Сытуацыя з выдачай беларусам шэнгенскіх візаў сёлета горшая, чым летась. Чаму так складана трапіць на самастойны запіс ў візавыя цэнтры, чаму мультывізы сталі даваць на такія кароткія тэрміны і пільна правяраць? Запыталіся ў экспэрткі, галоўнай рэдактаркі праекту visaflow.live Анастасіі Лысакоўскай.
«У кожнай краіны сваё бачаньне візавай палітыкі. Кантроль за нелегальнай міграцыяй, за выкарыстаньнем візаў паводле прызначэньня ўзмацніўся. І ня думаю, што мы даведаемся пра ўсе прычыны», — мяркуе экспэртка.
Блізіцца лета — сэзон адпачынкаў, а гэта заўсёды вялікі попыт на візы. У беларусаў засталося няшмат варыянтаў, тлумачыць Анастасія Лысакоўская. І называе тры краіны, у консульствах якіх шанцаў атрымаць візу найбольш: гэта Гішпанія, Італія і Грэцыя.
Мультывізы на 3 месяцы
Візавы цэнтар Гішпаніі ў Менску прымае дакумэнты да адкрыцьця турыстычнага сэзону, запэўнівае экспэртка. Падаць магчыма нават у траўні–чэрвені, але разглядаюць дакумэнты мінімум месяц, і гэта трэба ўлічваць пры падачы. Запіс адбываецца праз афіцыйны сайт візавага цэнтру Гішпаніі ў Беларусі.
Калі ўсе дакумэнты рыхтаваць самастойна, то гішпанская турыстычная віза абыдзецца ў 450–550 беларускіх рублёў. Калі карыстацца паслугамі пасярэднікаў, варта дадаць яшчэ 450–700 рублёў за чалавека. Можна разьлічваць і на мультывізу, але тэрмінам на 1–3 месяцы, або толькі на адну паездку. Бываюць і «падводныя камяні».
Беларуска Юлія цягам апошніх 10 гадоў часта бывае ў Гішпаніі ў працоўных справах. Яна добра валодае гішпанскай, скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт, працуе ў фірме, зьвязанай з гэтаю краінаю. Любіць адпачываць на ўзьбярэжжы. Раней без праблемаў атрымлівала двухгадовыя мультывізы ў візавым цэнтры Гішпаніі. У яе добрая «візавая гісторыя». Але апошнія тры разы запар Юліі выдаюць мультывізы на 3 месяцы, абураецца жанчына.
«Нейкі зьдзек! Уявіце, якія гэта выдаткі: цана візы, сэрвісныя паслугі, засьведчаны пераклад дакумэнтаў, рэзэрвацыя гатэлю, квіткі. Да таго ж трэба паказаць наяўнасьць сродкаў — а цяпер гэта 118 эўра на адзін дзень перабываньня ў краіне. Апошні раз мой пашпарт ужо быў у амбасадзе, я яго здала з процьмай дакумэнтаў, а тут мне прыходзіць паведамленьне, каб я данесла яшчэ і ксэракопію пашпарту. Добра, што я з гішпанскай мовай, плюс у мяне былі тэлефоны консула — я вырашыла гэтую праблему. А дзяўчыне, якая падавала са мной у адзін день, адмовілі. Яна не данесла гэтую копію, хаця яе пашпарт таксама быў у амбасадзе. Паведамілі прычыну адмовы: дакумэнты аформленыя неналежным чынам, плюс ім не спадабалася нейкая рэзэрвацыя», — дзеліцца Юлія.
30 тысяч чалавек у чарзе
Амбасада Італіі, куды раней было адносна лёгка запісацца і якая вызначалася «шчодрасьцю» — давала беларусам мультывізы тэрмінам на 2-3 гады, ад студзеня 2025 году спыніла запіс, бо чарга перасягнула 30 тысяч. Але калі вы пасьпелі заняць жывую чаргу і нумар вашай чаргі меншы, чым 20 000, то шанец пасьпець зрабіць візу летам маеце. Таксама турыстычныя агенцтвы прапануюць туры ў Італію і робяць візы пад свае туры, запэўнівае Анастасія Лысакоўская.
«І яшчэ адзін спосаб. Калі маеце ў Італіі блізкіх сваякоў, якія маюць грамадзянства Італіі, пастаянны ці нават часовы дазвол на жыхарства і якія могуць вас запрасіць, вы можаце накіраваць наўпрост запыт у консульства Італіі, каб вызначылі дату падачы дакумэнтаў. Запрашэньне сваяк можа зрабіць нават ад рукі. Узор ёсьць на сайце консульства. А вось запіс на афіцыйным сайце візавага цэнтру Італіі па-ранейшаму недаступны», — тлумачыць Анастасія.
Ануляваньне атрыманай візы
Часавых слотаў для падачы дакумэнтаў у консульства Грэцыі ў Менску хапае, але сюды лепш падаваць дакумэнты, калі вы едзеце менавіта ў Грэцыю, сьцьвярджае Анастасія Лысакоўская.
«Разгляд дакумэнтаў займае 24 дні. Але апошнім часам грэкі анулююць візу ў выпадку нямэтавага яе выкарыстаньня. Грэцыя можа ануляваць візу нават пры скасаваньні рэзэрвацыі гатэлю яшчэ да паездкі. Для Грэцыі важна, каб рэзэрвацыя заставалася актуальнай і пасьля атрыманьня візы», — тлумачыць Анастасія.
Дакумэнты прымае візавы цэнтар Грэцыі ў Беларусі. Летась быў гучны выпадак, калі група беларускіх турыстаў з «шэнгенам», выдадзеным грэцкім візавым цэнтрам, праз турфірму Interlux паехала на адпачынак у Гішпанію. 40 чалавек затрымалі на мяжы Польшчы і Нямеччыны. Прычына — нямэтавае выкарыстаньне візаў. Усіх дэпартавалі ў Беларусь, а таксама забаранілі наведваць краіны Шэнгенскага пагадненьня цягам 5 гадоў.
Грэцыя найчасьцей выдае візу выключна для канкрэтнай паездкі, у лепшым выпадку — месячную мультывізу. Падобным чынам дзейнічае і амбасада Баўгарыі — пільна правярае мэтанакіраванасьць выкарыстаньня візы.
15 месяцаў чаканьня
У візавы цэнтар амбасады Нямеччыны можна папярэдне запісацца без праблемаў — праз электронную пошту. Але чакаць выкліку ў амбасаду давядзецца ў сярэднім 15 месяцаў. На гэтым тыдні надышла чарга тых, хто запісаўся ў пачатку 2024 году, паведаміў чытач Свабоды Алесь (поўнае імя не падаем з пытаньняў бясьпекі - РС). Ён стаў у чаргу летась у лютым, а днямі яму прызначылі візыт.
«Раней у мяне былі нямецкія візы, бо былі бізнэс-кантакты зь нямецкай фірмай. Спадзяюся на гадавы мультышэнген. Але наслухаўся сумных гісторыяў — людзям даюць візы на вельмі кароткія тэрміны. Майму калегу далі на 3 месяцы, а ягонаму сябру наагул на 15 дзён», — кажа Алесь.
Францыя просіць «лавіць» даты на афіцыйным сайце амбасады, але гэта практычна немагчыма, кажа экспэртка.
«Польшча нібыта і абвяшчае даты для падачы на візу кожныя 2 тыдні, але сайт візавага цэнтру працуе вельмі дрэнна, месцаў на падачу ўсё меней, запіс ператвараецца ў лятэрэю», — паведамляе Анастасія Лысакоўская.
Многія беларусы вельмі ўзрадаваліся, калі «шэнген» пачалі выдаваць новыя краіны. Да прыкладу, Харватыя. Але, як паказвае досьвед, консульства гэтай краіны выдае вельмі шмат адмоваў.
Гісторыю адной беларускі расказаў тэлеграм-канал «Визовый крот». Сям’я падала заявы на візы 18 лютага 2025 году. Праз 55 дзён прыйшла адмова: маўляў, «не было абгрунтаваньня мэты паездкі», — паведаміла жанчына, якая марыла зь сям’ёй адпачыць у Харватыі.
«Мы далі падрабязны турыстычны плян, плюс рэзэрвацыя месца асноўнага перабываньня ў Харватыі (першая рэзэрвацыя на booking.com не спадабалася консульству: быў пазначаны не харвацкі, а нямецкі нумар тэлефона). Па рэкамэндацыі кольсульства мы анулявалі тую рэзэрвацыю і паказалі новую, далі кантакты рэальных харватаў, у якіх будзем жыць, папярэдзілі іх, што ім будуць тэлефанаваць з амбасады і правяраць нас. Мы сумленна далі поўную інфармацыю, нічога не прыдумлялі, нікога не падманвалі, бо хацелі ехаць адпачываць кампаніяй ў пэўнае месца. Усім прыйшлі адмовы.
Перапіска з консулам ні да чога не прывяла: у выніку два месяцы „зьедзеных“ нэрваў, страчаныя грошы, сарваны адпачынак», — піша беларуска.
Падаць апэляцыю і абскардзіць рашэньне амбасады аб адмове таксама складана. Неабходна папярэдне ўзгадніць дату і час з кансулятам, прыехаць у Маскву асабіста з тэкстам на харвацкай мове, аплаціць 45,20 эўра за кожнага просьбіта і чакаць 60 каляндарных дзён, бо апэляцыю разглядае МЗС у Заграбе.
Візавыя агенцтвы: цэны ад 300 да 3 000 рублёў без гарантыі
У Беларусі зараз працуюць дзясяткі пасярэднікаў — візавых агенцтваў, якія прапануюць зварот у розныя амбасады. Просяць ад 300 рублёў за зварот у самыя марудныя і малавядомыя зь іх і да сумы, у 10 разоў большай — да 3 000 рублёў — за хуткую падачу з высокай імавернасьцю атрыманьня шматразовага «шэнгену».
Экспэртка Анастасія Лысакоўская кажа, што гэта цэны рэальныя, людзі сапраўды гатовыя аддаць столькі грошай за візу. Аднак вялікая сума ўсё адно не гарантуе выніку.
«Мяркую, агенты ня могуць паўплываць на вынік. Гэта больш падобна да маркетынгавага ходу. Вынік жа насамрэч залежыць ад шматлікіх фактараў: візавай гісторыі, фінансавых гарантыяў, ад краіны падачы, ад тэрміновасьці і неабходнасьці (альбо як гэта бачаць супрацоўнікі кансулятаў), ад чалавечага фактару. Як каму пашанцуе», — кажа суразмоўца.
Форум