Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 красавіка: дзьве адукацыйныя плятформы прызналі «экстрэмісцкімі»

абноўлена

Сілавікі ў Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Сілавікі прыходзілі да родных журналіста Руселіка і актывісткі Касінеравай

Як паведаміў у Фэйсбуку Валер Руселік, увечары 9 красавіка да ягонай маці прыйшлі два чалавекі ў цывільным. Адбылося гэта ў той жа дзень, калі афіцыйна паведамілі пра вяртаньне журналіста на працу на тэлеканале «Белсат».

«Зноў пыталіся пра мяне: дзе я жыву, ці зьбіраюся вяртацца, ці кантактуе са мной маці і г.д. З новага — ці ёсьць у мяне татуаж ці шнары, а таксама які ў мяне рост. Зноў перапісалі зьвесткі маіх блізкіх сваякоў», — расказаў ён у Фэйсбуку.

Гэты інцыдэнт зь вяртаньнем на «Белсат» ён ня зьвязвае, бо сілавікі прыходзяць да ягонай маці ўжо шмат гадоў — і падчас ягонай працы на «Белсаце», і калі ён там не працаваў.

«Толькі сёлета яны прыходзілі некалькі разоў. Чапляюцца і да іншых маіх блізкіх», — напісаў ён.

Паводле прадстаўніцы ініцыятывы dissidentby, праваабаронцы Марыны Касінеравай, па яе зноў прыйшлі сілавікі, каб паведаміць пра завядзеньне супраць яе крымінальнай справы. Актывістка адзначыла, што на адрас яе рэгістрацыі ў Беларусі, дзе яна не жыве больш за 13 гадоў, сілавікі прыходзілі ўжо шмат разоў.

«Пацаны з бабруйскага крымінальнага вышуку, я разумею, што вы хочаце паведаміць мне асабіста пра крыміналку, але можаце проста напісаць у тэлеграм. Да мяне па прапісцы (дзе я не жыву ўжо больш за 13 гадоў) ходзяць як на працу, нават у непрацоўны час (уначы, калі людзі сьпяць), каб спытаць, ці сапраўды я не ў Беларусі і калі прыеду. Вось зноў прыходзілі ўчора, да гэтага — у сьнежні ажно два разы, а да таго ў студзені КДБ прыйшлі зь ператрусам за подпісам Шведа [генэральны пракурор Андрэй Швед], маму павезьлі на допыт, забралі 35 эўра і дагэтуль не вярнулі, бо ідзе сьледзтва», — напісала яна ў Фэйсбуку.

На волю пасьля 5 гадоў калёніі выйшаў палітвязень Юхневіч, які цалкам адбыў тэрмін

Палітвязень Павал Юхневіч выйшаў на волю з папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах пасьля адбыцьця 5-гадовага зьняволеньня, паведаміў тэлеканал «Белсат» з спасылкай на крыніцу, гэта пацьвердзіла і жонка Юхневіча ў Фэйсбуку. Ён цалкам адбыў пакараньне.

Вядома, што ў калёніі Юхневіч ажаніўся, паведамляюць крыніцы «Белсату». Паўтара году былы палітвязень павінен заставацца пад наглядам.

Павал Юхневіч — актывіст, сябра «Эўрапейскай Беларусі», у дэмакратычным руху ён з раньняй маладосьці, быў сябрам руху «Зубр».

Юхневіча абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, у траўні 2021 году Магілёўскі абласны суд прысудзіў яму 5 гадоў зьняволеньня. Судзілі яго разам з Паўлам Севярынцам, Дзьмітрыем Казловым, Яўгенам Афнагелем, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам і Ірынай Шчаснай.

Аўтаслесара зь Менску асудзілі паводле 4 палітычных артыкулаў

Суд над Андрэем Урублеўскім скончыўся 27 лютага 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе, але ягонае імя стала вядомае толькі цяпер, піша «Наша Ніва».

Яго абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў — «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 369 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Істота абвінавачаньняў і прысуд мужчыну невядомыя, але яму пагражала да шасьці гадоў калёніі. Вядома толькі, што Ўрублеўскаму прысудзілі турэмны тэрмін, а цяпер яшчэ і ўключылі ў сьпіс «тэрарыстаў».

Андрэю Ўрублеўскаму 53 гады. Ён родам з Асіповічаў. Андрэй апошнімі гадамі жыў у Менску, працаваў аўтасьлесарам на СТА. Любіць роварны турызм і падарожжы, а таксама актыўны адпачынак.


Дзьве адукацыйныя плятформы прызналі «экстрэмісцкімі»

8 красавіка суд Драгічынскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт і старонку ў Facebook адукацыйнай плятформы «Васьміног», а суд Чашніцкага раёну — сацсеткі адукацыйнага праекту adu.place у Telegram, Instagram, Facebook і «ВКонтакте». Яны папоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, які вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Апроч гэтага, у сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі: Telegram-канал «Mengele conf», Instagram-акаўнт «таццяна.04.04_fotograf», старонку ва Ўкантакце «Беларускі наступ», старонкі Facebook «BGmedia», «Belarus News Headlines», TikTok-akuda «Сябр», «dorogavaad», «volnaya.belarus», «Lizaveta».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG