Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца МУС Нямеччыны прапанавала выкарыстоўваць нямецкую паліцыю для аховы мяжы Польшчы зь Беларусьсю


Міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр
Міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр

Міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр прапанавала разьмясьціць на мяжы Польшчы зь Беларусьсю сілы агенцтва Эўразьвязу па ахове межаў Frontex.

Пагадненьні аб агульнаэўрапейскай сыстэме наданьня прытулку таксама прадугледжваюць узмацненьне аховы вонкавых межаў Эўразьвязу, заявіла Нэнсі Фэзэр падчас наведваньня польска-беларускага памежнага пераходу Полаўцы — Пясчатка.

«Таму я, вядома, магу ўявіць, што Frontex таксама акажа тут падтрымку, і ў гэтым будзе задзейнічаная вялікая колькасьць нямецкіх паліцыянтаў» — сказала кіраўніца нямецкага МУС. Яе словы прыводзяць нямецкія тэлеканалы N-TV і WELT.

Фэзэр наведала польскі памежны пераход на мяжы зь Беларусьсю разам з кіраўніком МУС Польшчы Томашам Семонякам. Падчас сумеснага брыфінгу на мяжы Семоняк заявіў, што Польшча разьлічвае перш за ўсё на фінансавы ўдзел Эўразьвязу ва ўмацаваньні аховы межаў.

Кіраўнік МУС Польшчы нагадаў, што Польшча ўжо больш за тры гады зазнае гібрыдную агрэсію з боку рэжыму Лукашэнкі, які падтрымлівае Расея. «Калі гэтая мяжа будзе бясьпечнай, увесь Эўразьвяз будзе ў бясьпецы і ніякага кантролю ў Шэнгенскай зоне не спатрэбіцца», — цытуе польскага міністара «Радыё Рацыя».

Нямецкая міністарка пракамэнтавала рашэньне Бэрліну аднавіць з 16 верасьня кантроль на ўнутраных межах з краінамі ЭЗ (гэтая мера выклікала крытыку з боку суседзяў Нямеччыны). Паводле Фэзэр, кантроль на ўнутраных межах Нямеччыны часовы, а яго адмена стане магчымай, калі зьменшыцца колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы.

Кіраўніца МУС Нямеччыны падкрэсьліла, што, акрамя рэформы сыстэмы наданьня прытулку ў ЭЗ патрэбна новая дырэктыва аб «вяртаньні». «Эфэктыўная сыстэма вяртаньня на эўрапейскім ўзроўні вельмі важная, таму што тыя, хто ня мае права заставацца ў Эўразьвязе, мусяць вярнуцца хутка — каб мы маглі абараніць тых, хто сапраўды мае патрэбу ў абароне ад вайны і тэрору. Калі ўсё гэта ў нас атрымаецца, кантроль на ўнутраных межах таксама будзе адменены», — сказала Нэнсі Фэзэр.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • З пачатку 2024 году Польшча спыніла больш за 28 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.
  • З пачатку 2024 году пры затрыманьні або спыненьні мігрантаў, якія незаконна пераходзілі мяжу зь Беларусі, пацярпелі і атрымалі раненьні ўжо 63 польскія вайскоўцы.
  • 15 кастрычніка ўрад Польшчы зацьвердзіў новую міграцыйную стратэгію на 2025–2030 гады, якая падкрэсьлівае намаганьні Польшчы спыніць міграцыйныя праблемы, у прыватнасьці на ўсходняй мяжы зь Беларусьсю. Дакумэнт выклікаў спрэчкі ў вышэйшых эшалёнах улады Польшчы. Юрысты лічаць, што ён можа паўплываць і на беларусаў, якія імігруюць у Польшчу.
  • 17 кастрычніка міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў пра намеры стварыць спэцыяльнае падразьдзяленьне ў структуры Памежнай аховы Польшчы, якое будзе займацца «фізычнай, непасрэднай аховай межаў».
  • 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — Рэд.) іх паклікалі. Няхай ідуць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG