Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваградку падпісалі дамову аб стварэньні Беларускага музэя Галакосту і супраціву


Наваградак. Памятны знак на адным зь месцаў расстрэлу габрэяў з Наваградзкага гета. Архіўнае фота
Наваградак. Памятны знак на адным зь месцаў расстрэлу габрэяў з Наваградзкага гета. Архіўнае фота

Музэйная ўстанова ў Наваградку ўшануе памяць 11 000 габрэяў — ахвяраў нацысцкіх расправаў і 250 вязьняў гета, якія пракапалі сабе шлях да свабоды.

Падпісана пагадненьне аб стварэньні першага музэю Галакосту ў Беларусі. Беларускі музэй Галакосту і супраціву будзе разьмешчаны ў Наваградку, дзе падчас нацысцкай акупацыі былі забітыя 11 000 габрэяў, піша выданьне Jewish News.

Пагадненьне 10 ліпеня 2025 году падпісалі Юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі фонд міру і Наваградзкі раённы выканаўчы камітэт.

Сяргей Чаркоўскі, старшыня Наваградзкага райвыканкама, Артур Ліўшыц, старшыня Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі, Максім Місько, старшыня Беларускага фонд міру пасьля падпісаньня дамовы аб музэі Галакоста. Наваградак, 10 ліпеня 2025
Сяргей Чаркоўскі, старшыня Наваградзкага райвыканкама, Артур Ліўшыц, старшыня Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі, Максім Місько, старшыня Беларускага фонд міру пасьля падпісаньня дамовы аб музэі Галакоста. Наваградак, 10 ліпеня 2025

У Наваградку адбыўся надзвычайны акт габрэйскага супраціву. 26 верасьня 1943 году 250 вязьняў зьдзейсьнілі найбольш маштабныя ў акупаванай нацыстамі Эўропе задакумэнтаваныя ўцёкі з гета, таемна выкапаўшы за пяць месяцаў 250-мэтровы тунэль.

Многія ўцекачы далучыліся да партызанскага атраду Тувіі Бельскага, адзінага цалкам габрэйскага партызанскага атраду ў Беларусі, які вёў зь ляснога лягеру ў Налібацкай пушчы барацьбу з нацыстамі і выратаваў больш за 1200 габрэяў.

Дэбра Брунэр, сузаснавальніца дабрачыннай арганізацыі The Together Plan, сказала Jewish News з гэтай нагоды:

«Гісторыя партызанаў Бельскага, увечненая ў фільме „Выклік“, — гэта гісторыя ня проста супраціву, а выратаваньня, трываласьці й супольнасьці».

Яна дадала, што музэй будзе «ўшаноўваць ня толькі памяць ахвяраў, але таксама адвагу і чалавечнасьць тых, хто змагаўся, часта маючы толькі волю выжыць і абараніць іншых».

Артур Ліўшыц, які ўзначальвае Юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Беларусі, сказаў:

«Гэта ня проста музэй — гэта адданасьць праўдзе, асьвеце і міру. Памятаючы нашу мінуўшчыну, мы закладваем грунт для больш талерантнай і справядлівай будучыні».

Вядома, што музэй будуць ствараць на тэрыторыі былога габрэйскага гета ў Наваградку побач зь цяперашнім Музэем габрэйскага супраціву ў гістарычных будынках. Пра час адкрыцьця пакуль не гавораць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG