Дзе жылі ірляндцы ў Беларусі? Куды езьдзіў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі? Хто будаваў другі Рым? Таямніцы й загадкі старых беларускіх паркаў — у восеньскай вандроўцы з нашай сталай аўтаркай Янай Шыдлоўскй.
1. Радзівілаўскі парк Альба
Зьдзічэлая і ціхая цяпер Альба тры стагодзьдзі таму была найбуйнейшым паркам Усходняй Эўропы, дзе ладзіліся шумныя балі і надзвычай багатыя ловы. Парк быў закладзены бліскуча адукаваным і таленавітым Мікалаем Радзівілам Сіроткам, які пасьля падарожжа па Эўропе ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя вярнуўся ў Нясьвіж. Тут ён марыў пабудаваць другі Рым, і сваю шыкоўную летнюю рэзыдэнцыю на паўднёвым захадзе ад Нясьвіжа на рацэ Ўша назваў Альбай — у гонар места Alba Longa, дзе нарадзіліся мітычныя заснавальнікі Рыму Ромул і Рэм.
З XVI стагодзьдзя Альба вядомая зьвярынцам, дзе для паляваньня гадаваліся ласі, алені, казулі і дзікі. Дзікіх жывёл у радзівілаўскі зьвярынец гналі і з палескіх лясоў па спэцыяльна агароджанай дарозе, што цягнулася на некалькі міляў. У асобных клетках жылі зьвяры, прывезеныя Сіроткам са Сьвятой зямлі. Яго госьці маглі ўбачыць лямпарта, альбо леапарда, фараонавых пацукоў, альбо сусьлікаў, а таксама малпаў з сабачымі галовамі.
На пачатку XVIII стагодзьдзя ў Альбе гаспадарыць Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька — заснавальнік Нясьвіскага тэатру. Шматлікія спэктаклі з багатым пачастункам пасьля іх адбываліся ў Альбе. Замак пад назвай Кансаляцыя атачаў маляўнічы парк з алеямі, каналамі і аранжарэямі, дзе расьлі апэльсіны, лімоны і размарын. У зьвярынцы зьявіліся экзатычныя японскія сьвінкі і вярблюды, запрацавала базантарня для фазанаў, манэж і стайня з найлепшымі ангельскімі, гішпанскімі і турэцкімі коньмі. А ў 30 гады ў Альбе пачынае працаваць мануфактура па ткацтве залатых паясоў, якая пасьля пераезду ў Слуцк праславіцца сваімі вырабамі на ўвесь сьвет.
Наймацней гучаць Альбу прымусіў Караль Станіслаў Радзівіл, якога называлі Пане Каханку. Пры ім у парку зьявілася сыстэма шматлікіх каналаў, што промнямі разыходзіліся ад вялікага возера з востравам пасярэдзіне, і былі пасьлядоўна злучаны паміж сабою шлюзамі. Па каналах плавалі лодкі і невялікія караблі, а па берагах стаялі драўляныя гасьцявыя дамы для ахвочых пажыць на прыродзе. Дарэчы, сыстэма каналаў у Альбе захавалася да сёньня, як і рэшткі некалі багатага парка, у якім расьлі ліпы, яліны, хвоі, сасна Банкса і веймутава сасна, чорная алешына, граб, старыя дубы-волаты і іншыя экзатычныя і мясцовыя дрэвы.
2. Ду́байскі парк з унікальнай воднай сыстэмай
Ду́бае на Піншчыне называюць адным з найцікавейшых паркаў пэрыяду панаваньня францускага стылю ў садова-паркавым мастацтве. Яго гісторыя пачынаецца напрыканцы XVI стагодзьдзя. У 1596 годзе дубайскія мясьціны набывае заможны шляхціц Ян Полаз, які заснаваў тут першы вялізны парк з палацам у цэнтры. Чарговы ўладальнік Дубага Альбрэхт Радзівіл падараваў ваколіцы пінскім езуітам, якія зрабілі палац летняй рэзыдэнцыяй ордэну, а на штучнай высьпе ўзьвялі касьцёл. Некаторы час тут жыў навучэнец езуіцкага калегіюму Адам Нарушэвіч, які наступным разам наведае гэтыя мясьціны з каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім.
У другой палове XVIII стагодзьдзя гаспадаром Дубага становіцца гетман ВКЛ граф Міхал Казімір Агінскі, які ініцыяваў будову знакамітага канала. Дубайскі парк ён перарабляе на францускі манер і дадае ў яго кампазыцыю ўнікальную водную сыстэму, якая захавалася да сёньня. Квадратны па схеме парк быў утвораны каналамі і меў некалькі ставоў, у тым ліку найвялікшы і круглы дыямэтрам больш за 30 мэтраў, дзе месьціўся галоўны фантан. Парадны ўваход калісьці ўпрыгожвалі пілоны, а з іншых бакоў у парк вялі яловыя прысады. Маршрутныя сьцежкі былі пракладзеныя ўздоўж каналаў сярод веймутавых соснаў, ліпаў, дрэваў грэцкага арэху і экзатычнай белай піхты.
3. Парк для караля ў Бачэйкаве
Рыхтуючыся да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, амбітны Юзаф Цеханавецкі будуе ў Бачэйкаве шыкоўны мураваны палац, які становіцца цэнтрам кампазыцыі рэгулярнага парку на правым пакатым беразе ракі Ўлы, аформленым трыма шырокімі тэрасамі. Перад палацам разьмяшчаўся авальны партэр з кветнікам і фантанамі, ваду ў якія падавалі з ракі дызэльным рухавіком. На верхняй пляцоўцы парка расьлі некалькі сотняў дубоў, экзатычныя кедр, лістоўніца, коркавае дрэва. На поўдзень ад палацу ўзвышаўся масіў ліпаў і таполяў. Тэрасную частку, аформленую газонамі, шпалерамі, лябірынтам, фантанам, аздаблялі ліпы, бэз пэрсыдзкі, гартэнзія мяцёлчатая. Камбінацыя сьцяжынак утварала герб роду Цеханавецкіх «Дубрава». У адным з найпрыгажэйшых паркаў Рэчы Паспалітай была свая водная сыстэма каналаў, дзе разводзілі дэкаратыўных рыбак і каталіся на ладзьдзі. На беразе аднаго з вадаёмаў быў збудаваны дом з калёнамі, дзе жылі наглядчык, пісар, лоўчы, разьмяшчаліся пакоі для гасьцей, што прыяжджалі на паляваньне, і вялікай заляй для баляў. Значна пашкоджаны падчас Другой сусьветнай вайны, парк, аднак, і цяпер прываблівае турыстаў.
4. Нясьвіскія паркі Марыі Радзівіл
Сваім існаваньнем Нясьвіскія паркі абавязаныя гаспадарлівай Марыі Дароце Радзівіл. Яна паходзіла са старажытнага арыстакратычнага францускага роду дэ Кастэлян. Расла ў радавым замку, жыла ў Парыжы, стаўшы жонкаю Антонія Вільгельма Радзівіла, пераехала ў Бэрлін. Адтуль пара скіравалася ў нясьвіскую рэзыдэнцыю, якая шмат гадоў пуставала. Новую гаспадыню зусім не зьбянтэжыў закінуты стан радзівілаўскага палацу. Неўзабаве ён верне бляск і шарм, неабходныя для шматлюдных прыёмаў. Упарадкоўвалі тэрыторыю вакол рэзыдэнцыі вядомыя садаводы Андрэй Пастарэмчык, Міхал і Адольф Стоцкія, Антоні Глінскі.
Першы, закладзены ў 1878 годзе, парк атрымаў імя ў гонар Антонія Вільгельма Радзівіла, гаспадара палацу, які на той час канчаткова страціў абарончую функцыю. Прылеглая тэрыторыя, якая ў неспакойныя часы мусіла быць расчышчанай для паляпшэньня агляду і магчымасьці абстрэлу, цяпер магла выкарыстоўвацца інакш. Парк Антонія быў закладзены на зьнешніх лініях абароны, а таксама на замкавых валах. Адначасова на францускі манер ствараўся Стары парк, упрыгажэньнем якога стала канадзкая таполя, пасаджаная тут на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Дрэвы сюды везьлі з лепшых лясных гаспадарак краіны, а экзоты выпісвалі з Бэрліну. На тэрыторыі парка займаліся спортам, а таксама ладзілі кірмашы.
Наступным зьявіўся Марысін парк на беразе Дзікага става. На яго стварэньне Марыю Радзівіл натхніла трагічная гісторыя каханьня. Парк, пабудаваны па прынцыпе маляўнічасьці і рамантычнасьці, упрыгожвалі сыстэмы каналаў, штучны ручай, фантаны, стаў з востравам, які назвалі Востравам каханьня, кляновыя і ліпавыя алеі. На поўнач ад Марысінага паркавы комплекс працягваецца ляканічным Ангельскім паркам, межамі якога былі роўнымі шэрагамі высаджаныя дрэвы, і Замкавы стаў, а дрэвы на газоне расьлі ў строгім шахматным парадку.
Апошнім, у 1911-м, закладаецца Японскі сад. Шырокія дарожкі ў ім замянілі вузкімі пакручастымі сьцежкамі, расьліннасьць складалі карлікавыя дрэвы і кусты, сярод якіх узвышаліся мастацкія кампазыцыі з камянёў. Працы ў парку перапыніла Першая сусьветная вайна. Без дагляду карлікавыя дрэвы вырасьлі да натуральных памераў, вербавая і ліпава-каштанавая алеі захаваліся толькі часткова.
5. Парк Бяльмонт на возеры Дрывяты
Парк Бяльмонт (у перакладзе з італьянскай азначае «прыгожая гара») на ўсходнім беразе возера Дрывяты на Браслаўшчыне пасьля Нясьвіскіх займаў другое месца па велічыні ў Беларусі. Яго называлі найлепшым пэйзажным паркам краіны, які быў створаны на месцы рэгулярнага ў стылі італьянскага Адраджэньня. Назву парку даў Ян Аўгуст Гільзен — першы ўладальнік бяльмонцкай сядзібы, Парк упрыгожвала сыстэма каналаў і штучных стаўкоў зь невялікімі выспачкамі, на цэнтральнай з якіх была пабудаваная альтанка. Шырокія паркавыя сьцежкі, па якіх маглі езьдзіць нават экіпажы, былі пракладзеныя сярод надвісьлянскіх таполяў, сыбірскіх піхтаў, клёнаў, бярозаў, каштанаў, ясеняў, сыбірскіх і эўрапейскіх лістоўніц, заходніх туй. Тыя, што захаваліся, цяпер маюць каля 200 гадоў. Падчас прагулак госьці любаваліся садамі, аранжарэямі, млынамі, брамамі і парканамі. З аглядальных пляцовак адкрываўся краявід з палацам і возерам Дрывяты.
У Бяльмонтах пасьля Гільзенаў гаспадарылі вытанчаныя Мануццы і прадпрымальны граф Плятэр. І кожны з гаспадароў імкнуўся як мага лепей упарадкаваць парк. Дарэчы, пры Феліксу Плятэру маёнтак дасягнуў найвялікшага росквіту: двор разбудаваўся да мястэчка, працавала вінакурня, паравы млын, чатыры цудоўныя фэрмы з галяндзкімі каровамі, коньмі ўсходніх парод, вялізныя склады сельгасмашын, пяць аранжарэяў для пэрсікаў, вінаграду, інжыру, ураджаі з якіх адпраўляліся ў Дынабург. Усё гэта зьнікла з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Граф Плятэр пахаваны ў мураванай капліцы, якую і сёньня можна пабачыць, праяжджаючы па дарозе Глыбокае — Браслаў праз вёску Ахрэмаўцы. Рэшткі парка засталіся ў Бяльмонтах і да сёньня. Праз яго нават пракладзена экалягічная сьцежка, на якой сустракаюцца рэдкія віды дрэў і расьлін, — сьляды былой велічы.
6. Пэйзажныя паркі вакол сядзібаў Храптовічаў і Валовічаў у Шчорсах і Сьвяцку
Вытанчаныя палацы ў Шчорсах і Сьвяцку пабудаваныя паводле праекта галоўнага архітэктара ВКЛ родам з Вероны Джузэпэ Сака напрыканцы XVIII — першай палове ХІХ стагодзьдзя. Яны становяцца цэнтрам кампазыцыі закладзеных адначасова пэйзажных паркаў.
Шчорсаўскі паркавы комплекс у былым маёнтку Храптовічаў займаў плошчу амаль 40 гектараў, куды вяла шырокая ліпавая алея. У парку меўся галоўны партэр з кветнікамі, абазначаны пандусам. Паркавы ляндшафт упрыгожвала сыстэма сажалак з плацінамі, а на ўзьлеску — раскідзісты дуб Міцкевіча, які калісьці натхняў паэта. Аб былой велічы парка і ўсяго маёнтка цяпер нагадваюць будынкі знакамітай бібліятэкі, вазоўні, вяндлярні і гаспадарчы двор, альбо мураванка Храптовічаў з карпусамі стайняў і вуглавымі круглымі вежамі.
Ангельскі пэйзажны парк у Сьвяцку, разьмешчаны на двух пагорках, называлі самым маляўнічым у ваколіцах. Уздоўж яго алей расьлі пераважна мясцовыя ясень, клён, ліпа, сасна, граб. Гаспадары былі прыхільнікамі і экзотаў — партэрную частку парка ўпрыгожвалі кветкі, а таксама расьліны і дрэвы, большасьць якіх паходзіла з цёплых краін, у тым ліку дугласія шэрая і шызая. У дні прыёмаў ці па вялікіх сьвятах на ганак палаца выносілі вазоны з экзатычнымі расьлінамі. Асабліва гасьцей уражвалі шматмэтровыя фікусы. У лагчыне парк на розных узроўнях прарэзвалі рэчкі і штучныя вадаёмы. За імі цягнуўся густы лес. Кампазыцыяй парка і ня менш маляўнічымі ваколіцамі можна было любавацца з бэльвэдэру — аглядальнай пляцоўкі, што знаходзілася на ўзвышэньні. Цяпер парк часткова ўпарадкаваны, там добра палюбавацца восеньскімі краявідамі.
7. Пэйзажны парк сядзібы Сапегаў-Патоцкіх у Высокім
У першай палове XVIII стагодзьдзя Міхал Сапега будуе ў Высокім палац і закладае ляндшафтны парк з каналам і ставом, дзе гадаваліся ліні, карпы, карасі і сомы. Парк меў працяг у выглядзе пладовага саду. Маючы 735 дрэваў і кустоў вінаграду, ён лічыўся найбуйнейшым у краіне. Больш за тое, у садзе былі аранжарэі, дзе вырошчвалі лімоны, апэльсіны, ляўровыя дрэвы, цісы, гранаты, гішпанскі самшыт і кветкі. Стагодзьдзе пасьля ля руін згарэлага палацу жонка Паўла Сапегі Пелагея Патоцкая ўзводзіць новы палац, які стане цэнтрам кампазыцыі паўночнай часткі парку. Увіты дзікім вінаградам і кірказонам фасад быў скіраваны да ракі і меў невысокую тэрасу з каменнымі лесьвіцамі, адкуль адкрывалася велічная панарама на зялёныя паплавы ў абрамленьні сіняга здалёк лесу.
Намаганьнямі архітэктара і знаўцы ляндшафтнага дызайну Валярʼяна Кронбэрга парк паступова становіцца пэйзажным — з алеямі і аглядальнымі кропкамі. Абарончыя валы старой крэпасьці сталі выцягнутымі паплаўкамі, а роў — вадаёмам з перакінутым праз яго мостам. У парку і да сёньня можна знайсьці старую чорную і аўстрыйскую сасну, эўрапейскія і даўрскія лістоўніцы, плакучы ясень і катальпу. Упрыгожваюць парк бук эўрапейскі, сасна веймутава, пірамідальны і чарэшчаты дуб, заходняя туя, граб, гледычыя, жоўтая і белая акацыя, клён, яліна, сасна. Па пэрымэтры парка — ад поймы ракі да абарончага вала — ідзе каштанавая алея з конскім і трохтычынкавым каштанам. Даўжынёю 400 мэтраў і шырынёю 5 мэтраў яна лічыцца адной з самых доўгіх у краіне. Уезд у парк упрыгожвалі дзьве пары пілонаў з каванаю брамай з вэнзэлямі.
Беларусь з узгоркамі, азёрамі, нізінамі і ўзьлескамі магла стаць ідэальнай краінай для стварэньня пэйзажных рамантычных паркаў. Нездарма ў 1835 годзе ў сваіх дарожных нататках ураджэнец Меншчыны Фадзей Булгарын, які атрымаў імя ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі, пісаў аб Беларусі, як краіне маляўнічай, багатай цудоўнымі мясьцінамі, дзе на кожных дзесяці вёрстах знаходзяцца краявіды, у дзесяць разоў прыгажэйшыя за праслаўленую Лівонскую Швэйцарыю...
8. Залескі парк Міхала Клеафаса Агінскага
Першы залескі парк быў закладзены Марціянам Міхалам Агінскім на пачатку XVIII стагодзьдзя. Гэта быў рэгулярны францускі парк у форме абсаджанага ліпамі простакутніка з зялёным партэрам у цэнтры, узор якога складалі падстрыжаныя траўнікі, хмызьнякі і невысокія дрэвы.
У ХІХ стагодзьдзі маёнтак Залесьсе ў спадчыну атрымлівае Міхал Клеафас Агінскі. Спачатку прафэсар архітэктуры з Вільні Міхал Шульц, а пасьля архітэктар Юзаф Пусэ будуюць чарговы палац для новага гаспадара. Дэкаратар Пеўзьнер рэканструюе парк у ангельскіх традыцыях — разьбівае яго на дакладныя геамэтрычныя ўчасткі і засаджвае новымі дрэвамі. Да палаца вядзе абсаджаная стрыжанымі і дагледжанымі піхтамі дарога. Новы парк Агінскага меў павільёны, масткі, памятныя камяні — Тадэвушу Касьцюшку і першаму гувэрнэру гаспадара. На павялічаным у памерах возеры цяпер магчымае катаньне на лодках. На беразе ўзводзіцца двухпавярховы вадзяны млын, а побач — батанічны сад з эўрапейскімі і амэрыканскімі экзотамі.
Побач з паркам знаходзіліся два зьвярынцы з дзікімі жывёламі. Для адпачынку і роздуму ўзьвялі дзьве альтанкі. Альтанка Амеліі была мураванай, паўкруглай з чатырохкалённым порцікам, з круглай «кітайскай» альтанкі з драўлянай галерэяй можна было назіраць за жывёламі ў зьвярынцы.
Парк і сядзіба Агінскіх сёньня адкрыты для наведваньня. Мясьціны, якія натхнілі кампазытара на знакаміты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай», што ўпершыню прагучаў менавіта тут, на шматлікія пʼесы, мазуркі, маршы, мэнуэты, рамансы і вальсы, асабліва прыгожа выглядаюць маляўнічаю восеньскай парою.
9. Стары парк ОʼРуркаў ва Ўселюбе
Перадусім, ва Ўселюб едуць, каб на ўласныя вочы ўбачыць самы старажытны беларускі касьцёл. Пабудаваны ў першай палове XV стагодзьдзя па фундацыі канюшага князя Вітаўта Яна Няміры, ён дзейнічае і цяпер. Аднак варта прайсьціся і зьдзічэлымі сьцежкамі парка, які быў разьбіты вакол сядзібы старажытнага ірляндзкага роду ОʼРуркаў у XVIII стагодзьдзі. У парку плошчай каля 10 гектараў спалучаліся рысы рэгулярнай і пэйзажнай пляніроўкі, прысутнічалі стылі ангельскага і французскага ляндшафтнага дызайну. Тут былі пракладзены прагулачныя алеі, сьцежкі, кальцавыя дарожкі-маршруты, у пэйзажнай частцы ляжаў вялікі поплаў з вадаёмамі, дэкаратыўнымі групамі і асобнымі дрэвамі пераважна мясцовых парод. З экзотаў сустракаліся арэх шэры і лістоўніца эўрапейская.
10. Парк пад Замкавай гарой у Наваградку
Закладзены ў 30 гады ХХ стагодзьдзя парк каля Наваградзкага замка мае канструктыўна-рамантычны характар. Радыяльна разьмешчаныя алеі, што разыходзяцца ад галоўнай пляцоўкі, перасякаюцца кальцавымі дарожкамі. Сапраўдным багацьцем парка сталі больш за 70 экзатычных дрэваў і расьлін, сярод якіх дугласія цісалістая, елка калючая, лістоўніца эўрапейская, піхта аднаколерная, акацыя белая, чаромха позьняя, таполя пірамідальная, чырвоны дуб, манжурскі арэх, айва японская, клёны, явар, барбарыс, вяз, дуб чарэшчаты пірамідальны, рабіна, ясень. Рамантычнасьці парку надаюць Замкавая гара з сылюэтам старажытнага ўмацаваньня і курган Міцкевіча, якія бачны амаль з любой кропкі паркавага комплексу. Наваградзкую гару, дзе калісьці стаяў Замак на дзядзінцы, называюць адной з самых высокіх кропак Беларусі. З яе вышыні адкрываецца маляўнічая панарама на лясы, пагоркі і прыгожы парк.
Па дарозе на Наваградак знаходзяцца два вартыя наведваньня паркі, разьбітыя ў пазьнейшыя часы каля замкавых сьцен. У рамантычным Любчанскім парку на беразе Нёмана сярод рэшткаў ліпавых алей цікава паслухаць гісторыю каханьня караля Міндоўга, а блукаючы па часткова адрэстаўраваным парку каля сьцен Мірскага замка, даведацца пра падарожжы Мікалая Радзівіла Сіроткі.