Фонд «Справядлівасьць для журналістаў» (Justice for Journalists) і Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавалі сумесны даклад «Напады на работнікаў мэдыя ў Беларусі ў 2023–2024 гадах». БАЖ публікуе галоўныя высновы з дакладу.
Дасьледнікі прааналізавалі 759 атак/пагрозаў, скіраваных на беларускія прафэсійныя і грамадзянскія мэдыя і рэдакцыі традыцыйных і онлайн-мэдыяў. Зьвесткі для дасьледаваньня зьбіралі мэтадам кантэнт-аналізу адкрытых крыніц.
У дакладзе адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае юрыдычныя і эканамічныя інструмэнты для перасьледу беларускіх мэдыя і журналістаў.
Дасьледнікі спасылаюцца на лічбы БАЖ, паводле якіх цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзіцца 41 прадстаўнік мэдыя (на канец 2024 году іх было 45 чалавек); з 2020 году каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь, астатнія, якія засталіся ў краіне, працуюць у падпольлі або пакінулі прафэсію.
Беларусь — самая небясьпечная краіна для журналістаў у Эўропе
Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» у штогадовым дакладзе за 2024 год паставіла Беларусь на чацьвёртае месца ў сьвеце паводле колькасьці зьняволеных журналістаў: яна заняла 167 месца сярод 180 краін. Беларусь лічыцца самай небясьпечнай краінай для мэдыйнікаў у Эўропе.
Рэжым Лукашэнкі не дае спакою нават журналістам у выгнаньні, пачынаючы супраць іх так званае «спэцыяльнае вядзеньне», у рамках якога іх пасьля завочна судзяць у Беларусі.
З 2020 году Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў 6 565 акаўнтаў, прычым 2 тысячы зь іх унесьлі ў чорны сьпіс ужо ў 2024 годзе. Доступ да гэтых рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі блякуецца, а за іх распаўсюджваньне наступае адміністрацыйная й крымінальная адказнасьць.
З канца 2023 году рэжым у Беларусі забірае ў незалежных мэдыя лякальныя інтэрнэт-дамэны, што прыводзіць да страты аўдыторыі. Забраньне дамэнаў.by, якое арганізавалі ўлады, прыводзіць да страты аўдыторыі незалежных мэдыя і да пагаршэньня іхных пазыцыяў у пошукавых сыстэмах.
Хто атакуе журналістаў
Практычна ўсе інцыдэнты супраць работнікаў мэдыя ініцыявалі ўлады Беларусі. 96% усіх зафіксаваных інцыдэнтаў адбываліся праз судовы і/ці эканамічны ціск — у 2017–2020 гадах колькасьць такіх атак складала 83–85%, а ў 2021–2022 гадах гэты паказьнік вырас да 94%.
Разам з тым колькасьць фізычных атакаў і пагрозаў, якая дасягнула піку ў 2020 годзе (96 выпадкаў), рэзка скарацілася. Але не таму, што сытуацыя зь фізычнай бясьпекай для журналістаў у Беларусі палепшылася, а таму, што значна скарацілася колькасьць журналістаў у краіне і на волі, адзначаецца ў дакладзе.
Justice for Journalists канстатуе, што ў ходзе маніторынгу зафіксаваныя ня ўсе інцыдэнты. Многія журналісты маўчаць пра факты перасьледу, баючыся справакаваць перасьлед сваіх родзічаў спэцслужбамі. Зь іншага боку, часам на агульным фоне рэпрэсіяў журналісты лічаць факты ціску на іх нязначнымі.
31 сьнежня 2024 году БАЖ апублікавала дасьледаваньне «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага мэдыясэктару», у якім прынялі ўдзел 211 журналістаў. Згодна зь ім, сярод праблемаў, зь якімі найчасьцей сустракаюцца беларускія журналісты:
- імавернасьць перасьледу мяне або маіх родных за маю прафэсійную дзейнасьць — 67,3%,
- нізкі заробак, недахоп сродкаў у нашым мэдыя — 62%,
- перагружанасьць працай — 40%,
- недахоп камунікацыі з калегамі — 34%,
- брак адпаведнай мне працы — 32%,
- цэнзура і самацэнзура — 27%.
Фізычныя напады і пагрозы жыцьцю, здароўю і свабодзе
Зьніжэньне колькасьці фізычных нападаў на журналістаў у 2023–2024 гадах зьвязанае не з паляпшэньнем сытуацыі зь бясьпекай журналістаў, а наадварот, з пагаршэньнем умоваў іхнае працы з прычыны ціску сілавікоў, канстатуецца ў дакладзе. Гэта прывяло да вымушанага ад’езду за мяжу большасьці работнікаў СМІ і сыходу з прафэсіі. Ва ўсіх зафіксаваных выпадках фізычнага гвалту агрэсарамі выступалі прадстаўнікі органаў улады Беларусі.
Так, 7 траўня 2023 году ў Віцебскай папраўчай калёніі № 3 памёр 61-гадовы блогер зь Пінску Мікалай Клімовіч. За паўгода да гэтага яго асудзілі на год пазбаўленьня волі паводле палітычнага артыкулу (зьнявага Лукашэнкі) за публікацыю карыкатуры на Лукашэнку.
Нефізычныя атакі і пагрозы, кібэратакі
Яшчэ з 2021 году спэцслужбы і прапаганда Беларусі сталі шырока практыкаваць так званыя «пакаяльныя відэа», у якіх рэпартэры пад ціскам і пагрозамі прызнаюць сваю «віну» і просяць прабачэньня ў сілавікоў, гаворыцца ў дакладзе.
У 2023–2024 гадах працягвалася практыка цкаваньня і пагрозаў на адрас журналістаў і іхных сваякоў, а таксама шырока выкарыстоўваліся «пакаяльныя відэа», гаворыцца ў дакладзе. На відэа сілавікі прымушалі затрыманых прызнавацца ў няісных «злачынствах» і паказвалі гэтыя ролікі ў дзяржаўнай тэлевізіі ці разьмяшчалі іх у Telegram-каналах, зьвязаных зь сілавымі структурамі.
96% усіх зафіксаваных інцыдэнтаў адбываліся праз судовы і/ці эканамічны ціск. Рэзкі рост крымінальных справаў супраць прадстаўнікоў мэдыя адбываўся з выкарыстаньнем артыкулаў «экстрэмізм», «распальваньне варожасьці», «дзяржаўная здрада», «заклікі да зрынаньня канстытуцыйнага ладу» і «рэабілітацыя нацызму».
Форум