Міністэрства інфармацыі Беларусі працуе над пытаньнем перадусталяваньня нацыянальнага онлайн-радыёплэера ў аўтамабілях, расказала начальніца ўпраўленьня электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў ведамства Аляксандра Ганчарова, піша БЕЛТА.
У 2023 годзе ў Беларусі стварылі нацыянальны онлайн-радыёплэер, у які ўлучаныя «ўсе асноўныя беларускія радыёстанцыі», і цяпер стаіць задача яго прасоўваць, патлумачыла Ганчарова. А каб падтрымаць нацыянальных радыётрансьлятараў, чыноўніца лічыць неабходным падключыць да нацыянальнага радыёплэера ўсе радыёпраграмы.
Паводле прадстаўніцы міністэрства, на сёньня ў Беларусі зарэгістраваныя 67 радыёпраграмаў (30 нацыянальных і 37 рэгіянальных), зь якіх 39 дзяржаўныя, але фактычна працягваюць дзейнічаць 58 зь іх.
«За апошнія два гады зарэгістравалі тры радыёпраграмы, анулявалі 33 радыётрансьляцыйныя СМІ. Агульная колькасьць радыёпраграмаў скарацілася больш як на 30%», — дадала яна.
Паводле яе, пытаньне перадусталяваньня ў аўтамабілях нацыянальнага онлайн-радыёплэера ўжо абмяркоўвалі ў сакавіку на пасяджэньні грамадзка-кансультацыйнай рады разьвіцьця прадпрымальніцтва, і цяпер над ім «актыўна працуюць».
Таксама чыноўніца расказала, што з 2023 году ў Беларусі працуе аўтаматызаваная сыстэма маніторынгу тэле- і радыёпраграмаў, якая дае магчымасьць «запісваць, захоўваць, ажыцьцяўляць аналіз этэраў і тэкставых вэрсіяў зьместу навінаў трансьляцыі».
- Згодна зь міжнароднай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь за год апусьцілася на 10 пазыцыяў і цяпер займае 167-ы радок сярод 180 краінаў сьвету.
- Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца каля 40 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя. Найбольшыя тэрміны — ад 10 гадоў пазбаўленьня волі — з 2020 году атрымалі 6 чалавек: Ігар Лосік — 15 гадоў, Андрэй Аляксандраў — 14, Дзяніс Івашын — 13, Людміла Чэкіна — 12, Марына Золатава — 12, Валерыя Касьцюгова — 10. Акрамя таго, супраць журналістаў, якія зьехалі зь Беларусі, ужывалі працэдуру спэцыяльнага вядзеньня, каб судзіць іх.
- Практычна ўсе незалежныя мэдыя і мэдыяарганізацыі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Еўрарадыё», TUT.BY, Kyky.org, «Наша Ніва», Радыё Свабода, «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «МОСТ», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Tribuna.com Беларусь», Ex-press.livе, 6TV Bielarus, «Магілёў.Media», «Навіны Магілёўскага рэгіёну», «Беларускае Радыё Рацыя», «Штодзень». Акрамя гэтага, «экстрэмісцкімі» прызнаныя сотні тэлеграм-каналаў, старонак і суполак у сацыяльных сетках, каналаў Youtube і інш. за распаўсюд інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйнай пазыцыі ўладаў Беларусі ці крытыкуе рэжым Лукашэнкі.
- Паводле БАЖ, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзеяў 2020 году выехалі за мяжу, большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.
- Дзяржаўныя СМІ Беларусі актыўна прапагандуюць рэжым Лукашэнкі.
Форум