Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 33 чалавекі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 27 чэрвеня дадалі яшчэ 33 чалавекі.

Для чарговай групы фігурантаў гэтага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў завялі новы файл з пазнакай «частка 4» у назве. Як адзначае інфармацыйнае агенцтва «Позірк», у гэтай частцы не пранумараваныя пазыцыі. З улікам папярэдняга абнаўленьня сьпісу (20 чэрвеня) цяпер у ім мае быць 5.467 пазыцый.

Аднак апублікаваны на сайце МУС файл з пазнакай «частка 3» у назве абрываецца на групе асоб, унесеных у пералік 27 верасьня 2024 года, апошняя пазыцыя — 4.476-я. Зьвестак пра ўсіх, каго ўнесьлі ў сьпіс за апошнія дзевяць месяцаў, няма. Невядома, ці гэта тэхнічная памылка ці наўмысная спроба схаваць рэальную лічбу і зьвесткі пра «экстрэмістаў», якія аналізуюць журналісты і праваабаронцы.

Усе асобы, унесеныя ў пералік 27 чэрвеня, асуджаныя паводле артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу. Разам з тым у актуальным сьпісе палітвязьняў толькі адзін з іх — Андрэй Шабуня, асуджаны да 2 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (згодна са зьвесткамі МУС, «адбывае пакараньне»).

З пазнакай «адбывае пакараньне» у «сьпіс экстрэмістаў» унесеныя Віталь Марынчык і Анастасія Тыдыкава, Алег Зелянко і Дзьмітрый Ялчанка, Аляксандар Куліковіч і Віталь Лухверчык, Ільля Іванчык і Ўладзімір Пракоф’еў, Вадзім Жукоўскі і Мікалай Буневіч, Яўген Сарока, Андрэй Загорскі, Аляксандар Машукоў, Вадзім Дзенісевіч, Георгій Сямёнаў, Вячаслаў Малышаў.

З пазнакай «судзімасьць не пагашана», якая, як правіла, сьведчыць пра пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, у пераліку фігуруюць асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 — Аляксей Глінскі, Тацяна Глінская, Раман Казьлюк, Вольга Казьлюк, Уладзімір Нічыпарук, Ксенія Кісьлюк, Дзіяна Дземідзюк, Мікіта Малдуноў, Сяргей Баркоў, Ігар Рамазанаў, Максім Русак і Аляксей Іваноў, а таксама Максім Зайцаў, Мікалай Бранцаў, Максім Трухан і Ала Захарава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG