Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінны быць амэрыканскія рэжысэр і актор у ролі Освальда», — дасьледчык менскага пэрыяду Освальда пра прапанову Лукашэнкі


Аляксандар Лукашук на бальконе менскай кватэры Освальда зь ягоным здымкам. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашук на бальконе менскай кватэры Освальда зь ягоным здымкам. Архіўнае фота

Беларусь прапанавала Мардовіі зьняць сэрыял пра забойцу прэзыдэнта Кенэдзі Освальда, які пэўны час жыў у Менску. Якім мелася б быць мастацкае кіно пра менскі пэрыяд Освальда, пагутарылі з пісьменьнікам Аляксандрам Лукашуком.

Былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук шмат гадоў дасьледаваў менскі пэрыяд Лі Гарві Освальда, вынікам чаго стала кніга «Освальд у Менску», і відэафільм «Освальд у Менску» з нагоды 50-х угодкаў забойства прэзыдэнта Кенэдзі, які атрымаў «Срэбную Ўзнагароду Адметнасьці» ад амэрыканскай Акадэміі інтэрактыўнага і візуальнага мастацтва, Нью-Ёрк.

У нядзелю 26 кастрычніка ў Празе на фэстывалі «Прадмова» адбудзецца першая прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Гульня ў Освальда. Quest», якую выдала выдавецтва «Камунікат».

— Пытаньне да вас як да галоўнага беларускага дасьледчыка менскага пэрыяда Освальда, як вы ацэньваеце прапанову Аляксандра Лукашэнкі да мардоўскага кінэматографа экранізаваць гісторыю Освальда ў Беларусі?

— Яна вельмі зьдзівіла ня тым, што яна зьявілася, а тым, што яна зьявілася так позна. 10 дзён таму 13 кастрычніка расейскі амбасадар у Вашынгтоне перадаў 350 старонак дакумэнтаў, зьвязаных з Освальдам, у Кангрэс ЗША. Гэта так званая дыпляматыя дакумэнтаў, калі адзін бок робіць нейкую такую паслугу другому.

Гэта адбываецца не ўпершыню. У першы раз гэта адбылося яшчэ ў 1999-м годзе, калі Ельцын перадаў Білу Клінтану 39 тэчак з маскоўскімі дакумэнтамі, зьвязанымі са справай Освальда. Ну і вось зараз Масква зноў перадала. І ведаеце, хто першы зрэагаваў на гэтую перадачу?

Нейкі Кірыл Дзьмітрыеў, кіраўнік інвэстыцыйнага фонду Расеі. Праўда цікава, вось перадаём гістарычныя дакумэнты, а першая ўхвальная рэакцыя кіраўніка інвэстыцыйнага фонду. Ідзе вайна, і, канешне, Масква хоча атрымаць нейкую ласку ад Трампа, санкцыі зьняць, дазволіць продаж нейкіх матэрыялаў, бо ўся авіяцыя вісіць там ужо на на валаску. І гандаль гэтымі справамі Освальда — гэта спроба атрымаць нешта ад Вашынгтону.

І прайшло 10 дзён, Лукашэнка схамянуўся і таксама загаварыў пра гэтую справу, загаварыў пра гэтае кіно. Гэта ў рамках таго дыялёга з Амэрыкай, які падсанкцыйныя краіны вядуць з адміністрацыяй Трампа ў спадзеве неяк палегчыць сваю сытуацыю.

— Наколькі важныя гэтыя дакумэнты для прэзыдэнта ЗША?

— Для Трампа асабіста і для пакаленьня Трампа забойства Кенэдзі — адна з самых значных, яркіх, запамінальных падзей у іх жыцьці. Яна скаланула тады ўсю Амэрыку. І адна зь першых рэчаў, якую Трамп зрабіў падчас першага прэзыдэнцтва, гэта аддаў загад рассакрэціць некаторыя файлы Освальда. Зараз на трэці дзень пасьля другога ўжо прыходу ў Белы дом ён зноў падпісаў прэзыдэнцкае распараджэньне рассакрэціць справы Освальда. Было рассакрэчана 2566 тэчак дакумэнтаў, гэта каля 80000 старонак дакумэнтаў якія былі выкладзены ў адкрыты доступ у нацыянальным архіве Амэрыкі.

Справа забойства Кенэдзі, сямейства Кенэдзі вельмі важныя для Трампа. Лукашэнка мог бы гэта скарыстаць і як асабісты падарунак Трампу перадаць гэтыя справы. Але ён будзе гандлявацца, ён спачатку абвесьціў пра кіно.

Што значыць зьняць кіно пра Освальда ў Менску? Гэта відавочная рэч. Да мяне пасьля выхаду маіх кніг пра Освальда зьвярталіся кінэматаграфісты і менскія, і маскоўскія, і кіеўскія, і з BBC. Вось пару месяцаў назад прадусар зь Нью-Ёрка пісаў, усе хочуць зрабіць фільм. У Беларусі фільм ня зробіш без дазволу ўлады. Але можна і трэба зьняць кіно пра час Освальда ў Менску. Калі гэта будзе здымаць Расея, гэта можа быць таленавітае кіно, кшталту фільма «Стылягі», якое таксама здымалася ў Менску.

Але насамрэч гэта фільм павінен здымаць амэрыканскі рэжысэр і павінен быць амэрыканскі актор у ролі Освальда. Гэта можа быць сумесная вытворчасьць. Такое кіно было бы цікава паглядзець. Насамрэч мы бачым гандаль нацыянальным мінулым, гісторыяй, памяцьцю ў сваіх інтарэсах. Насамрэч, гэтыя даўнія справы павінны былі быць адкрытыя для ўсіх дасьледчыкаў.

Кніга Аляксандра Лукашука пра Лі Харві Освальда
Кніга Аляксандра Лукашука пра Лі Харві Освальда

— Раскажыце пра вашу новую кнігу-гульню пра Освальда?

— Час ідзе, і Освальд мяняецца. Упершыню я зь ім сутыкнуўся яшчэ ў 1989-м годзе. Я быў у Амэрыцы і цікавіўся ім. Мне прыслалі часопіс Life 64-га года, дзе ўпершыню быў надрукаваны так званы менскі дзёньнік Освальда. Я яго тады пераклаў, і першая ў СССР публікацыя адбылася ў часопісе «Родник» у 90-м годзе накладам 400 000 асобнікаў. Гэта была тады сэнсацыя.

А з таго часу ў мяне ўжо выйшла чатыры розных дасьледаваньні пра Освальда. На Радыё Свабода мы зрабілі дакумэнтальны фільм пра Освальда ў Менску. Але цяпер я ўжо бачу яго іначай. Я яго бачу хутчэй праз ацэнку Набокава, як бы ён ацаніў бы і пабачыў гэтую гісторыю. Усё гэта ёсьць у кнізе, я вам расказваць ня буду. У выдавецтва «Камунікат» на сайце можна падрабязнасьці ўведаць.

Хто такі Освальд

24-гадовы Лі Гарві Освальд, былы марскі пяхотнік ЗША, у 1959-м годзе эміграваў у СССР, правёў некалькі гадоў у Менску і вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1962-м.

22 лістапада 1963-га, у самы разгар халоднай вайны прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі быў забіты ў Даласе. 46-гадовы прэзыдэнт Кенэдзі памёр на працягу паўгадзіны. Сьведка, які бачыў снайпэра, перадаў яго апісаньне паліцыі. На працягу наступных гадзіны з паловай падазраваны Лі Гарві Освальд застрэліў паліцыянта, які спрабаваў спыніць яго, схаваўся ў кінатэатры, дзе ўрэшце быў знойдзены і арыштаваны.

Освальд сьцьвярджаў паліцыі, што невінаваты, але лябараторныя дасьледаваньні пацьвердзілі, што гэта ён страляў са сьмяротнай зброі.

Шматлікія камісіі расьсьледавалі забойства Кенэдзі і самая вядомая ўрадавая камісія Ўорэна ў 1964 годзе прыйшла да высновы, што Освальд дзейнічаў у адзіночку. Іншую выснову зрабіў у 1978-м годзе Спэцыяльны камітэт у справе тэрарызму, заявіўшы, што гэта была верагодна змова. Але камітэт ня мог вызначыць ніводнага іншага яе ўдзельніка, акрамя Освальда.

Для мільёнаў амэрыканцаў сёньня пытаньне застаецца адкрытым. Апытаньне, праведзенае тры гады таму інфармацыйным агенцтвам AP, паказала, што больш за 59 працэнтаў амэрыканцаў лічаць, што гэта была змова.

  • У канцы лістапада 2024 году, пасьля перамогі на выбарах, Дональд Трамп паўтарыў перадвыбарнае абяцаньне апублікаваць апошнія дакумэнты, зьвязаныя з забойствам Джона Кенэдзі.
  • Паводле ягонай дырэктывы ад 17 сакавіка 2025 на сайце архіву ў ЗША апублікавалі два наборы дакумэнтаў агульным аб’ёмам больш за 60 тысяч старонак. Яны даступныя ў фармаце PDF.
  • 35-ы прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі быў застрэлены падчас візыту ў Далас, штат Тэхас, 22 лістапада 1963 году.
  • Амэрыканскае расьсьледаваньне 1964 году, праведзенае афіцыйнай камісіяй, паказала, што Кенэдзі быў забіты амэрыканскім грамадзянінам Лі Гарві Освальдам, які раней жыў у Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Менску, і што ён дзейнічаў адзін.
  • У Менску расейскай мове яго вучыў Станіслаў Шушкевіч.
  • Освальд быў забіты ў дэпартамэнце паліцыі Даласу праз два дні пасьля арышту.
  • Забойства прэзыдэнта Кенэдзі дагэтуль застаецца аб’ектам шматлікіх здагадак.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG