Зь дзяцінства Дзяніс Кіцель цікавіўся жывёламі. Калі быў малым, часьцяком езьдзіў з Маларыты, дзе жыў з бацькамі, у вёску да бабы зь дзедам.
«Тады на вёсцы было прынята трымаць шмат свойскай жывёлы: карову, каня, быка, трусікаў, курэй. Заўсёды мяне атачалі жывёлы, тут свойскія, а яшчэ ж ёсьць і дзікія, за якімі таксама было цікава назіраць! Калі ў апошняй клясе мае аднакляснікі, сябры не маглі вызначыцца, куды паступаць, кім стаць, я быў вельмі шчасьлівы, што мне ня трэба было рабіць выбару — ён быў зроблены за мяне. Я дакладна ведаў, што буду вывучаць біялёгію і працаваць далей у гэтай галіне», — узгадвае Дзяніс.
Школьнікам ён удзельнічаў у навуковых канфэрэнцыях, нават атрымаў першую прэмію, якая давала магчымасьць пайсьці на біяфак БДУ. Але для хлопца з маленькай Маларыты паездка нават у абласны цэнтар была падзеяй, таму вырашыў вучыцца на біяфаку Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Магчыма, адукацыя ў сталіцы была б лепшай, узровень вышэйшы, разважае Дзяніс цяпер.
«Але як выйшла, так выйшла: за 5 гадоў я адвучыўся на біёляга ў Берасьці. У той час былі міжнародныя навуковыя праграмы абмену, кшталту „Erasmus“пасьля бакаляўрэату можна было падавацца ў магістратуру ў эўрапейскія ўнівэрсытэты. Тады толькі партугальскі ўнівэрсытэт Алгарвэ меў біялягічны кірунак. Я самастойна падаўся, і мяне прынялі. Вучыўся па-ангельску. У маім выпадку была стыпэндыя, усе выдаткі аплочваў Эўразьвяз», — апавядае арнітоляг.
Эўрапейская сыстэма адукацыі
Спэцыяльнасьць Дзяніса Кіцеля ва ўнівэрсытэце Алгарвэ, што ў горадзе Фару на поўдні Партугаліі, называлася «біяразнастайнасьць і ахова морскіх экасыстэмаў». Ён вывучаў шмат прадметаў, зьвязаных з морам, і гэта было цікава, прызнаецца навуковец.
«Я нават жартаваў, што складаныя часы былі ў Берасьці, калі вучыўся на бакаляўрэаце. Каб сустрэцца з прафэсарам, выкладчыкам, трэба было шукаць яго ў дэканаце, лавіць на калідоры. Яны заўсёды занятыя. Трэба было ўгаворваць, каб знайшлі для мяне час. Адчувалася непавага да студэнтаў.
А ў Партугаліі ў мяне ва ўнівэрсытэце быў „асабісты кабінэт“, і я мог прызначыць сустрэчу зь якім-хаця прафэсарам, адносіны былі добрыя, яны ідуць заўсёды насустрач… Гэта мяне вельмі ўразіла. Эўрапейская сыстэма адукацыі мне спадабалася больш — за этычнасьць і гуманнае стаўленьне да студэнтаў», — прызнаецца Дзяніс.
Калі пасьля вучобы малады навуковец вярнуўся ў Беларусь, ён ладзіў штучныя гнезьдзішчы для драпежных птушак, у тым ліку соваў, заснаваў станцыю кальцавання птушак «Сасновы Бор» у Расонскім раёне Віцебскай вобласьці, вёў розныя праекты ў грамадзкім аб’яднаньні «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
«І дагэтуль гэтае кляймо „АПБ“ на мне вісіць: „Дзяніс Кіцель — арнітоляг АПБ“. Але я працаваў ня толькі з „АПБ“, але і з дзяржаўнымі структурамі. Да прыкладу, з Акадэміяй навук, бо раней дзяржаўныя структуры шчыльна ўдзельнічалі ў сумесных праектах з НДА. Аднак большую частку жыцьця я працаваў зь недзяржаўным сэктарам, бо там прасьцей было рэалізаваць ідэі — а ідэі я заўсёды маю. Было жаданьне зрабіць унёсак у навуку. І ў той жа час ў мяне былі прыкладныя тэмы, я рабіў штучныя скрыні для скапы, іншых відаў рэдкіх птушак», — узгадвае Дзяніс.
У 2021 годзе ўлады Беларусі фактычна зьнішчылі грамадзкі сэктар, закрыўшы больш за паўтары тысячы НДА. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» афіцыйна была зьліквідаваная ўвосень 2021 году на патрабаваньне Міністэрства юстыцыі, бо «пад выглядам валянтэрства ў выратаваньні птушак АПБ ажыцьцяўляла экстрэмісцкую дзейнасьць». Улады не маглі дараваць АПБ лёзунг «Птушкі з народам». Быў арыштаваны дырэктар установы, арнітоляг Віктар Фянчук, якога асудзілі на два з паловай гады зьняволеньня.
Совы-сіпухі
Дзяніс Кіцель пасьля падзей 2020 году вырашыў пакінуць Беларусь і зараз вядзе сур’ёзныя дасьледаваньні савы-сіпухі ў Грузіі і на Каўказе. У Беларусі ён таксама займаўся аховай гэтага віду, вёў праект «Дом для савы».
Сава-сіпуха жыве на заходняй мяжы (у Берасьцейскай і Горадзенскай вобласьцях). У Беларусі зараз зусім невялічкая папуляцыя, апошняя ацэнка — да пяці параў гэтага віду. Сава-сіпуха занесеная ў Чырвоную кнігу, то бок знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але арнітоляг ня бачыць ад гэтага карысьці, бо сіпуха жыве побач з чалавекам (у цэрквах, на фэрмах, на гарышчах), і таму ахоўваць яе амаль немагчыма.
«Беларускае прыродаахоўнае заканадаўства зусім не ідэальнае, асабліва што тычыцца аховы відаў на аграрных тэрыторыях. Трэба пакідаць непакошаныя лугі, дзе сава можа паляваць. Калі сава жыве на гарышчы фэрмы, то ў ідэале там нават рамонту нельга рабіць. Але ніхто ня будзе глядзець, што там жыве сава, і не дадумаецца хаця б зрабіць скрыню для яе.
У Эўропе гэта ёсьць. Калі ў Польшчы сава жыве на званіцы касьцёла, то ксёндз ня можа рамантаваць дах без дазволу прыродаахоўных органаў, усё робіцца па-за гнездавальным сэзонам, каб не турбаваць соваў і яны маглі спакойна выгадаваць птушанят», — кажа арнітоляг.
Скрыні для савы-сіпухі ў Грузіі
У Грузіі цяпер даволі шмат савы-сіпухі. Яна шырока распаўсюдзілася, нягледзячы на тое, што від адносна нядаўна зьявіўся ў гэтай краіне. Паводле навуковых крыніцаў, птушка была заўважана на гнездаваньні ў 2003 годзе. Пакуль цяжка вызначыць, колькі соваў-сіпух гняздуецца ў Грузіі, кажа Дзяніс Кіцель. На гэтым этапе арнітоляг фіксуе, дзе сава-сіпуха пасялілася, бо ў сьвеце рэдка здараецца, каб від так хутка пашыраўся.
«Мы прааналізавалі вышыню месцаў, дзе сава гняздуецца. Зараз птушкі заўважаныя на тэрыторыях, ніжэйшых за 700 мэтраў ад ўзроўню мора, дзе ёсьць сельская гаспадарка, незасушлівы клімат (бо ў Грузіі ёсьць і стэпы, і паўпустэльні, там совы ня водзяцца).
Мне баліць душа за соваў, хочацца заўсёды паляпшаць умовы для іх. Зараз я раблю скрыні для савы-сіпухі ў Грузіі. Мая мэта — стварыць бясьпечнае асяродзьдзе для соваў, каб яны маглі жыць у бясьпецы. Пляную ўсталяваць 100 дамкоў. Другая частка дасьледаваньня — вывучаю харчаваньне сіпухі, каго яна хапае, хто яе ахвяры. Яшчэ ў мяне ёсьць адзін цікавы від — соўка-сплюшка.
Сродкі на гэтыя праекты я зьбіраю праз краўдфандынгавую плятформу: людзі могуць ахвяраваць грошы і сачыць, што за гэтыя грошы робіцца. Я выкладаю розныя здымкі з фотапастак, відэасправаздачы», — апавядае арнітоляг і просіць падтрымаць гэты праект.
Дэтэктыўная гісторыя з стракозамі
Акрамя вывучэньня соваў-сіпух і соваў-сплюшак, ёсьць ў Дзяніса Кіцеля яшчэ адно захапленьне — стракозы. Некалькі гадоў ён працаваў на станцыі кальцаваньня птушак у Турэччыне, там удалося сабраць матэрыял аб стракозах.
У ліпені 2024 году Кіцель апублікаваў артыкул пра беларускіх стракозаў «Check-list of the Odonata of Belarus», у якім сабраў і прааналізаваў усю даступную пра іх інфармацыю.
У Беларусі, паводле апошніх зьвестак, зафіксавана 68 відаў стракозаў. У новую Чырвоную кнігу, якая рыхтуецца ў краіне, на прапанову арнітоляга дададуць тры новыя віды стракозаў, а два віды прыбяруць.
«Я ня ведаю, хто іх дадаваў, але гэта два зусім звычайныя віды. Anax imperator i Brachytron pratense, якія сустракаюцца на любых азёрах, дзе ёсьць расьліннасьць: трысьнёг, чарот, рагоз. Гэтыя віды ў іншых частках сьвету не ахоўваюцца.
Разблытаў я адну амаль дэтэктыўную гісторыю. Прааналізаваў каля 170 крыніц і знайшоў памылку. Адзін від, які аўтар апісаў, называецца Coenagrion ornatum, а другі Coenagrion armatum. Аўтар проста пераблытаў, у сваіх позьніх публікацыях ён, мабыць, зразумеў памылку. Іншыя дасьледнікі спасылаліся на яго, і атрымалася, што гэты coenagtion ornatum існаваў у Беларусі, хоць ніколі не было яго, проста перадрукоўвалі. Нам удалося расшыфраваць гэты ланцужок недарэчнасьцяў. І праз 100 гадоў мы выправілі памылку», — апавядае Дзяніс.
Стракозы таксама застаюцца прадметам дасьледаваньняў арнітоляга.
«Мы заўсёды будзем на некалькі крокаў ззаду»
Як расказвае Дзяніс Кіцель, пасьля зьнішчэньня грамадзкага аб’яднаньня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўсе эўрапейскія і амэрыканскія партнэры пайшлі зь Беларусі, міжнародныя праекты згарнуліся. Ён прывёў прыклад, як месяц таму быў у Грэцыі на навуковай канфэрэнцыі аб сваёй улюбленай саве-сіпусе.
«Экспэрты з Ізраілю і Швайцарыі прэзэнтавалі свае дасьледаваньні — як яны вывучаюць перамяшчэньне савы. Яны вешаюць сэнсары, ведаюць, дзе знаходзіцца сава кожную сэкунду свайго жыцьця. У Беларусі мы таксама рабілі падобныя праекты зь вялікімі арляцамі, вешалі на іх перадатчыкі. Але гэта былі сумесныя праекты з навукоўцамі зь іншых краін — эстонцамі, палякамі, ангельцамі.
Зараз нічога падобнага не вядзецца. Усе гэтыя перадатчыкі выпускаюць у Эўропе. А ў Беларусі няма тэхналёгіяў. Дарэчы, у Расеі таксама іх няма. Атрымліваецца, што мы нічога ня робім, у той час як іншыя краіны разьвіваюцца. Мы заўсёды будзем на некалькі крокаў ззаду», — разважае арнітоляг.
Дзяніс дадае, што закрытасьць шкодзіць любой навуцы, у тым ліку і біялёгіі, арніталёгіі, аданаталёгіі. Навука ня можа разьвівацца ў вакуўме.
«А ў Беларусі цяпер вакуўм. Калегі ня могуць весьці сумесных праектаў. Узяць Белавескую пушчу, палова якой у Польшчы, другая ў Беларусі. Зразумела, што трэба займацца абедзьвюма часткамі адначасова, экспэрты павінны працаваць і з адной, і з другой. А цяпер гэта немагчыма ні афіцыйна, ні неафіцыйна. Ні беларусы ня могуць прыехаць у Польшчу, ні палякі ў Беларусь. Хоць раней былі супэрадносіны, хадзілі празь пераход адно да аднаго», — узгадвае старыя добрыя часы арнітоляг.
Жыцьцё на некалькі краін
Калі Дзяніс Кіцель бывае ў Польшчы, ён захапляецца тым, як дзяржава працуе з НДА, зь незалежнымі экспэртамі. І прыводзіць у праклад свой праект зь Беластоцкім унівэрсытэтам.
«У горадзе ніхто не пілуе дрэвы, можна знайсьці пляцоўкі з сланечнікам, дзікімі расьлінамі. У Беларусі сказалі б, што гэта неўпарадкавана, і скасілі б, каб выглядала ўсё як роўны газон. А гэта робіцца, каб у горадзе было больш біяразнастайнасьці, каб птушкі маглі той сланечнік дзяўбці, каб лёталі пчолы і чмялі. У польскіх дварах стаяць „гатэлі“ для казурак — каб яны жылі побач з чалавекам, каб было яднаньне гораду зь дзікай прыродай.
Цяпер у Беларусі няма лідэра, які мог бы растлумачыць, навошта так рабіць. Такім лідэрам раней была „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. Мы бралі найлепшыя ініцыятывы сьвету і іх прыносілі ў Беларусь, адаптавалі. Паказвалі, як гэта можа быць і дзеля чаго. Цяпер гэтага няма», — разважае навуковец.
Дзяніс Кіцель шчыра прызнаецца, што яму хацелася б вярнуцца ў Беларусь. Але ён разумее, што многае давядзецца пачынаць з нуля.
«Вось была ў нас станцыя кальцаваньня птушак. Было абсталяваньне — я ўсё раздаў. Усё давядзецца пачынаць наноў, фактычна з нуля. Я б паспрабаваў вярнуцца, хочацца працаваць у сваёй галіне. Бо гэта мая краіна.
Але і тут, за межамі Беларусі, „прарастаеш“. Не хацелася б усё пакідаць — праекты ў Грузіі, Польшчы. Магчыма, гэта будзе жыцьцё на некалькі краін», — мяркуе арнітоляг Дзяніс Кіцель.
Форум