Напярэдадні дня народзінаў Анджэя Пачобута пра яго зноў узгадаў Аляксандар Лукашэнка, седзячы на лаўцы і размаўляючы з прапагандыстамі падчас суботніку. Зноў згадаў пра тое, што беларускія ўлады ў свой час хацелі выдаць Польшчы зьняволенага журналіста, але польскі бок адмовіўся. І нібыта сам Пачобут адмаўляецца зьяжджаць у Польшчу.
Лукашэнка, вымаўляючы прозьвішча вязьня, ня першы раз дэманстратыўна ставіць націск не на той склад: «Пачабýт».
«Зразумела, Пачабýт гэты — вечная праблема. І нейкая яшчэ тэма — „для таго каб размаўляць з намі, беларусы павінны зрабіць гэта“. Я кажу: „Ды пашліце вы іх“. Мы нікому нічога не павінны. Хочаце — сядаем ды размаўляем. Ня хочаце — ну…
У свой час мы ім кажам: „Хочаце — забярыце Пачабýта. Адмовіліся“. А Пачабýт сказаў: „Я туды не паеду“. У нас запісана ўсё. Нас папракаюць, што мы кагосьці ўціскаем. Нікога мы не ўціскаем. Месца ўсім хапае», — заявіў Лукашэнка.
Палітычныя спэкуляцыі
Імя Пачобута пастаянна ўзгадвае ня толькі Лукашэнка. Нягледзячы на амаль поўную адсутнасьць інфармацыі ад самога Анджэя, пра яго рэгулярна пішуць і польскія, і беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ.
На ўмовах ананімнасьці знаёмая з сытуацыяй вакол Пачобута сяброўка яго сям’і назвала ўсе гэтыя размовы вакол яго інсынуацыяй.
«Яго ўжо два гады трымаюць ў рэжыме абсалютнага інкамунікада, пастаянна ўтрымліваюць у ПКТ. Няма перапіскі, няма магчымасьці перадачаў. Невядома нават, ці ёсьць у яго, прабачце, ніжняя бялізна, ці не. І хачу адзначыць такі момант: калі розныя палітыкі выказваюцца наконт таго, чаго ён хоча, чаго ня хоча, хоча выяжджаць — ня хоча выяжджаць, хоча на свабоду — ня хоча, тут трэба разумець, што гэта ўсё інсынуацыі. Да яго не пускаюць нікога. Чаго хоча сам Пачобут — ніхто ня ведае, што ён мяркуе, што думае, на што гатовы. Таму часьцяком усе гэтыя выказваньні наконт Пачобута — палітычныя спэкуляцыі», — перакананая знаёмая зьняволенага журналіста.
Мабыць, апошняя інфармацыя ад самога Анджэя Пачобута ішла праз кіраўніцу Саюзу палякаў Анджаліку Борыс, якая сустракалася з Пачобутам год таму, увесну 2024 году. Тады ў інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita яна пракамэнтавала сьцьвярджэньні, што палітвязень ня хоча пакідаць Беларусь.
«Гэта няпраўда. Я размаўляла з Анджэем дзьве з паловай гадзіны. Наша размова тычылася становішча Саюзу палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб польскасьць у Беларусі захавалася, каб мы маглі выкладаць польскую мову. Я прасіла яго разгледзець магчымасьць выезду з краіны, калі яна будзе. Ён мне адказаў: калі ты лічыш, што гэта правільна, я гэта зраблю. На маю просьбу ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыцьцё майго калегі для мяне важнейшае за ўсё», — расказала тады Анджаліка Борыс.
Збой у сыстэме
Вязьні, якія сядзелі ў наваполацкай калёніі № 1, дзе трымаюць і Анджэя Пачобута, кажуць, што журналіст пастаянна знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу. Калі яго выпускаюць пасьля чарговага тэрміну, то ў той жа дзень «прыпісваюць» новае парушэньне і вяртаюць у ПКТ зноў.
Былы палітвязень, які нядаўна вызваліўся з Наваполацку і назваўся Алесем, кажа, што за два гады ў калёніі бачыў Анджэя Пачобута адзін раз. Толькі таму, што адбыўся нейкі збой: Пачобута памылкова на паўдня адправілі з ПКТ у прамысловую зону.
«Паміж чарговымі ПКТ яго на адзін дзень пусьцілі ў атрад, і ён быў на прамзоне паўдня — з 8-й раніцы да гадзіны 12-й. На прамзоне ёсьць такое месца для адзначэньня прафіляктычнага ўліку і курэньня, там можна хвілін на пяць перасекчыся зь іншымі вязьнямі.
Пачобут быў як зорка — усе да яго хацелі падысьці! Я таксама падышоў. Бачна было, што схуднелы, змарнелы, але спакойны, гаворыць упэўнена, разважліва, з разуменьнем, што яго зараз закрыюць зноў.
Яго і закрылі ў той жа дзень, зноў зьмясьцілі ў ПКТ. Мабыць, памыліліся, дапусьціўшы да іншых вязьняў. Ён, мабыць, увогуле ня мог да людзей трапіць, але нейкі збой праграмы адбыўся», — выказаў думку былы палітвязень.
«Мы на зоне менш ведалі, чым людзі на волі»
Яшчэ адзін былы сядзелец наваполацкай калёніі, які вызваліўся год таму, чуў пра Анджэя Пачобута, але сам зь ім ніколі не сутыкаўся.
«Ведаю толькі, што супрацоўнікі калёніі паміж сабой называюць яго „паляк“ — іх вельмі раздражняе павышаная ўвага звонку, тое, што пра яго шмат пішуць і дамагаюцца вызваленьня», — узгадваў ў інтэрвію Свабодзе былы зьняволены.
Суразмоўца кажа, што ўнутры зоны супрацоўнікі робяць усё, каб зьвесткі пра «знакавых» палітвязьняў кшталту Віктара Бабарыкі, Анджэя Пачобута, Ігара Лосіка сярод іншых вязьняў не пашыраліся.
«У калёніі такога няма, каб абмяркоўвалі кагосьці. Бабарыка зьнік і зьнік — мы на зоне менш ведалі пра Бабарыку ці Пачобута, чым людзі на волі, хоць тыя сядзелі за плотам у суседнім будынку. Там не прынята абмяркоўваць.
Што да Пачобута, у турме гаварылі, што празь яго закрылі памежныя пераходы, дык нават зьняволеныя жартавалі: „Выпусьціце Пачобута, адкрыюць тыя пераходы“», — узгадвае суразмоўца.
Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га, які Пачобут назваў агрэсіяй, журналіста абвінавацілі ў „распальваньні варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы“. Таксама ў справе фігуравалі заявы Анджэя ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул аб пратэстах у 2020 годзе і нават тэкст 2006 году пра аднаго з кіраўнікоў польскага антыкамуністычнага падпольля.
8 лютага 2023 году Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў зьняволеньня. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, якая славіцца вельмі жорсткім рэжымам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пісаць прашэньне аб памілаваньні Пачобут адмовіўся. Больш за год ад яго няма лістоў. Ад былых палітвязьняў, якія выходзяць на волю, вядома, што ў Анджэя праблемы са здароўем, але належнага лячэньня яму не даюць. Палітвязьня пастаянна трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу.
Пасьля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску „Баброўнікі“ (зь беларускага боку „Бераставіца“).
Польскія ўлады сьцьвярджаюць, што пастаянна дамагаюцца вызваленьня Пачобута. Улады Беларусі, з свайго боку, кажуць, што палякі ня хочуць яго забіраць.
Форум