Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які 30 гадоў таму перажыў расстрэл у Срэбраніцы: «Я зразумеў, што мне канец»


Нэджад Аўдзіч, які выжыў у Срэбраніцы
Нэджад Аўдзіч, які выжыў у Срэбраніцы

Трыццаць гадоў таму, 11 ліпеня 1995 году, падчас вайны на Балканах, басьнійскія сэрбы пад камандаваньнем генэрала Ратка Младзіча расстралялі ў горадзе Срэбраніцы на тэрыторыі цяперашняй Босьніі і Герцагавіны больш за 8 тысяч басьнійскіх мусульман. Афіцыйна загінулымі лічацца 8372 чалавекі — менавіта гэтая лічба выгравіравана на помніку ахвярам, распавядае «Настоящее время».

Герой рэпартажу тэлеканалу Нэджад Аўдзіч быў адным зь нямногіх, хто выжыў.

Акцыя ў Бялградзе ў гадавіну падзей у Срэбраніцы
Акцыя ў Бялградзе ў гадавіну падзей у Срэбраніцы

У час басьнійскай вайны Срэбраніца была аб’яўленая ААН «анклявам бясьпекі» для ўцекачоў-мусульман. Нягледзячы на гэта, 11 ліпеня 1995 году яна была захопленая ўзброенымі фармаваньнямі генэрала Младзіча. Жанчынам і дзяўчынкам сэрбскія вайскоўцы дазволілі пакінуць горад на аўтобусах. А ўсіх мужчын ва ўзросьце ад 13 да 77 гадоў сабралі ў адным месцы — мясцовай школе.

«Калі я выйшаў са школы, я ўбачыў мёртвых людзей па абодва бакі ад уваходу — і справа, і зьлева. Я адчуў, што ўступіў у кроў. У той момант я зразумеў, што мне канец. Да гэтага ў мяне была надзея выжыць: мы ўсе верылі, што зьявіцца хто-небудзь, хто нас выратуе. Мы да гэтага моманту ня верылі», — расказвае Нэджад Аўдзіч.

Паводле ягоных слоў, «усё адбылося вельмі хутка».

«Адзін з салдат загадаў нам легчы. І калі мы пачалі класьціся, яны адкрылі агонь», — узгадвае ён.

Нэджад Аўдзіч, які выжыў у Срэбраніцы
Нэджад Аўдзіч, які выжыў у Срэбраніцы

Аўдзіч ня памятае, як доўга ён ляжаў на зямлі сярод мёртвых цел, паранены.

«Я чуў, як кулі трапляюць у людзей вакол мяне. Я падрыхтаваўся, што зараз у мяне таксама патрапіць. Я бачыў, як справа ад мяне падаюць людзі: яны былі мёртвыя», — апісвае ён тое, што адбывалася вакол.

«Потым прывялі наступную групу людзей. Куля трапіла мне ў нагу, было вельмі балюча. Я ўжо нават хацеў памерці. Вакол мяне ляжалі шмат людзей. Многія былі яшчэ жывыя і крычалі. Раптам перада мной з’явіліся салдацкія боты, і я падумаў, што мяне зараз даб’юць. Я заплюшчыў вочы, але салдат забіў чалавека, які ляжаў побач са мной і крычаў»,— згадвае Аўдзіч.


Могілкі ў Срэбраніцы
Могілкі ў Срэбраніцы

«У нейкі момант я павярнуў галаву, каб шыя не зацякала, пакуль я не памёр. І заўважыў, што чалавек побач са мной варушыцца. Гэта быў другі выжыўшы», — кажа Аўдзіч.

Толькі цяпер, праз 20 гадоў, мужчына вырашыўся расказаць аб тым, што перажыў:

«Мне неяк удалося выжыць, хоць мне некалькі разоў хацелася памерці, каб пакуты спыніліся. Але я выжыў, а многіх маіх сяброў і школьных прыяцеляў забілі. Я не зьбіраюся злоўжываць сваёй трагедыяй, але лічу, што пра яе неабходна расказваць. Бо многія адмаўляюць тое, што тут адбылося. Таму я і вырашыў расказаць аб гэтым».


Перапахаваньне ахвяр растрэлу ў Срэбраніцы. 2017
Перапахаваньне ахвяр растрэлу ў Срэбраніцы. 2017
  • Лідэру басьнійскіх сэрбаў Радавану Караджычу быў вынесены прысуд за этнічныя чысткі ў Босьніі (ён атрымаў 40 гадоў турмы).
  • Генэрал Ратка Младзіч у 2017 годзе таксама быў прызнаны вінаватым у генацыдзе, масавых забойствах мірных жыхароў і іншых ваенных злачынствах, у тым ліку ў разьні ў Срэбраніцы і атрымаў пажыцьцёвы тэрмін.
  • Мэмарыял памяці расстраляным у Срэбраніцы быў адкрыты ў 2003 годзе. Але нягледзячы на ўстаноўку помніка, паказаньні ў судах і сьведчаньні відавочцаў, многія да гэтага часу адмаўляюць факт расстрэлу ў Срэбраніцы і тое, што гэта было самае масавае забойства ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны.
  • Парлямэнт Сэрбіі афіцыйна прызнаў гэтае злачынства толькі вясной 2010 году і прынёс прабачэньні сем’ям загінуўшых.
  • Рада Бясьпекі ААН у 2015 годзе разглядала рэзалюцыю па Срэбраніцы, якая прызнавала расстрэл генацыдам. Але дакумэнт быў заблякаваны Расеяй на правах сталага чальца Рады Бясьпекі— нібыта таму, што дакумэнт пагражае новым абвастрэньнем сытуацыі на Балканах.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG