Праграміста з Гомля асудзілі за ахвяраваньні
36-гадовага праграміста з Гомля Дзьмітрыя Хамянкова асудзілі паводле артыкулу аб «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці», піша mediazonaby.com. Вырак суду невядомы, аднак ён набыў моц — Хамянкова ўнесьлі ў «сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», адно з апошніх месцаў працы Хамянкова — кампанія Expert Software Development, рэзыдэнт ПВТ. Данаты Дзьмітры пераводзіў у крыптавалюце, якім менавіта ініцыятывам — невядома.
Затрымалі яго ў канцы 2024 году. Пакуль Зьміцер быў у СІЗА, у яго памерла бабуля.
У Мікашэвічах арыштавалі прадпрымальніка
У горадзе Мікашэвічы (Лунінецкі раён) 18 чэрвеня арыштавалі прадпрымальніка Андрэя Арла, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцы мяркуюць, што прадпрымальніка затрымалі паводле «палітычнага артыкулу» і спасылаюцца на вядомыя ім зьвесткі з афіцыйных крыніц, якіх не называюць.
«З 18 чэрвеня 2025 спынілі працу крамы прадпрымальніка Андрэя Арла, дзе прадаваліся дзіцячыя цацкі, адзеньне, ровары ды іншыя тавары. Імавернай прычынай прыпыненьня працы стаў арышт уладальніка крамаў. Цяпер Арол у сьледчым ізалятары № 7 Берасьця. Прычынай арышту, паводле нашых зьвестак, стаў ці то лайк, ці то камэнтар у інтэрнэце пасьля нападу Расеі на Ўкраіну», — паведамляе «Вясна».
Пра Андрэя Арла вядома, што яму 52 гады, мае дачку. У Мікашэвічах прадпрымальнік валодае сеткай крамаў.
Праваабаронцы не выключаюць, што на прадпрымальніка завялі крымінальную справу. «Калі праз больш за 20 дзён не адпусьцілі, дык што яшчэ думаць», — сказаў Свабодзе праваабаронца Ўладзімір Вялічкін.
У Горадні асудзілі супрацоўніка вайсковага камісарыяту
У Горадзенскім абласным судзе разглядалі справу Яўгена Шляхцёнка, супрацоўніка Мастоўскага вайсковага камісарыяту, піша «Наша ніва». 37-гадовага жыхара вёскі Вялікія Сьцяпанішкі судзілі паводле трох палітычных артыкулаў:
- «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1)
- «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361)
- «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1. арт. 361-4).
Яму пагражаў тэрмін да 12 гадоў калёніі, але дакладны вырак невядомы.
Апошні раз Яўген быў онлайн у кастрычніку 2024 году, паведамляе «Наша ніва». Прысуд набыў моц, 11 ліпеня 2025 году Шляхцёнка ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».