Урад Літвы на пасяджэньні ў сераду прыняў рашэньне адкрыць раней заплянаванага тэрміну два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, закрытыя ў канцы кастрычніка. Памежныя пункты маюць быць адкрытыя з заўтрашняга дня, паведамляе Delfi.lt.
Мяжу закрывалі праз інцыдэнты з паветранымі балёнамі, якія масава прыляталі з боку Беларусі, пагражалі авіяцыі і грамадзкай бясьпецы Літвы.
«Улічваючы рашэньні, прынятыя Камісіяй нацыянальнай бясьпекі 18 лістапада сёлета аб тым, што абставіны зьмяніліся і абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы, устаноўленыя 29 кастрычніка 2025 году, больш не патрэбныя, дзеля запэўненьня ўнутранай бясьпекі мэтазгодна скасаваць абмежаваньні, устаноўленыя вышэйзгаданай пастановай», — заявіў міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч на пасяджэньні ўраду.
Прэмʼер-міністарка Інга Ругінене ўчора заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» з боку Беларусі.
Пасьля таго, як 17 лістапада Польшча адкрыла два свае памежныя пераходы з Беларусьсю, у аўторак адбыліся тэхнічныя перамовы паміж літоўскімі і беларускімі памежнікамі па пытаньнях вяртаньня ў Літву больш за 1000 грузавікоў, забляканых у Беларусі, кантрабанды цыгарэт і праблем з мігрантамі.
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас па выніках перамоваў заявіў, што на сустрэчы Беларусь заявіла пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва. Літоўскія памежнікі заклікалі сваіх беларускіх калег спыніць кантрабанду і вызваліць літоўскія грузавікі, заблякаваныя ў Беларусі.
Сустрэча памежнікаў Літвы і Беларусі адбылася 18 лістапада на закрытым памежным пераходзе Лаварышкі на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных ведамстваў — Данатаса Шкарнуліса і Рамана Подлінева.
Як паведаміла Літоўская служба аховы мяжы, беларускаму боку перадалі пазыцыю Літвы і заклікалі вырашыць найбольш актуальныя на сёньня праблемы.
- Спыніць кантрабанду паветранымі балёнамі, якая пагражае авіяцыі і грамадзкай бясьпецы.
- Вырашыць пытаньне вяртаньня літоўскіх грузавікоў і не спаганяць за іхную стаянку непрапарцыйныя грошы.
- Спыніць нелегальную міграцыю зь Беларусі ня толькі ў Літву, але і ўва ўсім рэгіёне.
Беларускія памежнікі ў сваю чаргу пацьвердзілі гатоўнасць да сумеснай працы ў выпадку аднаўленьня паўнацэннага і канструктыўнага дыялёгу.
Раней літоўскія памежнікі паведамілі, што за мінулыя содні нелегальна перасячы беларуска-літоўскую мяжу не спрабаваў ніводзін мігрант. Пры тым, што сёлета такіх спробаў было 1546.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене ўчора заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.