Аўтар матэрыялу М. Якубайціс апавядае, як старшыня праўленьня Ўкраінска-літоўскай гандлёвай палаты Крысьціна Лайма Алекнене атрымала дазвол на вываз у Беларусь вялікага сьпісу тавараў. Пры гэтым нагадвае, што пацярпелыя на ўкраінскім фронце расейскія вайскоўцы таксама лечацца ў беларускіх шпіталях.
Алекнене кіруе праўленьнем Украінска-літоўскай гандлёвай палаты, публічна асуджае Расею як агрэсара і наводзіць гандлёвыя масты з Украінай. Але зарабляе на жыцьцё яна бізнэсам — кіруе віленскай фірмай «Euromed distribution», якая апошнім часам працуе з кліентамі ў Беларусі.
Аўтар прызнае, што Беларусі бракуе сучаснага мэдычнага абсталяваньня і найноўшых лячэбных сродкаў замежнай вытворчасьці. У дзяржаўных шпіталях і клініках Беларусі, дзе таксама, як паведамляе ўкраінская прэса, лечацца і расейскія вайскоўцы, не хапае рознага рыштунку — ад лямпаў да рэактываў, ад экранаў да складанага абсталяваньня.
Кампанія, якою кіруе Алекнене, гатовая сёлета экспартаваць у Беларусь абсталяваньне, запасныя часткі, розныя тавары мэдычнага прызначэньня на суму ў некалькі мільёнаў эўра, высьветлілі журналісты Літоўскага радыё. Тавары вырабленыя ў краінах ЭЗ, Вялікай Брытаніі, ЗША і Кітаі.
Радыё LRT мае копію дзейнага да канца году дазволу на экспарт для гэтай кампаніі ад Міністэрства эканомікі і інавацыяў.
Афіцыйнымі замоўцамі выступаюць дзьве беларускія кампаніі: «Белрэамед» і «Тасілена». Канчатковымі бэнэфіцыярамі зьяўляюцца дзяржаўныя мэдычнія ўстановы Беларусі, у тым ліку 5-я клінічная лякарня Менску.
Тым часам міжнародныя журналісцкія расьсьледаваньні ня раз выяўлялі, што параненыя на фронце расейскія салдаты лечацца ў Беларусі.
«Ня раз было даказана, што Беларусь і яе ўлады аказваюць падтрымку расейскім вайскоўцам», — адрэагаваў на гэтую навіну Алекса Матвееў, заснавальнік Украінскага дому ў Вільні.
Сама кіраўніца кампаніі не захацела камэнтаваць гэтую тэму.
«Ёсьць акцыянэры кампаніі, зь якімі трэба ўзгадняць дзеяньні», — сказала Алекнене. Яна сама раней была акцыянэркай кампаніі, а цяпер акцыі належаць брытанскай кампаніі Euromed Healthcare group, якая базуецца недалёка ад Манчэстэру.
Ці чула яна, што ў Беларусі таксама лечацца параненыя на фронце расейскія салдаты? У прадпрымальніцы «такой інфармацыі няма, трэба праверыць», — сказала яна і паабяцала даць інфармацыю пазьней, але на званкі больш не адказвала.
Радыё LRT зьвязалася і з акцыянэрамі, але яны пакуль не адказалі на запыт.
Мэдычныя тавары афіцыйна не ўваходзяць у санкцыйны сьпіс экспарту ў Беларусь, але кампанія Алекнене ўсё роўна мела атрымаць дазвол у Міністэрстве эканомікі і інавацыяў на экспарт тавараў у Беларусь. Такі дазвол яна атрымала — Радыё LRT мае копію дазволу на вываз.
«Як яны запэўняць, каб тавар ня трапіў у рукі тых, хто адказны за вайну ва Ўкраіне і хто ўчыніў там ваенныя злачынствы?» — задаў з гэтай нагоды пытаньне літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс.
Супрацоўніцтва з рэжымнымі кампаніямі, нават калі тавар непадсанкцыйны, павінна быць узважаным. Узьнікае і пытаньне, хто зможа гарантаваць, што гэтыя тавары ня трапяць у Расею. Кампанія павінна адказаць на гэтыя пытаньні, кажа Юрконіс.
Форум