Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Польшчы патлумачылі, чаму адкрылі два пераходы на мяжы зь Беларусьсю


Адзін з адкрытых 14 лістапада пераходаў на мяжы зь Беларусьсю -- у Баброўніках
Адзін з адкрытых 14 лістапада пераходаў на мяжы зь Беларусьсю -- у Баброўніках

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падкрэсьліла, што рашэньне адкрыць 17 лістапада два памежныя пераходы з Беларусьсю стала магчымым дзякуючы ўшчыльненью аховы мяжы, на якой рабіліся масавыя спробы незаконнага трапляньня ў Польшчу.

Рашэньне было прынята, сярод іншага, пасьля кансультацый з мясцовымі ўладамі і прадпрымальнікамі з Падляскага ваяводзтва, якія даўно патрабуюць адкрыцьця хаця б аднаго аўтамабільнага памежнага пераходу ў рэгіёне, піша агенцтва ПАП.

«Калі мяжа застаецца шчыльнай, калі польская дзяржава будзе ведаць, што яна ў бясьпецы, мы адкрываем гэтыя два пераходы», — сказаў падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Баброўніках. Ён падкрэсьліў, што падчас закрыцьця абодвух пераходаў «падляскія прадпрымальнікі трацілі свае даходы і сродкі да існаваньня».

Ён адзначыў, што Падляскае ваяводзтва — гэта, з аднаго боку, сельскагаспадарчы рэгіён, але з іншага боку, рэгіён, у якім трансмежны і прымежны гандаль адыгрываў і працягвае адыгрываць фундамэнтальную ролю.

«Скасаваньне гэтага ў 2021 і 2023 гадах проста прывяла да заняпаду адной з галоўных частак эканомікі — прадпрымальніцкай эканомікі ў нашым рэгіёне», — сказаў Бжазоўскі.

Ён нагадаў, што дзяржава выплачвала кампэнсацыю прадпрымальнікам, але толькі тым, хто знаходзіўся ў муніцыпалітэтах, дзе знаходзяцца памежныя пераходы, якія ў той час былі зачыненыя, але прызнаў, што прадпрыемствы па ўсім рэгіёне панесьлі «гіганцкія страты» з-за адсутнасьці трансмежнага руху.

«У рэшце рэшт, гэта гатэльная індустрыя, рэстаранная індустрыя і транспартная галіна. Гэта шмат розных элемэнтаў, якія складаюць адно цэлае», — сказаў ваявода.

Ён пажадаў прадпрымальнікам у рэгіёне, як ён сказаў, шмат працы.

«Аднавіце свае актывы. Вярніце да нармальнасьці тое, што ў вас атрымліваецца лепш за ўсё. Аднавіце свой бізнэс, як вялікі, так і малы», — сказаў ён.

Ён падкрэсьліў, што гэта «гістарычны момант для рэгіёна».

Намесьнік кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА) Зьбігнеў Ставіцкі таксама заявіў, што закрыцьцё дарожных пераходаў з Беларусьсю ў Падляскім ваяводзтве было асабліва цяжкім для прадпрыемстваў і жыхароў, чый бізнэс быў зьвязаны з мяжой.

Ён нагадаў, што рашэньне аб закрыцьці пераходаў было прынята з меркаваньняў бясьпекі, але падкрэсьліў, што дзяржаўныя чыноўнікі, адказныя за канкрэтныя сфэры жыцьця ў краіне, павінны таксама ўлічваць «інтарэсы, зьвязаныя з паўсядзённым жыцьцём жыхароў».

«Моцная, эфэктыўная дзяржава павінна кіраваць, падтрымліваючы магчымасьць нармальнага, эфэктыўнага функцыянаваньня памежных рэгіёнаў», — сказаў Ставіцкі.

Эфэкты адкрыцьця двух пунктаў пропуску на мяжы ў Беларусі будуць бачныя ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Пра гэта ў эфіры TVPinfo заявіў намесьнік міністра замежных спраў Марцін Басацкі.

«Эфэкты гэтага жэсту, відавочна жэсту, які зьяўляецца добрым, але не для беларускага рэжыму, а для тысяч, сотняў тысяч людзей, якія будуць карыстацца гэтымі двума памежнымі пераходамі, палякаў і польскіх бізнэсаў, эфэкты гэтага жэсту ўбачым у бліжэйшыя тыдні, а можа быць месяцы.

Цалкам упэўнены, што гаспадарчыя наступствы для гэтага рэгіёна, для Падляшша будуць значнымі. Гэта ўжо вядома зараз. Ці атрымаецца разам з тым дыпляматычнымі дзеяньнямі, дарэчы, ня толькі польскімі, зрабіць так, каб быў і значны палітычны эфэкт, паглядзім. Польская дыпляматыя і польская дзяржава ўвесь час над гэтым працуюць», — дадаў намесьнік міністра.

Вядучы праграмы спытаў, ці разьлічвае польскі бок на вызваленьне палітвязьня Анджэя Пачобута. Намесьнік міністра адказаў:

«Прашу прабачыць, але перамовы, якія ідуць паміж структурамі польскай дзяржавы, у тым ліку з удзелам дыпляматыі, з, назавем гэты так, другім бокам, пакуль павінны заставацца ў таямніцы, але, як я казаў, спадзяюся, што вынікі будуць», — сказаў Басацкі, якога цытуе Reform.news.

Два пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая-Брузгі і Баброўнікі-Бераставіца адкрыліся а 2:00 17 лістапада пасьля некалькіх гадоў спыненьня іх дзейнасьці пасьля пачатку мігранцкага крызісу на мяжы Беларус і Польшчы ў 2021 годзе і выраку польскаму актывісту і журналісту Анджэю Пачобуту.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG