Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу працягваць далей». Як 10-гадовая беларуска стала мэдалісткай чэмпіянату Ізраілю ў гімнастыцы


Марта Барадзіна на спаборніцтвах
Марта Барадзіна на спаборніцтвах

Тры гады таму сям’я Марты Барадзіной мусіла ўцякаць зь Беларусі пасьля таго, як яе бацьку затрымалі за фатаздымкі расейскіх вайскоўцаў. У размове з Свабодай Алег і Марта Барадзіны расказалі пра посьпехі на новым месцы.

Нацыянальны чэмпіянат Ізраілю ў мастацкай гімнастыцы сярод камандаў праходзіў у Тэль-Авіве ў канцы сакавіка. У складзе ўдзельніц клюбу «Сэхлявім Ашдод» была і 10-гадовая Марта Барадзіна, якая яшчэ тры гады таму жыла з бацькамі ў беларускім Гомлі і нават ня думала, што калісьці будзе выступаць за мяжой. Каманда Марты ў выніку заняла на спаборніцтвах другое месца, а беларуска атрымала срэбны мэдаль нароўні з іншымі ўдзельніцамі.

«Мае першыя ўражаньні пасьля спаборніцтваў былі дрэнныя, – расказала сама Марта Свабодзе. – Мы ўсе былі расчараваныя другім месцам. Але нашыя суперніцы – вельмі моцная каманда. Зь якаснай праграмай, з высокім узроўнем падрыхтоўкі. То мы прайгралі моцным супернікам, таму другое месца – таксама добра».

Мэдаль Марты
Мэдаль Марты

З словаў юнай беларускі, яна пасьля спаборніцтваў вырашыла працягваць заняткі гімнастыкай. Марта хоча выйсьці на дарослы прафэсійны ўзровень.

«За два гады хачу гэта зрабіць, – кажа беларуска. – Здаць усе нарматывы і выйсьці ў прафэсійную лігу. Мне для гэтага трэба будзе шмат трэнавацца і пастаянна перамагаць ува ўсіх чэмпіянатах».

Мэблевая фірма і ўцёкі з Гомля

У Ізраілі сям’я Марты жыве адносна нядаўна. 29 сакавіка 2022 году яе бацьку Алега Барадзіна затрымалі ў Гомлі, абвінаваціўшы ў фатаграфаваньні расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ва ўварваньні на тэрыторыю Украіны. Як расказваў Свабодзе сам Барадзін, ён сфатаграфаваў двух вайскоўцаў, якія ішлі з крамы з пакетамі прадуктаў і алькаголю, пры гэтым ужо быўшы нападпітку.

Алег Барадзін
Алег Барадзін

Барадзіну прысудзілі «суткі» і пасьля іх адбыцьця выпусьцілі на волю. Празь некалькі дзён пасьля гэтага ён быў ужо ў Грузіі, куды выяжджаў праз Расею і Армэнію. У Гомлі застаўся бізнэс, а сям’я змагла выехаць толькі празь нейкі час.

«У нас у Беларусі была свая мэблевая фірма. І ў Грузіі я праз чатыры месяцы пасьля ўладкаваньня стаў выканаўчым дырэктарам мэблевага прадпрыемства. Можна было жыць у Грузіі, бо і грошай хапала, і нейкія сувязі зьявіліся, але там вельмі прарасейскі рэжым. Таксама я ня мог там адкрыць банкаўскі рахунак, патрэбны для атрыманьня часовага дазволу на жыхарства», – расказваў Алег Барадзін Свабодзе.

Пасьля пераезду ў Ізраіль Алег Барадзін уладкаваўся цесьляром, займаўся вытворчасьцю драўляных вырабаў. Калі ў Ізраілі пачаліся поўнамаштабныя баявыя дзеяньні супраць групоўкі «Хамас», пайшоў у валянтэры. Дапамагаў пацярпелым і ізраільскім вайскоўцам.

Як расказаў Свабодзе Алег, яго дачка Марта пачала займацца мастацкай гімнастыкай даволі даўно, яшчэ ў Гомлі.

«Мы з жонкай аддалі Марту ў СДЮШАР № 4 у Гомлі – спэцыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзэрву на вуліцы Карповіча, – расказвае Алег Барадзін. – Навучаньне ў гэтым узросьце ў Беларусі платнае. У 2020 годзе заняткі каштавалі каля 50 рублёў у месяц. Пасьля пяці гадоў спартовыя школы пераводзяць платныя групы на бюджэтнае фінансаваньне, і заняткі становяцца бясплатнымі для дзяцей».

Барадзіны аддалі дачку на гімнастыку, бо палічылі гэты від спорту аптымальным для дзяўчынкі. На іх думку, гэта ідэальная стартавая плятформа, якая разьвівае фізычна, а таксама замацоўвае ўпэўненасьць у сабе.

Трэнэрка з Таджыкістану

Паўнавартасныя заняткі гімнастыкай Марта аднавіла ўжо пасьля пераезду Барадзіных у Ізраіль у сакавіку 2024 году. Заняткі маладая беларуска пачала ў школе «Давід Элазар» у горадзе Кір’ят-Гат у трэнэркі Рахель Кімягаравай, якая паходзіць з Таджыкістану. З словаў Алега Барадзіна, у Ізраілі студыі мастацкай гімнастыкі больш камэрцыйныя, чым у Беларусі. Школы часта проста зарабляюць на жаданьні дзяцей займацца спортам. Аднак Кімягарава адрозьнівалася ад іншых у лепшы бок. Зараз Марта займаецца ўжо ў іншай школе ў горадзе Ашдод, у камандзе «Сэхлявім Ашдод».

Марта са сваёй першай трэнэркай у Ізраілі, Рахель Кімягаравай
Марта са сваёй першай трэнэркай у Ізраілі, Рахель Кімягаравай

«Марце было дастаткова складана, спатрэбілася паўгоду цяжкіх трэнаваньняў, каб атрымаць месца ў асноўным складзе. Калектыў ужо складзены, дзяўчаты прыцерліся, спрацаваліся», – расказвае Алег Барадзін.

Ён дадае, што падыходы да навучаньня і трэнаваньня ў Ізраілі моцна адрозьніваюцца ад беларускіх. Тут усё больш камэрцыялізавана, менш скіравана менавіта на спартовыя дасягненьні, мяркуе бацька маладой гімнасткі. На ягоную думку, гэта мае як станоўчыя бакі, так і адмоўныя.

Марта Барадзіна на спаборніцтвах
Марта Барадзіна на спаборніцтвах

«У Беларусі строгасьць – норма. У Ізраілі ж пераважаюць усёдазволенасьць і мяккасьць, якія часам даходзяць да абсурду. Тут дзіця, якое зрабіла дзесяць памылак і адзін раз дасягнула посьпеху, усхваляюць як героя», – расказвае Алег Барадзін.

Бацьку такі падыход крыху дзівіць. Як кажа суразмоўца, праз брак дастатковай увагі да памылак маладым спартоўцам цяжэй дэманстраваць прагрэс у разьвіцьці. Нягледзячы на гэта, Алег Барадзін перакананы, што Марта зможа нарасьціць свае прафэсійныя спартовыя посьпехі.

«Яна можа пераскочыць праз усе прамежкавыя этапы і адразу ж выйсьці на пачатковы ўзровень спартовага патоку. Есьць цэлы сьпіс нарматываў, якія для гэтага трэба выканаць. У тэорыі пры належнай падрыхтоўцы яна зможа паспрабаваць здаць нарматывы ўжо да сёлетняй восені», – гаворыць Алег Барадзін.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG