Мэр латвійскага горада Огрэ Элгіс Хэлманіс атрымаў раненьні ў часе свайго знаходжаньня ва Ўкраіне.
Як паведаміла латвійскае выданьне delfi.lv з спасылкай на агенцтва LETA, мэр атрымаў раненьні ў часе расейскага абстрэлу. Аднак украінскі горад, у якім знаходзіўся кіраўнік гарадзкой адміністрацыі латвійскага горада, не ўдакладняюць.
Інфармацыю аб раненьні чыноўніка пацьвердзілі ў аддзеле камунікацыі краёвай думы.
Паведамляюць, што ягоны стан стабільны.
Элгіс Хэлманіс з канца мінулага тыдня знаходзіцца ў камандзіроўцы ва Ўкраіне, куды разам з паплечнікамі даставіў прыблізна 20 аўтамабіляў з гуманітарнай дапамогай.
У краёвай думе паведамілі, што мэр горада Огрэ езьдзіць у камандзіроўкі ва Ўкраіну кожныя некалькі месяцаў.
Расейскія войскі ў ноч на 16 ліпеня абстралялі шэраг тылавых і прыфрантавых рэгіёнаў Украіны. У выніку атакі шмат разбурэньняў у жылых кварталах і ў сэктары інфраструктуры.
Форум