Санкцыі артыкулу «здрада дзяржаве» — ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. На люты 2024 году праваабаронцы «Вясны» налічылі мінімум 55 чалавек, якія сталі «здраднікамі дзяржавы» па вэрсіі сьледзтва і суду.
Праваабаронцы назвалі артыкул «штодзённым інструмэнтам рэпрэсій». За «здраду дзяржаве» атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня культурны мэнэджар Павал Белавус, «рэйкавыя партызаны» Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў.
Беларускі суд таксама палічыў, што «здраднікамі» зьяўляюцца журналісты Дзяніс Івашын, Кацярына Андрэева, Андрэй Аляксандраў. Зьняволеньнем паводле такога артыкулу пакаралі супрацоўніка IT-сфэры Дзьмітрыя Маставога, апазыцыянэра Мікалая Аўтуховіча, музыку Яўгена Глушкова, былога міліцыянта Валерыя Троцкага і яшчэ дзясяткі чалавек.
20 траўня ў Гомлі «за здраду дзяржаве» пачнуць судзіць групу людзей. Радыё Свабода з дапамогай арганізацыі былых сілавікоў BelPol высьветліла, хто яны.
Этнічны ўкраінец, былы дэсантнік, сябра прыхільніка «русскога мира»
Групу абвінавачваюць паводле артыкулаў «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясеньне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).
Трое фігурантаў — сям’я Прохаравых, бацькі і сын. Доўгі час яны жылі ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. Як стала вядома Свабодзе, на момант затрыманьня яны жылі ў вёсцы Ўза Гомельскага раёну, куды пераехалі два гады таму.
Старэйшы Прохараў, Васіль Васілевіч, этнічны ўкраінец 1969 году нараджэньня. Ён нарадзіўся ў Чарнобылі (Кіеўская вобласьць). Васіль Прохараў часта езьдзіў зь Беларусі ва Ўкраіну. Станам на 2021 год на яго не было пачатых крымінальных спраў. Працаваў у асноўным у сфэры будаўніцтва, прарабам і майстрам.
Апроч працы, Васіль меў свой блог на YouTube. Там ён дзяліўся з падпісчыкамі відэа пра вёскі і пасёлкі Гомельскай вобласьці, у тым ліку чарнобыльскай зоны. Частка відэа прысьвечана сьвяткаваньню Дня дэсантніка ў розныя гады. Звычайна для сьвяткаваньня Дня паветрана-дэсантных войскаў Васіль Прохараў езьдзіў у Рэчыцу. Там былы дэсантнік, прыхільнік «русского мира» Ўладзімір Габраў заснаваў мілітарысцкі клюб «Скіф» для падлеткаў і музэй ПДВ. Габраў «праславіўся» тым, што атрымаў у падарунак ад ПВК «Вагнэр» кувалду, якую захоўвае ў музэі. Прохараў у сваіх відэа на YouTube называе Габрава «сябрам» і «Валодзем».
Год таму, у ліпені 2023 году, Васіль Прохараў разам з Уладзімірам Габравым удзельнічаў ва ўшанаваньні памяці спэцатраду НКУС, які дзейнічаў у гады вайны на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці. У відэа Прохараў паказвае і расказвае, што ў падзеі браў удзел міністар адукацыі Андрэй Іванец і палкоўнікі «галоўнага вайсковага выведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Міністэрства абароны». Прозьвішчы палкоўнікаў ён не называе.
У 2020 годзе Васіль Прохараў удзельнічаў у сьвяткаваньні 90 гадоў ПДВ у Рэчыцы, разам зь вядомым гомельскім вайсковым камісарам Андрэем Крываносавым.
У 2019 годзе ў сваіх відэа Васіль Прохараў скардзіўся, што СБУ не дала яму дазволу праехаць у чарнобыльскую зону Ўкраіны. Апошняе відэа на канале было разьмешчана ў сьнежні 2023 году. Тады ж зьявілася інфармацыя пра затрыманьне сям’і.
Жонка Васіля Ларыса Прохарава — беларуска 1975 году нараджэньня. Паходзіць з Грабаўкі Гомельскага раёну, жыла там доўгі час. Раней працавала санітаркай у адной з гомельскіх лякарняў. З 2008-га па 2020 год чатыры разы выяжджала ва Ўкраіну. Да затрыманьня ня мела крымінальных ці адміністрацыйных спраў.
Сын Прохаравых Павал нарадзіўся ў 1996 годзе. З 2007-га па 2019 год сем разоў быў за мяжой — ва Ўкраіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсьце. У сьнежні 2023 году паведамлялася, што была затрыманая і дачка Прохаравых Анастасія, але яе няма сярод абвінавачаных.
Малады спэцыяліст, настаўнік беларускай мовы і судзімы будаўнік
Разам з Прохаравымі фігурантамі справы за «здраду дзяржаве» пазначаны Руслан Прахарэнка і Фёдар Аксёненка.
Прахарэнка працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі. Туды ён трапіў па разьмеркаваньні, калі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны. Хлопцу 24 гады. Свае сацыяльныя сеткі ён вёў на беларускай мове, часам выказваўся на палітычныя тэмы і рабіў перапосты з так званых «экстрэмісцкіх» каналаў. Таксама пісаў пра тое, чаму варта размаўляць па-беларуску.
Руслан нарадзіўся ў Брагінскім раёне, маці яго жыве ў вёсцы Хракавічы і працуе настаўніцай у мясцовай школе. Бацька памёр.
У чэрвені 2023 году на тэлеграм-канале, зьвязаным з гомельскай міліцыяй, зьявілася «пакаяннае відэа» з Прахарэнкам. Там ён казаў, што быў падпісаны на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы». Яго прыцягнулі да адказнасьці паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). З чэрвеня 2023 году Руслан Прахарэнка не зьяўляецца ў сацыяльных сетках.
Па зьвестках BelPol, у 2015–2017 гадах ён езьдзіў ва Ўкраіну. Крымінальных ці адміністрацыйных спраў да 2023 году ня меў.
Фёдар Аксёненка нарадзіўся ў 1978 годзе Лунінецкім раёне, вучыўся ў тэхнічным унівэрсытэце ў Гомлі, там жа застаўся жыць і працаваць. Ён мае багатую біяграфію — працаваў кіроўцам, будаўніком, дырэктарам розных камэрцыйных фірмаў. Ня менш за 17 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці па лініі ДАІ. У 2001 годзе яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу 339 за хуліганства. Аксёненку прысудзілі папраўчыя работы па месцы працы з утрыманьнем часткі заробку. З 2007-га па 2017 год ён пэрыядычна езьдзіў ва Ўкраіну.
Справа будзе разглядацца ў закрытым рэжыме, адвакаты абвінавачаных маюць падпіску аб невыдаваньні. Зь неафіцыйных крыніц Свабодзе вядома, што справа можа тычыцца перасыланьня фатаздымкаў ва Ўкраіну.
Форум