Аляксандар Іваноў жыў у Гомлі, працаваў начальнікам аддзела кадраў (HR) у IBA-Gomel. Сям’я мела лецішча, якое знаходзіцца побач зь вёскай Зябраўка, дзе разьмешчаны вайсковы аэрадром.
«Калі адбылося ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, мы пастаянна бачылі, як гелікоптэры ляталі зранку ў бок Украіны, а пасьля абеду вярталіся назад.
Неяк на лецішчы пабачыў, што два летакі накіраваліся ў бок Украіны. І напісаў у «Беларускі Гаюн» літаральна пяць слоў : «Два самалёты ляцяць на поўдзень». Не было ні фотак, ні відэа. Яны запэўнівалі, што ўсё бясьпечна, празь дзень нібыта здымаюць паведамленьні. Ня ведаю, як так атрымалася… Захады бясьпекі не былі выкананыя», – расказвае Алесь пра тое, за што атрымаў 2 гады калёніі.
Тое паведамленьне ў «Беларускі Гаюн» ён адправіў у сакавіку 2022 году. А 4 жніўня, калі вяртаўся з прабежкі а палове на сёмую раніцы, каля пад’езда яго чакалі сілавікі. У кватэры правялі ператрус, знайшлі бел-чырвона-белую сымболіку. Павезьлі на допыт.
«Мы з жонкай былі гатовыя да таго, што мяне могуць затрымаць. Пасьля лета і восені 2020 году мы часам хаваліся, пакідалі дом, бо трывожныя сыгналы былі. За дзень да гэтага прыходзілі двое з ГУБАЗіКу, мы не адчынілі. А наступным ранкам я вяртаўся з прабежкі, мяне паклалі тварам у падлогу. Размаўляў зь імі па-беларуску», – успамінае суразмоўца.
Іванову інкрымінавалі «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). 8 сьнежня 2022 году судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксей Хлышчанкоў прызначыў яму 2 два гады зьняволеньня. Пакараньне палітвязень адбываў у Наваполацкай калёніі №1. Там яму пашчасьціла пазнаёміцца з Андрэем Пачобутам, а таксама пабачыць Віктара Бабарыку.
Расейскамоўнае асяродзьдзе, служба ў КДБ
Алесь Іваноў нарадзіўся ў 1962 годзе ў Петрыкаве на Гомельшчыне. Дзед па бацьку – расеец з Арлоўскай губэрні, бабка родам з-пад польскага Кракава, але лічыла сябе беларускай, размаўляла ў асноўным трасянкай і ўжывала шмат польскіх слоў. Па матчынай лініі ўсе беларусы, з-пад Добруша, расказвае Алесь.
«Усё маё дзяцінства прайшло ў расейскамоўным асяродзьдзі, тата быў вайскоўцам. Калі я вучыўся ў 3-й клясе, мы пераехалі на Сахалін. Вярнуліся ў Беларусь у 1978 годзе, 10-ю клясу я заканчваў ужо ў Гомлі. Мяне тады вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы і літаратуры.
Дзед меў прозьвішча Іваноў, але я схіляюся, што ён з тых беларусаў, якіх пры Іване Жахлівым высялялі ў Расею. Дарэчы, больш за ўсё Івановых у Беларусі і ў Польшчы (а не ў Расеі) – інтэрнэт мне паказаў. Я зараз займаюся пошукамі сваіх каранёў, продкаў», – дзеліцца Алесь.
Ён скончыў Гомельскі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Некаторы час – да 1994 году – служыў у КДБ. У апошнія гады працаваў начальнікам аддзела кадраў (HR) у гомельскім прадстаўніцтве міжнароднай кампаніі IBА.
«Я ж беларус»
Алесь Іваноў прызнаецца, што даўно марыў перайсьці на беларускую мову, але пераймаўся, што недастаткова добра ёю валодае. З 2010 году шмат часу надаваў вывучэньню беларушчыны.
«У 2014 годзе, пасьля захопу Расеяй Крыму, я канчаткова вырашыў перайсьці на беларускую мову, бо я ж беларус і павінен адрозьнівацца ад расейцаў. Пачаў пакрысе размаўляць, чым крыху зьбянтэжыў сваю сям’ю. Дарэчы, малодшы сын крыху раней перайшоў на беларускую. Знарок чытаў толькі беларускую літаратуру, бо не вывучаў яе зусім у школе.
Калі мне хтосьці рабіў заўвагі, маўляў, «што ты выпендрываесься, ты ня ўмееш размаўляць, робіш памылкі», я знайшоў такую адмазку: «Няхай мне робяць такія заўвагі тыя, хто гаворыць па-беларуску. А вы ж размаўляеце па-расейску», – кажа мужчына.
Калі быў затрыманы і апынуўся ў Гомельскім СІЗА, таксама размаўляў па-беларуску. Асабліва за гэта ня ціснулі, кажа ён.
«Ня ведаю, што было тормазам для іх, але мяне ня білі, не катавалі. У СІЗА я не адчуваў на сябе асаблівага ціску. Былі, праўда, некаторыя вычварэнцы, якія рабілі выгляд, што не разумеюць. Я адказваў, што, маўляў, «калі ты не разумееш па-беларуску, няма чаго табе рабіць у спэцслужбах Рэспублікі Беларусь». Затыкаліся, вядома. Калі быў дзяжурным, нават рапарт рабіў па-беларуску. Злаваліся, але цярпелі!» – успамінае ён.
«Беларускамоўны дзед»
Што тычыцца бібліятэкі, у Гомельскім СІЗА немагчыма было азнаёміцца з каталёгам таго, што ёсьць у наяўнасьці, расказвае суразмоўца. А жанчына-бібліятэкарка проста зьдзекавалася: калі Іваноў прасіў кнігі беларускіх аўтараў, прыносіла, да прыкладу, Івана Мележа па-расейску.
Алесь прызнаецца, што ў Гомельскім СІЗА нават мянушку «беларускамоўны дзед» атрымаў – даведаўся ад іншых арыштантаў, што пра яго ходзіць такая пагалоска.
«Калі хтосьці новенькі трапляў у нашу «хату» зь іншай, то казаў: «О, дык ты і ёсьць той беларускамоўны дзед?». Мяне спачатку гэта крыху бянтэжыла, але потым зьмірыўся, што пра мяне ўжо слава пайшла.
Дарэчы, калі я быў ужо ў Наваполацкай калёніі, туды заехаў хлопец з Гомельскага СІЗА, зь якім мы там не перасякаліся. Сказаў, што чуў пра мяне даўно. Але прыкра, што беларус, які размаўляе на сваёй роднай мове, становіцца легендай», – разважае былы палітзьняволены.
У Наваполацкай калёніі Іваноў таксама размаўляў па-беларуску. За гэта палітзьняволенага паважалі нават некаторыя крымінальнікі: маўляў, хоць хтосьці падтрымлівае беларускую мову. Выхоўваў і моладзь. Расказаў пра хлопца, які сядзеў паводле наркатычнага артыкулу, якога толькі-толькі перавялі з калёніі для малалетак.
«Мы разам хадзілі на прафулік адзначацца. Я размаўляў выключна па-беларуску, а ён пытаецца, чаму. Я адказваю: «Дык я ж беларус». Ён пярэчыць: «Дык і мы беларусы». – «А чаму ты лічыш, што ты беларус?» – «Я нарадзіўся ў Беларусі». Тады я рэзка адказаў: «Вы расейцы, якія нарадзіліся ў Беларусі».
Алесь Іваноў прабыў у Наваполацкай калёніі з 9 сакавіка 2023 году па 21 красавіка 2024-га. Кажа, што бібліятэка ў калёніі была добрая. Ён пасьпеў прачытаць усяго Быкава, Караткевіча, многіх іншых беларускіх пісьменьнікаў. Але ціха, негалосна зь бібліятэкі пачалі прыбіраць спачатку кнігі на замежных мовах, падручнікі і слоўнікі. Потым зьнік часопіс «Дзеяслоў».
«Я, дарэчы, падпісаўся на «Дзеяслоў» – мне параіў былы палітвязень-свабодавец Андрэй Кузьнечык, але ня ўсе нумары атрымаў. Мне патлумачылі, што, маўляў, ён закрыўся, але ж гэта ня так, яны спынілі выпуск значна пазьней.
Калі я зьвяртаўся па канкрэтныя беларускія кнігі, мне казалі, што няма, нібыта хтосьці ўзяў. І так пакрысе-пакрысе яны пачалі зьнікаць. А потым чалавек, які вызваліўся ўжо пасьля мяне, сказаў, што ўсе беларускія кнігі зьніклі», – кажа Алесь.
Спрэчкі з адміністрацыяй
Адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі, кадравік, пераконваў вязьняў, што ў краіне ўсё добра, эканоміка расьце. А ў калёніі ў той час зьменшылі норму пяльменяў – зьняволеныя забаўляліся, іх лічылі. Дык вось раней у порцыі было 20 штук, а потым па 18, 16. Калі зьняволеныя запыталіся, чаму, той кадравік пачаў тлумачыць. Маўляў, Саўмін перагледзеў нормы. Алесь запярэчыў:
«Штосьці тут не стасуецца: жывём усё лепш, эканоміка расьце, а нормы зьніжаюцца. І тут ён раптам пытаецца: «А вы ў войску служылі?». Я кажу, не, у інстытуце была вайсковая катэдра, скончыў яе лейтэнантам. Ён пытаецца, якое ў мяне цяпер званьне. Адказваю, што маёр. «Не служылі, а маёр?». Ну я вымушаны быў прызнацца, што служыў у КДБ».
Алесь мяркуе, што ў таго турэмніка ў галаве ня ўкладвалася, як чалавек, які быў афіцэрам КДБ, апынуўся ў калёніі. Потым той кадравік паспрабаваў неяк згладзіць сытуацыю, што, маўляў, «думаю, усё ў вас будзе добра».
«Я адказваю: «Спадзяюся, што і ў краіне будзе хутка ўсё будзе добра, і мы, палітычныя, нават кампэнсацыю атрымаем. Ён афігеў: «Вы былы кадэбіст і верыце ва ўсё гэта?».
Пытаецца, дзе я працаваў перад затрыманьнем. Адказваю, што кіраваў аддзелам кадраў ІТ-кампаніі. Ён кажа: «А, понятно… К вам все по блату устраиваются». Я яму: «У нас блат не практыкуецца, а працуюць толькі тыя, хто прыносіць карысьць кампаніі». Ён кажа: «Што, і я магу ўладкавацца?». Я ў адказ: «Калі ў вас ёсьць такая магчымасьць, то хутчэй бяжыце з гэтай сыстэмы!». Хлопцы ўсе зарагаталі. Мне шмат хто ціснуў рукі потым», – успамінае былы палітвязень.
Бабарыка і Пачобут
У Наваполацкай калёніі Алесь Іваноў пазнаёміўся з Анджэем Пачобутам, які быў у іншым атрадзе, але іх брыгады працавалі побач на прамзоне. Яшчэ на волі быў ён падпісаны на сацсеткі Пачобута, сачыў за актыўнасьцю журналіста.
«Анджэй быў вельмі схуднелы, але пазнавальны. Ён надзвычай камунікабэльны, інтэлігентны, аптыміст, заўсёды быў у добрым настроі. Я хваляваўся, што гэтымі ягонымі рысамі скарыстаюцца правакатары. Заўважыў, як працяглы час да яго падсядаў і размаўляў адзін з «казлоў» (зэк, які адкрыта супрацоўнічае з адміністрацыяй. – РС) Сяргей. Неяк, скарыстаўшыся магчымасьцю апынуцца сам-насам з Андрэем, я папярэдзіў яго пра небясьпеку стасункаў з «казлом». Вядома, што праз мэдыйную пазнавальнасьць Пачобута ізалявалі – прыдумалі нейкае парушэньне, каб накіраваць спачатку ў ШЫЗА, пазьней – у ПКТ», – прыгадвае Іваноў.
Віктара Бабарыку бачыў аднойчы – у сакавіку 2023 году «на промцы», але не пазнаў, бо Бабарыка моцна схуднеў.
«Мне паказваюць: «Вунь Бабарыка» – на дзядзьку за пяць мэтраў, а я гляджу і не пазнаю. Падышоў, прадставіўся, паручкаліся, але паразмаўляць не атрымалася – шмат людзей атачылі яго. Менавіта ад таго, што Віктар Бабарыка ўвесь час быў у цэнтры ўвагі палітзьняволеных, адміністрацыя калёніі пастаянна трымала яго ў ізаляцыі – у ШЫЗА, ПКТ», – мяркуе Алесь Іваноў.
Заўсёды супраць несправядлівасьці ўлады
Алесь Іваноў прызнаецца, што заўсёды быў супраць несправядлівасьці улады і паказваў гэта, выказваючыся ў інтэрнэце. Калі па ўсёй краіне зьявіліся кіёскі «Табакерак», да яго трапіла нейкая «ўказіўка» ад уладаў, што трэба весьці здаровы лад жыцьця, успамінае Алесь.
«Я тады ў Facebook выставіў пост: сфатаграфаваў гэту паперку і напісаў: а ці ня варта ўладам зьвярнуць на гэта ўвагу, бо паўсюль, і побач са школамі, зьяўляюцца гэтыя «Табакеркі»? І з таго часу на мяне самога сталі зьвяртаць увагу. Выклікаў дырэктар: «Як да цябе трапіла гэтая «ўказіўка»?»
Яшчэ раней, калі праводзілася масавая дактыляскапія і ва ўсіх мужчын бралі адбіткі пальцаў, я адмовіўся здаваць тыя адбіткі. Да мяне нават прыходзілі супрацоўнікі КДБ на працу. Але я ўсё адно адмовіўся», – кажа Іваноў.
Неяк у Facebook ён параўнаў Лукашэнку з Гітлерам. Запосьціў іх фота (Гітлер быў са свастыкай). Тады Іванова прыцягнулі да адказнасьці і прызначылі штраф за распаўсюд нацысцкай сымболікі.
7 дзён арышту за акцыю, на якую не хадзіў
Апошняй кропляй стала затрыманьне Алеся Іванова і арышт на 7 дзён за ўдзел у шэсьці ўвосень 2020 году. Ён прызнаецца, што часам удзельнічаў у маршах, але тыя выходныя дакладна правёў зь сям’ёй на лецішчы, было шмат сьведак. Яго выклікалі да сьледчага.
«Ён мне паказвае фота, зробленае з камэры назіраньня. «Гэта вы?» – «Не, дакладна ня я. У мяне нават вопраткі такой няма», – адказваю. Ён прапануе паказаць відэа. А там нейкі дзядзька (які нібыта я) з плякатам у нейкі момант паварочваецца – і добра відаць залысіна. Я кажу: «Стоп! Паглядзіце на кадар і паглядзіце на маю галаву – у мяне няма залысіны», – успамінае Алесь.
Але яго ўсё адно павезьлі ў ІЧУ. На судзе міліцыянт паказваў тое самае фота дрэннай якасьці, скрыншот зь відэа. Іваноў запярэчыў, што там дрэнная якасьць, па фота немагчыма ідэнтыфікаваць, хто там. І што ёсьць відэа, дзе добра відаць, што гэта ня ён.
«Судзьдзя запытваецца: «У вас відэа ёсьць?» А той мент ззаду мяне сядзіць у пустой залі. Я паварочваюся да яго і кажу, што відэа ёсьць у міліцыянта. «Ах, у вас няма? Дык пра што размова?». І прызначае мне 7 дзён арышту», – абураецца мужчына.
Алесь адседзеў прызначаны тэрмін, у апэратара мабільнай сувязі раздрукаваў геалякацыю, дзе быў ягоны тэлефон у той дзень. Сьведак знайшоў. Падаў скаргу ў абласны суд.
«Судзьдзя пытаецца: «У вас машына ёсьць?»– «Ёсьць». – «Дык вы маглі прыехаць на гэта шэсьце». І пакінуў рашэньне раённага суду ў сіле. Ды ў нас не прэзумпцыя невінаватасьці, а прэзумпцыя вінаватасьці!» – абураецца былы палітвязень.
Жаданьне заставацца ў Беларусі
Калі Алесь Іваноў адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі, жорстка затрымалі ягонага старэйшага сына Кірыла. Прычынай стаў камэнтар у адрас памежніка, а ў тэлефоне знайшлі старонку з жоўта-блакітным аватарам стрыечнай цёці, якая жыве ва Ўкраіне. З гэтага міліцыянты зрабілі выснову, што сын падтрымлівае Ўкраіну.
На допыце ў ГУБАЗіКу Кірыла моцна пабілі. Прысудзілі 2 гады хатняй хіміі. Праз паўгода Кірылу ўдалося пакінуць Беларусь.
20 красавіка 2024 году ў Алеся Іванова скончыўся тэрмін зьняволеньня. Жонка зь ягоным братам прыехалі забіраць палітвязьня з валізкамі, каб адразу выехаць з краіны. Бо за пару месяцаў да вызваленьня ў кватэру прыходзілі супрацоўнікі фінансавых органаў, пыталі пра данаты. Да таго ж Алесь браў удзел у многіх маршах у Гомлі, маглі знайсьці фота адтуль. Але ён адразу ехаць не пагадзіўся.
«Я іх пераканаў, і мы паехалі дахаты ў Гомель. Я хадзіў у пастарунак, адзначаўся, мяне пастаянна правяралі. Роўна месяц пабыў дома і зразумеў, што трэба ехаць, бо ў спакоі мяне не пакінуць».
22 траўня 2024 году Алесь Іваноў з жонкай выехалі зь Беларусі. Цяпер наладжваюць жыцьцё ў новай краіне. Абодва іх сыны таксама пакінулі Беларусь.
Форум