЗША спыніць вайну ва Ўкраіне заклікае Кіеў адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі і часткі сваёй зброі. Прапановы ЗША таксама ўключаюць скарачэньне Ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў.

Акрамя таго, прапаноўваецца не дапускаць замежныя войскі на ўкраінскую тэрыторыю і больш не перадаваць Кіеву зброю далёкага радыюсу дзеяньня. Прапановы, падрабязна апісаныя The Financial Times і Reuters, у значнай ступені адпавядаюць жорсткім патрабаваньням, якія Расея выстаўляла з пачатку гэтага году, калі прэзыдэнт Дональд Трамп вырашыў пачаць простыя перамовы з Масквой аб вайне ва Ўкраіне.

Гэтыя прапановы патэнцыйна ставяць Зяленскага ў цяжкае становішча. На полі бою ўкраінскія войскі зь цяжкасьцю стрымліваюць большую і лепш забясьпечаную расейскую армію нават у той час, калі маскоўскія войскі нясуць надзвычайныя страты. Расея набліжаецца да ключавога гораду Пакроўску, гэта частка заяўленай Пуціным мэты кантраляваць увесь усходні Данбас. Расея бамбіць гарады Ўкраіны і яе энэргетычную інфраструктуру перад зімой, імкнучыся дэмаралізаваць і без таго зьнясіленых украінцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG