З дапамогай ініцыятывы BelPol выданьне «Люстэрка» атрымала два закрытыя лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі ад прэмʼер-міністра Аляксандра Турчына і старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава.
«Чыноўнікі адзначаюць праблему з наяўнасьцю бульбы ў крамах і на складах, урадам сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам не выконваюцца даручэньні кіраўніка дзяржавы, — адзначыў старшыня КДК», — піша «Люстэрка».
Як вынікае з справаздачы КДК аб красавіцкім маніторынгу крамаў, у 11% абʼектаў гандлю бульбы ў продажы не было, а ў 18% яна была толькі мытая, цана на якую не рэгулюецца. У некаторых гандлёвых абʼектах да рэалізацыі прапаноўвалася бульба менш за 28 мм дыямэтрам. У кожнай трэцяй краме не было капусты, а ў шэрагу крамаў бульбы за рэгуляваную цану не было зусім.
Прэм’ер Турчын патлумачыў Лукашэнку прычыны такой сытуацыі. Галоўная зь іх — недахоп бульбы ў стабілізацыйных фондах.
Паводле інфармацыі прэмʼера, на 16 красавіка 2025 году на складах заставалася менш за 4000 тон бульбы. Гэтага ня хопіць нават да канца вясны, бо патрэбы ўнутранага рынку на паўтара месяца ацэньваюцца ў аб’ёме каля 12 тысяч тон.
Турчын тлумачыць прычыны заканчэньня бульбы на складах павелічэньнем экспарту, то бок вывазам бульбы за мяжу — пры розьніцы цэнаў у Беларусі і Расеі.
«Ва ўсходніх суседзяў бульба каштуе даражэй, і беларускім аграрыям выгадней прадаваць яе на расейскім рынку. Гэта пацьвярджае і статыстыка: у 2024 годзе Беларусь выйшла на першае месца сярод пастаўнікоў бульбы ў Расею, апярэдзіўшы Эгіпет і Кітай. — На 9 красавіка 2025 году дыспарытэт цэн на бульбу з Расейскай Фэдэрацыяй склаў 55,9%. На канец 2024 — 43,1%, — паведамляў Лукашэнку прэмʼер-міністар», — піша «Люстэрка».
Абмежаваньні на вываз бульбы, якія ўвёў урад, не дапамаглі. Павышэньне цэнаў на бульбу адбылося запозна, калі яе запасаў у сховішчах засталося вобмаль. Турчын прапануе выкарыстоўваць для забесьпячэньня насельніцтва запасы насеннага фонду — каля 15 тысяч тон з лішкавых запасаў насеннай бульбы.
Адначасова са зьяўленьнем справаздачаў прэм’ера і кіраўніка КДК 17 красавіка выйшла пастанова ўраду, якая павысіла гранічныя гуртовыя і раздробныя цэны бульбы. Гуртовая цана бульбы цяпер складае 1 рубель, раздробная — 1,5 рубля.
Але такое падвышэньне, хутчэй за ўсё, ня спыніць экспарту рэштак беларускай бульбы ў Расею. Цяпер у расейскай сетцы крамаў «Пятёрочка» мясцовая (расейская) нямытая бульба каштуе 84 рублі, гэта крыху болей за 1 даляр.
- Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
- Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
- З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
- Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
- Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.