Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея разглядае траты на Беларусь як выдаткі на вайну, — расейскі эканаміст Іназемцаў


Уладзіслаў Іназемцаў. Архіўнае фота
Уладзіслаў Іназемцаў. Архіўнае фота

Ці варта чакаць спаду ў расейскай эканоміцы? Пры якіх умовах Крэмль можа скараціць эканамічную дапамогу рэжыму Лукашэнкі? Колькі яшчэ часу Пуцін будзе мець рэсурсы для працягу вайны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае расейскі эканаміст, адмысловы дарадца ў The Middle East Media Research Institute (MEMRI) у Вашынгтоне Ўладзіслаў Іназемцаў.

— Эканамісты гавораць пра тое, што расейская эканоміка перагрэтая, што Цэнтральны банк (ЦБ) і ўрад прымаюць меры, каб астудзіць яе. Астуджэньня якога маштабу можна чакаць?

— На мой погляд, ня варта чакаць вельмі сур’ёзнага астуджэньня, таму што расейская эканоміка атрымала вялізныя грашовыя ўліваньні ад ураду і па лініі вайсковай, і па лініі інвэстыцыйна-інфраструктурнай, і нават у апошнія гады па лініі падтрымкі рознага кшталту праграм крэдытаваньня (напрыклад, ільготнай іпатэкі). Колькасьць крэдытаў па льготнай іпатэцы, якая субсыдавалася дзяржавай, перавышае прырост абаронных выдаткаў.

Дзяржава ў розных кірунках улівала ў эканоміку вялізныя грошы. Натуральна, эканоміка знаходзіцца ў перагрэтым стане. Назіраецца недахоп працоўнай сілы, ёсьць мяжа вытворчых магутнасьцяў, таму, вядома, праблемы ёсьць. Цэнтральны банк спрабуе вырашыць іх падвышэньнем адсоткавай стаўкі, зьніжэньнем грашовай прапановы.

Наколькі гэта атрымаецца, мне цяжка сказаць. Уладзімір Пуцін нядаўна выступіў на пасяджэньні ўраду, дзе казаў, што ў 2025–2026 гадах дзяржаўнае фінансаваньне вайсковых выдаткаў не скароціцца, а хутчэй за ўсё, нават вырасьце. Таму я думаю, што ЦБ ня будзе мець вялікага посьпеху ў астуджэньні эканомікі і яе рост замарудзіцца нязначна.

Мяркую, што па выніках гэтага году рост будзе каля 4%, а ў наступным годзе, напэўна, недзе 2,5%. Наўрад ці менш. Летась было 3,6% (афіцыйна). Цяпер прагноз Мінэканомікі быў на гэты год у красавіку 2,6%, у жніўні ўжо 3,9%. Мяркую, што лічба можа атрымацца нават большай.

Рост рэальных даходаў у другім квартале — плюс 10%. Гэта абсалютны бум. Таму мне думаецца, што запаволеньне будзе адносным. Ні пра які крызіс, ні пра якую нават стагнацыю гаворка не ідзе.

— А ЦБ сваімі мерамі, накіраванымі на сьцісканьне грашовай масы, ня здольны паўплываць? Ці ня можа атрымацца так, што ў выніку будзе нулявы рост эканомікі ці нават падзеньне?

— Я думаю, што не. Таму што расейская эканоміка, у адрозьненьне ад заходняй, у значна меншай ступені залежыць ад крэдытнага фінансаваньня, якое зараз заціскае ЦБ. Чаго дамогся ЦБ гэтым летам? Вялікай перамогі — спыненьня праграмы льготнай іпатэкі, пра якую я казаў.

Па ёй выдавалася больш за 2 трлн рублёў крэдытаў за год. У першым паўгодзьдзі сёлета быў абсалютны рэкорд, бо людзі разумелі, што праграма хутка заканчваецца, таму актыўна бралі крэдыты. Гэта падтрымлівала будаўнічы сэктар.

Гэта адзіны сэктар эканомікі, які, я думаю, у другім паўгодзьдзі і ў 2025 годзе будзе адчуваць сябе ня надта добра. У астатнім не чакаю вялікіх праблем, таму што крэдытаваньне і так было нашмат даражэйшым, чым стаўкі ЦБ. Плюс да гэтага, у Расеі зараз дэпазыты для насельніцтва вызначаныя буйнымі банкамі на ўзроўні 14-16% пры інфляцыі афіцыйна ў 9%.

Гэта значыць, па сутнасьці, насельніцтва можа выратаваць свае грошы ад інфляцыі праз дэпазыты. Таму людзі будуць несьці грошы ў банкі, яны ня будуць абясцэньвацца. І тым самым пасьля гэты спажывецкі попыт усё роўна выйдзе на рынак.

Попыт — асноўны фактар падтрымкі эканомікі — захаваецца. Таму я вызначаю парамэтры запаволеньня росту на 1-1.5%. І ніякага абвалу.

— Беларуская эканоміка адкрытая і пры гэтым вельмі залежная ад расейскай. Паводле ацэнак, больш як 60% замежнагандлёвага абароту Беларусі прыпадае на РФ. А з улікам транзыту праз Расею дык і ўсе 80%. Калі ВУП Расеі ўпадзе, скажам, на 1%, наколькі ўпадзе ВУП Беларусі? Ён утрымаецца; ён зьнізіцца таксама на 1%; ён упадзе значна больш, чым расейскі?

— Калі расейская эканоміка будзе падаць, беларуская будзе падаць яшчэ мацней, бо сапраўды, гандлёвая залежнасьць вельмі вялікая. Але тут ёсьць яшчэ два дадатковыя моманты.

Першы палягае ў тым, што, нават калі расейская эканоміка ня будзе падаць, то можа здарыцца варыянт, калі Расея вымушаная будзе пайсьці на даволі сур’ёзную дэвальвацыю. Гэта зьвязана з тым, што ў Расеі шмат праблем з замежным гандлем, ёсьць пытаньні, зьвязаныя са зьніжэньнем цаны на нафту.

Адэкватны курс на канец году — гэта 105-110 рублёў за даляр. Дэвальвацыя, калі яна здарыцца, можа аказаць уплыў на беларускую эканоміку нават безадносна да спаду Расеі. Калі, дапусьцім, расейскі рубель дэвальвуецца на 15%, то беларускі экспарт, які аплочваецца гэтымі рублямі, прасядзе ў вартасным вымярэньні. Гэта зусім відавочны факт.

З другога боку, ёсьць і супрацьлеглыя фактары. Расеі можа спатрэбіцца павелічэньне імпарту зь Беларусі па шэрагу пазыцый. Гэта і прадукцыя ВПК, і, магчыма, нават сельскагаспадарчая прадукцыя ці прадукцыя беларускай нафтаперапрацоўкі.

Калі апэрацыя ўкраінскіх сіл у Курскай вобласьці распаўсюдзіцца і на іншыя рэгіёны РФ, то ў Расеі будуць падвышацца цэны на прадукты харчаваньня, таму што прымежныя з Украінай вобласьці вырабляюць значную частку мяса птушкі, ялавічыны і яек. У выніку вырасьце попыт на імпарт гэтай прадукцыі.

Калі Ўкраіна працягне наносіць удары па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, то, я думаю, Расея будзе зацікаўлена ў павелічэньні паставак нафты ў Беларусь і павелічэньні імпарту адтуль нафтапрадуктаў.

Але ў цэлым можна сказаць, што спад у Расеі адгукнецца больш «гучным» рэхам у Беларусі.

— Некаторы час таму і ўрад, і Лукашэнка скардзіліся на тое, што Кітай, кітайскі імпарт выціскае беларускі імпарт з расейскага рынку. Ці можа гэтая тэндэнцыя ўзмацніцца, працягнуцца?

— Я думаю, што так і будзе. Беларускі імпарт таксама збольшага кітайскі. У жніўні з 10 самых прадаваных брэндаў аўтамабіляў у Расеі ўсе 10 былі кітайскімі.

Зь іх адзін брэнд быў беларускі. Але фактычна гэта кітайскія аўтамабілі, якія зьбіраюцца ў свабоднай эканамічнай зоне пад Менскам.

У прынцыпе, вядома, Кітай будзе ціснуць, і я думаю, што ў канкурэнтнай вайне кітайцы выйграюць адназначна.

Адзіны фактар, які стрымлівае кітайскі імпарт — гэта праблема плацяжоў. Прыкладна год таму амэрыканскія ўлады агучылі пагрозу санкцыяў супраць кітайскіх банкаў, калі яны будуць забясьпечваць гандаль з Расеяй. Цяпер у Расеі ўвесь час гавораць аб тым, што гэта велізарная праблема. Кожны дзень прыходзіць мноства паведамленьняў наконт таго, як падаражэлі камісіі за гэтыя плацяжы, як складана яны ідуць.

Але пры гэтым пакуль гандаль Расеі з Кітаем не скарачаецца. Больш за тое, як толькі амэрыканцы абвясьцілі пра гэтыя меры, у першыя ж некалькі месяцаў кітайцы скарацілі пастаўкі ў Расею прыкладна на 15-17%. Але з сакавіка мы назіраем упэўнены рост імпарту ў РФ з КНР, нягледзячы на ўсе скаргі, што плацяжы наогул не праходзяць. Таму я думаю, што так, Кітай будзе ўзмацняць пазыцыі, таму што гэта безальтэрнатыўны пастаўшчык на сёньняшні дзень.

— Вось цытата з аднаго з вашых нядаўніх інтэрвію: «Я ня бачу абмежаваньняў для таго, каб Пуцін працягваў весьці вайну зь цяперашняй інтэнсіўнасьцю. Як доўга іх ня будзе? Бясконца. Гэта ня мае дачыненьня да запавольваньня тэмпаў росту эканомікі».

Чаму вы так мяркуеце? Менш грошай увогуле — менш грошай на вайну.

— Па-першае, грошай ня менш. Расходная частка расейскага бюджэту расьце з тэмпам 15-17% за год. Так што грошай ня менш, а больш. Замежнагандлёвы абарот у 2024 годзе будзе большы, чым летась.

Гэта значыць, даходаў ад замежнага гандлю таксама ня робіцца менш. Падаткі падвышаюцца. З наступнага году будзе чарговае падвышэньне. Даходы насельніцтва павялічваюцца.

Па выніках першых трох месяцаў году бюджэт пайшоў у вялікі дэфіцыт. І ўсе нашы апазыцыянэры расказвалі адзін аднаму, што сёлета дакладна будзе каляпс эканомікі.

Але да жніўня дэфіцыт бюджэту, які меркаваўся ў межах 1,8 трыльёна рублёў, склаў усяго 300 мільярдаў.

Гэта значыць, грошай ня тое што няма — іх больш, чым меркавалася.

Наша апазыцыянэры, якія сядзяць у Эўропе, расказваюць адзін аднаму казкі, што вось-вось нафта скончыцца, а кітайцы перастануць пастаўляць тавары. Паглядзіце статыстыку. Пастаўкі з Кітая растуць, пастаўкі расейскай нафты, нягледзячы на эўрапейскае эмбарга, фактычна засталіся на ранейшым узроўні.

Два гады ўсе расказвалі адзін аднаму, што з Індыі ніхто не атрымлівае грошай. А зараз пачынае высьвятляцца, што гэтыя грошы выдатна даходзяць да РФ. Яны пералічваюцца празь незразумелыя рахункі ў дружалюбных краінах, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, у Кітаі, у той жа самай Індыі.

Расейская эканоміка, як высьветлілася, збудаваная больш тонка, чым гэта меркавалася да вайны.

Ёсьць мноства мітаў на Захадзе, народжаных некампэтэнтнасьцю спэцыялістаў у Расеі — амэрыканскіх і эўрапейскіх. Да вайны заўжды лічылася, што расейская эканоміка вельмі адзяржаўленая. Маўляў, там 70% дзяржаўнай уласнасьці ў банках, 70% у паліўна-энэргетычным комплексе, манаполіі ў нафтавай прамысловасьці, у чыгунцы. Таму расейская эканоміка нібыта кшталту савецкай. Насамрэч гэта і блізка не падобна на савецкую эканоміку.

60% занятых працуюць у прыватным сэктары. І прыватны сэктар будзе прыстасоўвацца да сытуацыі з усіх магчымых сілаў. Урад зусім не павялічвае ціск на эканоміку, як многія сьцьвярджаюць.

Вось у кагосьці адабралі прадпрыемства, гэта значыць — адзяржаўленьне, поўны Савецкі Саюз. Але гэта абсалютная лухта. Насамрэч эканоміка дэрэгуляваная значна больш, чым да вайны.

Да вайны да вас маглі прыйсьці і праверыць, напрыклад, ці легальны ў вас Microsoft. Цяпер вы можаце рабіць пірацкія софты і гнаць прадукцыю ў Афрыку. Цяпер увогуле ніхто не глядзіць ні на патэнты, ні на інтэлектуальную ўласнасьць, ні на якія прававыя пытаньні.

У 2018-2019 гадах мае знаёмыя будавалі пад Пецярбургам завод для вытворчасьці цэмэнту. Іх завод быў пабудаваны прыблізна за 8 месяцаў. І яшчэ паўтара года яны займаліся сэртыфікацыяй абсталяваньня.

Цяпер вы можаце займацца так званым паралельным імпартам і вас увогуле не пытаюцца пра сэртыфікаты. Вы можаце ўвезьці што заўгодна, усталёўваць, выкарыстоўваць, што і як хочаце.

Эканоміка стала значна больш дэрэгуляванай. Можна рэалізоўваць значна сьмялейшыя схемы, чым тое, што рабілася раней. Таму транзакцыйныя выдаткі шмат у чым зьніжаюцца.

А ўсе расказваюць казкі, што гэта дзяржаўная эканоміка, дзе ФСБ стаіць над кожным прадпрымальнікам. Гэта проста хлусьня, на жаль. Але вельмі выгадная для тых, хто чакае хуткага падзеньня пуцінізму і ўкраінскай перамогі.

— Зноў пытаньне пра Беларусь. Вы патлумачылі, што не чакаеце ніякага падзеньня, каляпсу расейскай эканомікі. Тым ня менш... Апошнія гады, пасьля 2022-га асабліва, Расея дэманструе беспрэцэдэнтную шчодрасьць у адносінах да Беларусі. Па розных лініях. Гэта і адкрыцьцё рынкаў, і прамыя датацыі, і нізкія цэны на энэрганосьбіты, і іншае.

Пры гэтым эканоміка Беларусі адносна невялікая. Маштаб расейскай дапамогі гіганцкі па мерках Беларусі. Але па расейскіх ня вельмі. Якім павінен быць спад у Расеі, каб у Крамлі сказалі: «Не, зашмат хоча Аляксандар Рыгоравіч. У нас у саміх трышкаў каптан кароткі»?

Ці тут падыход такі ж, як адносна вайсковых выдаткаў? Вайсковыя выдаткі будуць фінансавацца. І Лукашэнку будуць карміць. Нягледзячы на любыя гіпатэтычныя спады.

— Хутчэй за ўсё, будуць карміць. Папраўдзе, тут два моманты. З аднаго боку, вядома, падтрымка Беларусі зараз праходзіць па лініі чыста геапалітычнай.

Раней, калі ніякай вайны не было, увесь час былі звады з нагоды таго, якая цана на газ, давайце тут прыцісьнем, давайце прыкруцім вэнтыль. Такія размовы вяліся дастаткова часта, і было некалькі канфліктаў. Цяпер іх няма, вы правільна кажаце.

Менавіта таму, што Беларусь разглядаецца проста як частка расейскай вайсковай машыны, гэта пляцдарм для ўварваньня.

Расея разглядае выдаткі на Беларусь як выдаткі на геапалітычны праект, на вайну. Беларусь — верны саюзьнік, у ёй разьмешчаная, імаверна, ядзерная зброя (хоць і ня факт), яна была пляцдармам для ўварваньня ва Ўкраіну. Таму саюзьніка такога маштабу (тым больш адзінага і апошняга) Пуцін з воза ня скіне.

Да таго ж Лукашэнка — вялікі майстра ў дачыненьнях з Расеяй, ён там заўсёды ўрэшце атрымліваў тое, што хацеў. Таму я думаю, што гэты трэнд працягнецца.

Адзіная ўмова, пры якой пытаньне аб дапамозе Беларусі можа быць пастаўлена (я не кажу вырашанае адмоўным чынам, але хаця б пастаўленае), гэта калі расейскі бюджэт сутыкнецца з сур’ёзным дэфіцытам. Гэта значыць, калі, дапусьцім, дэфіцыт утворыцца ў памеры 3% ВУП і вышэй. Раней яго нават ня будуць абмяркоўваць. Падобная магчымасьць не праглядаецца ў пэрспэктыве наступных некалькіх гадоў.

— Эканамічная лібэральная артадоксія кажа: велізарныя ваенныя выдаткі РФ — штучнае ўзбадзёрваньне эканомікі, гэта бурбалка, наркотык. Вы падзяляеце такія ацэнкі?

— Справа ў тым, што ёсьць два тыпы эканомік. Ёсьць эканоміка плянавая. І я думаю, што вельмі часта мы маем на ўвазе досьвед Савецкага Саюзу, эканоміку якога і сапраўды загубілі вялікія вайсковыя выдаткі. Мы памятаем выдатна, якой яна была ў апошнія гады СССР: татальны дэфіцыт. Савецкая эканоміка была плянавай, і ў ёй усе рэсурсы расьпісаныя.

Абаронны комплекс меў вялізны прыярытэт у параўнаньні з усёй астатняй народнай гаспадаркай. Таму, калі раптам прымалася рашэньне, што неабходна выпусьціць нейкую новую клясу міжкантынэнтальных ракет, то скарачалася пастаўка мэталаў у аўтамабільную прамысловасьць, дадаткова павялічвалася працоўная сіла на вайсковых заводах, туды ішлі інвэстыцыі і, натуральна, жыцьцёвы ўзровень насельніцтва падаў, бо рэсурсы былі абмежаваныя.

У рынкавай эканоміцы любы дадатковы попыт (усё роўна, гэта прадукты, гэта тэлевізары ці кампутары, гэта ўнутраны турызм або ракеты, якія падаюць на ўкраінскія гарады), любы ўнутраны попыт падштурхоўвае прапанову.

Расейская эканоміка цяпер па многіх пазыцыях не працуе на поўную магутнасьць. Таму павелічэньне попыту ВПК проста загружае тыя вытворчыя магутнасьці, якія інакш былі б не загружаныя.

Я прывяду пару прыкладаў таго, што ў рынкавай эканоміцы высокія вайсковыя выдаткі могуць цалкам спалучацца з эканамічным ростам.

Расейскія выдаткі на абарону афіцыйна сёлета складаюць 6,7% ВУП. У ЗША абаронныя выдаткі ў памеры 6,7% ад ВУП складалі ў часы прэзыдэнцтва Рэйгана, у 1986 годзе, калі ўжо пачыналася разрадка з СССР. І тады амэрыканская эканоміка адчувала сябе нядрэнна. Яна выдаткі ў памеры 6,7% ад ВУП увогуле не заўважала.

А вось больш радыкальны прыклад. Ізраіль — рынкавая эканоміка, вельмі пасьпяховая, інавацыйная, без сыравіны пры гэтым. З 1970-га па 1990 год сярэднія вайсковыя выдаткі складалі там (увага !) 18,9% ВУП штогод. У тры разы вышэй, чым у Расеі цяпер.

Сярэднеэканамічны рост там тады складаў 4,3%. І ніводнага году рэцэсіі. Гэта адказ на ваша пытаньне.

— Даводзілася чытаць аналізы, што санкцыі, накладзеныя ў свой час на Іран, падзейнічалі не адразу, а празь некалькі гадоў. Магчыма, і ў адносінах да Расеі будзе гэтак жа? Можа, вы проста нешта ня ўлічваеце ці проста памыляецеся?

— Часам эканамісты блытаюць рост і разьвіцьцё. Вось ВУП вырас на 4%, якое шчасьце. Ён у Расеі і сапраўды вырас на 4%, але за кошт чаго? За кошт абароннай вытворчасьці, за кошт павелічэньня замяшчальных галінаў, унутранага турызму, ён расьце на дзясяткі адсоткаў у год зараз.

Гатэльны бізнэс, рэстаранны бізнэс расьце ў правінцыі. Людзі, якія езьдзілі раней у Турэччыну, езьдзяць у турыстычныя паездкі ў Мурманск. І гэта ня жарт. Там ёсьць фірма, якая возіць народ у тундру, і людзі глядзяць на паўночнае зьзяньне, ім вельмі падабаецца.

Я да таго, што гэта ўсё добра, але ніякага разьвіцьця ў такой сытуацыі не адбываецца. Гэта значыць, вытворчасьць савецкіх танкаў працягваецца (можа, крыху мадэрнізаваных).

Але ніхто ж не вырабляе зараз Су-57 або танк «Армата». Усё гэта рабілася ў 1-2 экзэмплярах, тады, калі ўся начынка была заходняй. Цяпер і таго няма.

Эканоміка дэградуе. Нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваныя заходнімі кампаніямі або зь іх удзелам, могуць быць зараз часткова зьнішчаныя ўкраінцамі і будуць перабудоўвацца на кітайскім абсталяваньні, больш прымітыўным.

Па многіх пазыцыях тэхналягічны ўзровень эканомікі дэградуе. Але аб’ёмы працягваюць расьці.

Людзі пачынаюць спажываць больш, купляць няхай не БМВ, а якую-небудзь кітайскую машыну. Але так ці інакш яны спажываюць, больш будуецца жытла, больш вырабляецца сельгаспрадукцыі.

Размова ідзе аб колькасным росьце пры якаснай дэградацыі. Калі-небудзь гэта, вядома, вылезе бокам, але мая гіпотэза палягае ў тым, што гэта здарыцца пасьля вайны. Калі мы глядзім на любую эканоміку ваеннага часу, то бачым, што яна заўсёды ў стане напругі працуе вельмі нядрэнна.

Яшчэ раз паўтару, расейскія вайсковыя выдаткі — гэта цяпер 7% ВУП. Можа быць, яны дойдуць да 10% у наступныя пару гадоў, але гэта толькі 10%. У Злучаных Штатах у 1942 годзе, праз год пасьля таго, як яны ўступілі ў Другую сусьветную вайну, дэфіцыт дзяржбюджэту быў 26% ВУП. У Расеі цяпер — менш за 1%. Гэта значыць, ваенныя намаганьні не такія вялікія, каб надарваць гэту эканоміку.

Пасьля вайны стане зразумела, што некалькі мільёнаў чалавек, якія працуюць цяпер у ВПК, проста не патрэбныя. Стане зразумела, што перакосы трэба выпраўляць, што абсталяваньне састарэла і яго трэба мяняць, а санкцыі ў сіле застаюцца. Вось гэта будзе сур’ёзная праблема. Але гэта будзе праблема пачатку 30-х гадоў.

І гэта значыць, часу для таго, каб усё ж такі Ўкраіну перамалоць, у Пуціна дастаткова, калі вайна будзе ісьці пры цяперашняй інтэнсіўнасьці. Каб гэта спыніць, трэба рэальна ў разы павялічыць заходнюю дапамогу, аддаць Украіне 300 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх рэзэрваў, каб яна магла купіць любую зброю, дзе захоча, у любых колькасьцях, без усялякіх абмежаваньняў на ўжываньне. І каб вайна рэзка пайшла ў бок большай інтэнсіўнасьці.

Калі гэтага ня здарыцца, ніякай перамогі Ўкраіны я не чакаю. І ніякай катастрофы ў Расеі да заканчэньня вайны я таксама не чакаю.

— Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў нядаўна: пры цане на нафту ў 40 даляраў за барэль РФ ня зможа працягваць вайну. Ці сапраўды пры такой цане Расея не зможа ваяваць? І ці рэальна зрабіць цану на нафту такой?

— 40 даляраў за барэль нафты зробяць для Пуціна вельмі некамфортнай сытуацыю прыкладна праз 18 месяцаў пасьля таго, як гэтая цана ўсталюецца. Тады расейскі бюджэт пачне сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі. Пуцін можа працягваць фінансаваць свае ўнутраныя выдаткі ў рублях, выклікаць інфляцыю. Але ў любым выпадку праз паўтара года пасьля ўсталяваньня цаны на нафту ў 40 даляраў за барэль гэта будзе вялікае выпрабаваньне для расейскай эканомікі.

Але пытаньне, як будзе выжываць эканоміка астатняга сьвету пры такой цане на нафту. 40 даляраў за барэль — гэта істотна ніжэй за нулявую рэнтабэльнасьць для амэрыканскіх нафтавых кампаніяў. Зараз Амэрыка самадастатковая, яна прадукуе нафты больш, чым спажывае. І гэта ўпершыню за шмат гадоў. Але такая цана зьнішчыць прыкладна траціну нафтавай вытворчасьці ў ЗША. Усё, што тычыцца сланцавай нафты, пакіне рынак за паўгода.

Манархіям Пэрсыдзкай затокі патрэбная цана ў дыяпазоне 50-60 даляраў за барэль, каб існаваць ва ўмовах памяркоўнага дэфіцыту бюджэту. Кітайцы, зразумела, будуць вельмі рады. Эўрапейцы ўздыхнуць з палёгкай. Але ЗША, арабскія краіны, Аўстралія, Інданэзія будуць зь цяжкасьцю перажываць нафту па 40 даляраў за барэль. Як Трамп зьбіраецца гэтага дамагчыся, я ня ведаю. Але наўрад ці гэта можна зрабіць кансэнсусам. Сабраць кіраўнікоў краін нафтаздабычы і сказаць ім: давайце зьнізім цэны? Ім трэба будзе прапанаваць у выглядзе перніка нешта неймавернае, каб такое зьдзейсьніць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG