Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Швед заявіў, што ўсе «экстрэмісты» і «тэрарысты» ў краіне або пад крымінальнымі справамі, або асуджаныя


Генпракурор Беларусі Андрэй Швед, архіўнае фота
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед, архіўнае фота

15 студзеня Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што «на сёньняшні дзень усе, хто мае дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці, або ўжо асуджаныя, або ў дачыненьні да іх завялі крымінальныя справы», якія разгледзяць суды.

Такую заяву Андрэй Швед зрабіў падчас выступу перад выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі з дакладам «Грамадзка-палітычная сытуацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Процідзеяньне экстрэмізму».

Гаворачы пра беларусаў, якія пакінулі краіну з прычыны палітычнага перасьледу, генпракурор Беларусі заявіў, што частка зь іх «даўно хочуць вярнуцца назад», але нібыта «баяцца ўжо не прыцягненьня да адказнасьці, а тых, хто іх на Захадзе курыруе».

«Вы ведаеце, працуе камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь па пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў. Да нас паступіла ўжо каля 200 заяваў. Частка зь іх разгледжаная, частка ў працы», — сказаў Швед.

26 студзеня 2024 году Генпракуратура паведамляла, што ў «камісію па вяртаньні» паступіла 150 заяваў. Такім чынам, амаль за год колькасьць заяваў павялічылася на 50. Колькі чалавек з дапамогай камісіі вярнуліся ў Беларусь, невядома.

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў на канец 2024 году, агулам з 2020 году ў Беларусі сама меней 7759 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным перасьледам, у дачыненьні да прынамсі 6553 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі, рэальны маштаб рэпрэсіяў у Беларусі можа быць большы.
  • Пры гэтым палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца дагэтуль. Толькі за сьнежань 2024 году праваабаронцы зафіксавалі сама меней 759 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў (затрыманьні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу.
  • Сотні тысяч людзей зьехалі зь Беларусі пасьля 2020 году, прычынай ад’езду для многіх стала пагроза палітычнага перасьледу на радзіме.
  • У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца альбо даведацца пра свой прававы статус. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, што вяртацца ў Беларусь небясьпечна, бо ёсьць пагроза арышту.
  • Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за «абразу Лукашэнкі» асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні». У сьнежні 2023 году беларуска вярнулася з Польшчы праз «камісію па вяртаньні», і яе будуць судзіць. Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з ранейшай праграмы сілавікоў «Дарога дадому», асудзілі на 4,5 года калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  • Таксама людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае пакаяньне, афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG