Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Польшчы наведаў закрыты пераход на мяжы зь Беларусьсю і сказаў, пры якіх умовах яго могуць адкрыць


Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк. Архіўнае фота
Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк. Архіўнае фота

Польшча мае ўсе інструмэнты для забесьпячэньня эфэктыўнай аховы польска-беларускай мяжы, заявіў у суботу 19 красавіка ў Баброўніках міністар унутраных спраў Томаш Сямоняк.

Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк разам з камандзірамі памежнай варты, падляскім ваяводам Яцэкам Бжазоўскім пабываў на мяжы зь Беларусьсю ў Баброўніках на Падляшшы, каб сустрэцца з афіцэрамі, якія ахоўваюць усходнюю мяжу, з нагоды Вялікадня.

Міністар пасьля агляду памежнай інфраструктуры сказаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што гібрыдная агрэсія на гэтай мяжы спыніцца. Пераход у Баброўніках (зь беларускага боку Бераставіца) закрыты з 2023 году.

Міністра цытуе Радыё Беласток:

«Наша дзяржава дае ўсе інструмэнты для таго, каб гэтая мяжа была эфэктыўна абароненая. Кожны дзень, кожную ноч — у тым ліку і апошнюю — на гэтым участку былі спробы незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы, і яны былі эфэктыўна адбітыя», — сказаў Сямоняк на прэс-канфэрэнцыі.

Ён заявіў аб ацэнцы эфэктыўнасьці гэтай абароны ў 98 працэнтаў.

Сямоняк таксама паведаміў, што на розныя інвэстыцыі для ўмацаваньня мяжы было выдаткавана 2,6 мільярда злотых (каля 620 мільёнаў эўра). Ён дадаў, што 52 мільёны эўра падтрымкі ЭЗ таксама будуць выдаткаваныя на бясьпеку межаў.

«Мы праверылі, як гэта ўсё працуе. На гэты момант памежная служба пры падтрымцы арміі мае дакладны агляд сытуацыі на ўсёй мяжы і магчымасьць неадкладнага рэагаваньня», — адзначыў кіраўнік МУС Польшчы.

Сямоняк таксама ацаніў, што няма прыкмет таго, што гібрыдная агрэсія на мяжы можа спыніцца:

«Зараз няма ніякіх прыкмет таго, што гібрыдная агрэсія з боку Беларусі, якую падтрымлівае Расея, спыніцца, таму мы будзем працягваць рабіць далейшыя крокі. Мы рашуча пратэстуем супраць інструмэнталізацыі міграцыі, таму што гэта тое, з чым мы маем справу», — сказаў кіраўнік МУС Польшчы.

Сямоняк прызнаў, што закрыцьцё пунктаў пропуску нэгатыўна ўплывае на сацыяльнае і эканамічнае жыцьцё памежных раёнаў. Ён адзначыў, што кіраўніцтва Падляскага ваяводзтва пры ўдзеле міністэрстваў робіць розныя захады для падтрымкі мясцовых прадпрымальнікаў. Аднак, паводле яго слоў, адказ крыецца ў польска-беларускіх адносінах.

«Пакуль Беларусь будзе паводзіць сябе так у адносінах да польскай дзяржавы, ня бачу магчымасьці, каб нешта ў гэтай сфэры зьмянілася. Мы б хацелі, хацелі б, каб гэтыя пераходы былі адчыненыя, каб функцыянавалі нармальна. Але зь беларускага боку мы маем справу з выкарыстаньнем мігрантаў, рэзананснымі сытуацыямі, нядаўна, калі служачы ў форме кідае камяні ў нашых памежнікаў, у нашыя машыны», — сказаў міністар, якога цытуе Reform.news.

Ён падкрэсьліў, што міграцыйны крызіс арганізаваны і падтрымліваецца Менскам.

«Калі Беларусь захоча зьмяніць сваю палітыку, канешне, мы будзем выступаць за нармалізацыю гэтых адносін. Сёньня нішто не паказвае на тое, ня кажучы ўжо пра Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў зьняволеньні, — прайшло ўжо пяць гадоў. Пакуль з боку Беларусі ня будзе зьмененае палітыка, мы будзем надзейна абараняць нашу мяжу, і бясьпека будзе прыярытэтам», — сказаў ён.

Пасьля прысуду дзеячу польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску «Баброўнікі» (зь беларускага боку «Бераставіца»).

Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG