Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў парадак інфармаваньня «аб пагрозах учыненьня і ажыцьцяўленьні актаў незаконнага ўмяшаньня на аб’ектах транспартнай інфраструктуры».
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, інструкцыя распрацаваная і зацьверджаная для рэалізацыі дамовы з Расеяй «Аб узаемадзеяньні ў галіне забесьпячэньня транспартнай бясьпекі».
У пералік актаў незаконнага ўмяшаньня ўвайшлі:
- пагрозы выбухам, абстрэлам або непасрэдна выбух ці абстрэл;
- пагрозы падпалам і затапленьнем або непасрэдна падпал і затапленьне
- пагроза разьмяшчэньня выбуховых прыладаў і непасрэднае іхнае разьмяшчэньне;
- пагроза паражэньня небясьпечнымі рэчывамі і непасрэднае паражэньне такімі рэчывамі;
- пагроза захопам ці ўтрыманьне людзей у якасьці закладнікаў і непасрэдна захоп закладнікаў;
- пагроза пашкоджаньня інфармацыйных сыстэм, сыстэм кіраваньня, стварэньнем умоў для аварый і катастроф тэхнагеннага характару і рэальнае іх пашкоджаньне;
- пагроза стварэньня перашкодаў, якія робяць немагчымым рух транспартных сродкаў, і ўжо створаныя перашкоды;
- пагроза выкраданьня маёмасьці, што можа прывесьці да гібелі людзей, а таксама непасрэдна выкраданьне такой маёмасьці.
Пры атрыманьні інфармацыі аб пагрозах або пашкоджаньнях транспартнай інфраструктуры будуць запаўняцца адпаведныя формы, у якіх будуць запісваць інфармацыю і пэрсанальныя зьвесткі людзей, якія аб іх паведамілі, а таксама апісвацца характар і асаблівасьць голасу, маўленьня, акцэнт у размове, манера размовы, а таксама будуць пералічваць усе шумы на заднім фоне пад час размовы.
Згодна з інструкцыяй, інфармацыю аб такіх здарэньнях ці пагрозах іх магчымай рэалізацыі інфармацыю будуць перадаваць у Транспартную інспэкцыю Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, а тая адпаведна — у міністэрства, апэратыўныя службы Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі і Расеі пэрыядычна адбываліся інцыдэнты на чыгунцы, у выніку якіх адбываліся збоі ў пастаўцы вайсковай тэхнікі і жывой сілы расейскай арміі ва Ўкраіну. Улады Беларусі адпомсьцілі ім прастрэленымі нагамі, драконаўскімі турэмнымі тэрмінамі і пагрозай расстраляць, калі яны толькі падумаюць паўтарыць.
У Беларусі першыя «рэйкавыя партызаны» зьявіліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2020 году стала вядома пра дзясяткі затрыманьняў людзей, якія нібыта шкодзілі чыгуначныя шляхі, абкручвалі дротам рэйкі.
Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі. Тады іх забіралі паводле «рэйкавага» артыкулу 309 КК («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»). Фігуранты атрымлівалі па 2-4 гады калёніі. Тэрмінаў у 20 гадоў, як і гаворкі пра «тэрарызм», тады не было. Праўда, бабруйскім «рэйкавым партызанам», якіх затрымалі да 24 лютага 2022 году, а судзілі ўжо пасьля гэтай даты, далі па 14-16 гадоў.