Тацяне Чыпсанавай 44 гады, яна родам з Бабруйску. Цяпер жыве ў Новай Зэляндыі. Яе карані з народу комі, які жыве на паўночным захадзе Ўралу. Фатаграфіяй Тацяна займаецца больш за 20 гадоў.
«Гэта была звычайная люстэркавая камэра», — узгадвае Тацяна пра пачатак свайго творчага шляху. Гэта адбылося ў Шатляндыі, куды яна трапіла ў студэнцкай праграме. Сяброўка пазычыла ёй фотаапарат свайго бацькі падчас падарожжа на Аркнэйскія выспы: «Менавіта тады я закахалася ў фатаграфію і зразумела, што хачу займацца фатаграфіяй».
Пасьля Шатляндыі Тацяна тры гады жыла ў Лёндане, дзе вучыла ангельскую мову. Там сустрэла мужа, яны пераехалі ў Бразылію. У гэтай краіне дзяўчына зацікавілася тэмай карэнных народаў.
«Я здымала бразыльскіх індзейцаў. Мы жылі якраз на іхнай зямлі, якую яны адстойвалі на той момант 20 гадоў. І я зь імі пасябравала», — кажа Тацяна.
У Бразыліі ў Тацяны нарадзілася дачка, сям’я пераехала ў Новую Зэляндыю. Там беларуска вучылася фатаграфіі ва ўнівэрсытэце, а таксама пачала працаваць у Нацыянальным архіве — аблічбоўвала архівы. Так яна даведалася пра народ тухоэ. Пасьля пачала езьдзіць да іх у рэгіён і здымаць, як яны жывуць.
«Мы езьдзілі з маёй 8-гадовай дачкой, і мясцовыя жыхары прынялі нас у сваю сям’ю. Таму ў мяне быў доступ да розных момантаў жыцьця гэтага народу», — кажа Тацяна.
Народ нгаі тухаэ з рэгіёну Тэ Урэўэра ў Новай Зэляндыі імкнецца захаваць сваю незалежнасьць і культурную ідэнтычнасьць, зьвязаную з маарыйскай мовай і традыцыямі. Нядаўнія зьмены ў палітыцы ўраду краіны ўспрымаюцца як абмежаваньне правоў карэнных народаў. Правы ўрад скасаваў цяжка здабытыя дасягненьні карэнных народаў — і гэта выклікала масавыя пратэсты. У той жа час зьяўляюцца ініцыятывы — такія як фэрма Татай Фэту, што здымала Тацяна — якія натхняюць маладое пакаленьне захоўваць традыцыі і адраджаць культуру.
«Праз мае карані мы адразу знайшлі з мясцовымі жыхарамі кантакт. Мой бацька — нашчадак народу комі. Бабуля і дзядуля былі стараверы, жылі ў абсалютнай ізаляцыі на рацэ Пячоры, там 25 км да бліжэйшага суседа. Жылі там рыбалоўствам, паляваньнем — так, як жывуць, мабыць, індзейцы ў некаторых месцах на зямлі, — тлумачыць Тацяна. — А ў Бабруйску бацька працаваў на карабельным заводзе. Ён браў нас з сабою, і мы бавілі вольны час на рацэ і ў лесе. Думаю, так мне перадалася любоў да прыроды».
Тацяна Чыпсанава як фатографка супрацоўнічае з The New York Times і іншымі сусьветнымі мэдыя. Летась яна далучылася да адукацыйнай праграмы PhotoArtDoc і стала адной зь пераможцаў Незалежнага беларускага фэстывалю фатаграфіі PhotoArtDoc — праекту Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў. У праекце «In My Shoes» фатографка дасьледавала адносіны з сваёй 17-гадовай дачкой.
«Можна сказаць, што я своечасова пазнаёмілася зь беларускай супольнасьцю, бо гэтую ўзнагароду цяпер я быццам магу разьдзяліць зь беларускімі фатографамі», — кажа Тацяна.
Апошні раз яна была на радзіме ў 2015 годзе.
«Але мы ўсе, беларусы, сачылі і перажываем тут тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі і ва Ўкраіне. Часам я раблю гісторыі пра беларусаў, але рэдка. Але заўсёды гэта нейкія дрэнныя гісторыі, як, напрыклад, наш урад спрабуе дастаць беларусаў праз Interpol. Увогуле беларусы баяцца фатаграфавацца. Яны наагул ня хочуць, каб беларускія ўлады нешта пра іх ведалі. Таму яны тут сядзяць ціха-ціха», — кажа Тацяна.
Конкурс World Press Photo праводзіцца з 1955 году і штогод адзначае найлепшых фотажурналістаў і дакумэнталістаў, якія апавядаюць важныя гісторыі праз аб’ектыў. У конкурсе ўдзельнічаюць тысячы прафэсіяналаў з усяго сьвету, а перамога лічыцца адной з самых значных узнагародаў у сьвеце фотамастацтва.
У 2025 годзе на конкурс World Press Photo падалі 60 000 работ 3778 фатографаў з 141 краіны.
Тацяна Чыпсанава — трэцяя фатографка зь Беларусі, якая стала пераможцай конкурсу World Press Photo. У 2021 годзе адным зь пераможцаў стаў здымак фотажурналісткі Надзеі Бужан, на якім Вольга Севярынец чакае свайго мужа ля Акрэсьціна. А ў 2020 у конкурсе перамагла сэрыя фота Тацяны Ткачовай пра жанчын, якія зрабілі аборт.
Форум