За прызначэньне Юліі Сьвірыдзенкі прэм’єр-міністрам Украіны прагаласавалі 262 дэпутаты.
Ужо традыцыйна фракцыя Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» не галасавала па гэтым пытаньні.
«Мы не нясем адказнасьці за кадравыя рашэньні гэтай улады», — паведаміла прадстаўніца гэтай фракцыі Ірына Герашчанка.
Пасьля зацьвярджэньня на пасадзе прэм’ера Юлія Сьвірыдзенка прадставіла парлямэнту склад свайго ўраду. У ім будуць працаваць 12 чалавек зь мінулага Кабінэту міністраў.
Некаторыя зь іх ачоляць іншыя міністэрствы:
Міхайла Фёдараў — першы віцэ-прэм’ер-міністар, міністар лічбавай трансфармацыі (у папярэднім складзе ўраду быў міністрам лічбавай трансфармацыі і віцэ-прэм’ерам. — РС);
Аляксей Кулеба захаваў пасаду віцэ-прэм’ера ў пытаньнях аднаўленьня, ён міністар разьвіцьця грамадаў і тэрыторыяў;
Тарас Качка — віцэ-прэм’ер у пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі (у папярэднім складзе ўраду працаваў намесьнікам міністра эканомікі. — РС);
Мацьвей Бедны захаваў пасаду міністра моладзі й спорту;
Герман Галушчанка — міністар юстыцыі (у папярэднім складзе ўраду працаваў міністрам энэргетыкі. — РС);
Сьвятлана Грынчук — міністар энэргетыкі;
Дзяніс Улюцін — міністар сацыяльнай палітыкі, сям’і і адзінства;
Натальля Калмыкова захавала пасаду міністра вэтэранаў;
Ігар Кліменка захаваў пасаду міністра ўнутраных справаў;
Аксен Лісавы захаваў пасаду міністра адукацыі і навукі;
Віктар Ляшко захаваў пасаду міністра аховы здароўя;
Сяргей Марчанка захаваў пасаду міністра фінансаў;
Андрэй Сыбіга захаваў пасаду міністра замежных справаў;
Аляксей Собалеў — міністар эканомікі, навакольля і сельскай гаспадаркі.
Папярэдні прэм’ер Дзяніс Шмыгаль стаў міністрам абароны.
Пасьля прадстаўленьня Юліі Сьвірыдзенка ў Вярхоўнай Радзе і галасаваньня па яе кандыдатуры, Уладзімір Зяленскі паведаміў аб яшчэ адным прызначэньні.
Ва Ўкраіне зьявіцца пасада спэцыяльна ўпаўнаважанага прэзыдэнта ў пытаньнях разьвіцьця супрацы з ЗША. На гэтую пасаду Ўладзімір Зяленскі прызначыў экс-міністра юстыцыі Вольгу Стэфанішыну, пакуль яе кандыдатура праходзіць «належныя працэдуры ўзгадненьня з Вашынгтонам на пасаду амбасадара Ўкраіны ў ЗША».
Што вядома пра новую кіраўніцу ўраду Ўкраіны
Юлія Сьвірыдзенка нарадзілася 25 сьнежня 1985 году.
- У 2008 годзе закончыла з чырвоным дыплёмам Кіеўскі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт антыманапольнай дзейнасьці». Працавала на розных прадпрыемствах у Чарнігаве.
- У палітыку прыйшла ў верасьні 2017 году, калі яе прызначылі спачатку выканаўцай абавязкаў, а потым першай намесьніцай старшыні Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У другой палове 2018 году выконвала абавязкі кіраўніка абласной адміністрацыі.
- Пасьля прыходу да ўлады Ўладзіміра Зяленскага працавала намесьніцай міністра разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі (зь верасьня 2019 да ліпеня 2020 году).
- У канцы сьнежня 2019 году яе выбралі кіраўніцай праўленьня Фонду сацыяльнага страхаваньня. У гэтым статусе яна да 2021 году працавала ў складзе трохбаковай кантактнай групы, якая зьбіралася ў Менску.
- У сьнежні 2020 году перайшла ў Офіс прэзыдэнта ў статусе намесьніцы кіраўніка.
- У 2021 годзе яе прызначылі міністрам эканомікі, а ў лістападзе таго ж году — віцэ-прэм’ер-міністрам.
- У жніўні 2022 году Юлія Сьвірыдзенка ачоліла міжведамасную працоўную групу ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай санкцыйнай палітыкі. Яна вяла перамовы зь Вялікай Брытаніяй аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.
Форум