Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія VFS Global папярэдзіла беларусаў пра схемы махлярства зь візавымі запісамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія VFS Global, якая абслугоўвае ў Беларусі дыпляматычныя місіі 16 краін, заклікала беларусаў, якія хочуць запісацца на падачу візы, быць пільнымі і пазьбягаць агентаў або пасярэднікаў, і нагадала, што запіс бясплатны і ажыцьцяўляецца толькі праз афіцыйны сайт кампаніі www.vfsglobal.com.

Кампанія VFS Global цяпер абслугоўвае дыпляматычныя місіі Аўстрыі, Нарвэгіі, Украіны, Ірляндыі, Чэхіі, Грэцыі, Эстоніі, Вугоршчыны, Даніі, Харватыі, Літвы, Вялікай Брытаніі, Фінляндыі, Польшчы, Дамініканскай Рэспублікі, Латвіі.

У VFS Global адзначаюць, што разам з ростам попыту на візы з 2022 году больш стала і ашуканскіх дзеяньняў: зламысьнікі, выдаючы сябе за супрацоўнікаў або партнэраў VFS Global, падманваюць заяўнікаў, абяцаючы раньні запіс на візу за дадатковую аплату.

«VFS Global не супрацоўнічае з трэцімі асобамі і пасярэднікамі, якія часта выдаюць сябе за прадстаўнікоў VFS Global, уводзячы заяўнікаў у зман, падкрэсьліваюць у кампаніі. Калі вы сутыкнуліся з падобнымі асобамі або арганізацыямі, неадкладна спыніце зносіны і давярайце толькі афіцыйным Візавым цэнтрам VFS Global», — падкрэсьліваюць у кампаніі, піша БелТА.

У VFS Global таксама нагадваюць, што ніколі не запытваюць пэрсанальныя зьвесткі ці аплату праз сацыяльныя сеткі, і просяць беларусаў заўсёды выкарыстоўваць афіцыйныя каналы VFS Global для бясьпечнага афармленьня візы і быць пільнымі ў дачыненьні да ашуканскіх схемаў.

Намесьнік дырэктара па апэрацыйнай дзейнасьці VFS Global у Беларусі Вінаяк Прэм Кумар нагадаў, што пры падачы заявы на візу важна памятаць:

  • VFS Global не прымае рашэньні па візах, а займаецца выключна адміністрацыйнымі задачамі, зьвязанымі з прыёмам візавых заяваў і суправаджальных дакумэнтаў. Рашэньні па візах, тэрміны іх апрацоўкі і працягласьць візаў застаюцца ў кампэтэнцыі адпаведных амбасадаў і консульстваў.
  • VFS Global не кантралюе даступнасьць запісу для падачы дакумэнтаў на візы. Колькасьць даступных слотаў для запісу рэгулююць адпаведныя дыпляматычныя місіі ў залежнасьці ад попыту і магчымасьцяў консульстваў. Разьмяркоўваюцца яны па прынцыпе першачарговасьці — то бок у парадку паступленьня заявак на сайце www.vfsglobal.com.
  • Тэрміны апрацоўкі дакумэнтаў залежаць ад краіны, у якую афармляецца віза. Выбар дадатковых паслуг, якія надаюць у візавых цэнтрах (напрыклад, Prime Time — падача дакумэнтаў у непрымальныя гадзіны ці дапамога ў запаўненьні візавай анкеты), не ўплывае на тэрміны разгляду візаў і не гарантуе станоўчага рашэньня аб выдачы візы.


Каб пазьбегнуць памылак у запаўненьні візавай анкеты, якія могуць прывесьці да адмовы ў візе, заяўнікі могуць скарыстацца паслугай дапамогі ў запаўненьні анкеты за дадатковую плату, але яна не зьяўляецца абавязковай і надаецца па жаданьні заяўніка, падкрэсьліваюць у кампаніі.

Для барацьбы з махлярствам і павышэньня бясьпекі кампанія VFS Global укараніла ў Беларусі наступныя захады:

  • уваход у візавыя цэнтры дазволены толькі заяўнікам з пацьверджаным запісам;
  • для запісу на падачу візы ў Польшчу ўкаранілі сыстэму распазнаньня асобаў (для гэтага выяву наведніка параўноўваюць з фатаздымкам у пашпарце), а асабістыя зьвесткі правяраюць падчас анлайн-запісу;
  • фота заяўніка адлюстроўваецца ў сыстэме запісу і ў пацьверджаньні запісу, а потым зьвяраецца з арыгіналам пашпарта ў візавым цэнтры;
  • пры браніраваньні запісу онлайн прымяняюць праверку IP-адрасу, каб пераканацца, што адну і тую ж прыладу выкарыстоўваюць як для вэрыфікацыі асобы, так і для доступу да запісу;
  • для запісу на падачу візы ствараецца ўнікальны ўліковы запіс па нумары пашпарта;
  • для ідэнтыфікацыі карыстальніка і абмежаваньня ўмяшаньня агентаў патрабуецца аднаразовы пароль, які адпраўляюць на электронную пошту заяўніку.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG