Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурна-асьветніцкі партал «Будзьма» папрасіў дапамогі


Падчас адной з імпрэзаў агульнабеларускай грамадзянскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» ў Менску. Архіўнае фота
Падчас адной з імпрэзаў агульнабеларускай грамадзянскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» ў Менску. Архіўнае фота

Культурна-асьветніцкі партал пра Беларусь і для беларусаў Budzma.org зьвярнуўся да падпісчыкаў, сяброў і партнэраў з просьбай аб падтрымцы: каманда сутыкнулася з сур’ёзнымі фінансавымі цяжкасьцямі, якія могуць прывесьці да спыненьня працы парталу.

«Мы з вамі з 2008 году, а гэта амаль 17 год руплівай працы нашай каманды па пашырэньні беларушчыны, папулярызацыі нашай гісторыі, мовы і культуры. Разам з вамі пераасэнсоўваем ролю і месца беларусаў як нацыі ў мінулым і сёньняшнім сьвеце. І сёньня нам, як ніколі, патрэбна вашая дапамога, каб і надалей мы маглі ствараць для вас унікальны беларускі кантэнт», — гаворыцца ў звароце.

У Budzma.org адзначаюць, што шукаюць шляхі вырашэньня фінансавых цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнуліся, «аднак сёньня сытуацыя крытычная» і каманда ня здолее працягнуць працу без дапамогі чытачоў.

«Калі Вы ў Беларусі — не рызыкуйце для нас», — падкрэсьліваюць пры гэтым у Budzma.org.

Тых, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі, просяць фінансава падтрымаць працу каманды. Зрабіць гэта можна рознымі шляхамі:

  • Набыць кубачак кавы на плятформе ko-fi.com (аднойчы ці аформіць падпіску на штомесячную падтрымку).
  • Пералічыць ахвяраваньне наўпрост на банкаўскі рахунак у Літве або пералічыць ахвяраваньне на банкаўскую картку (адпаведныя рэквізыты указаныя на сайце Budzma.org).
  • Зрабіць данат праз PayPal: PayPal.Me/budzma
  • Тыя, хто плаціць падаткі ў Літве, могуць пры запаўненьні дэклярацыі ахвяраваць Budzma.org 1,2% сваіх падаткаў за 2024 год (зрабіць гэта можна да 1 траўня 2025 году). Падрабязная інструкцыя па спасылцы.


Асноўнае пра кампанію «Будзьма»

Культурна-асьветніцкі партал Budzma.org узьнік на падставе грамадзкай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая была заснаваная ў 2008 годзе з мэтай паглыбленьня нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. У межах кампаніі каманда «Будзьма беларусамі!» ладзіла імпрэзы, якія мелі на мэце прадэманстраваць, што беларуская культура — сучасная і пэрспэктыўная, а беларуская мова — якасны сродак камунікацыі.

Самыя адметныя праекты кампаніі:

  • штогадовы фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі «Аднак!»;
  • ток-шоў і «Кірмашы праектаў»;
  • камунікацыйныя праграмы «Пяцісотгоднасьць», «Краіна цмокаў» і «Культура паляпшае жыцьцё»;
  • анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі!» (альбо «Гісторыя Беларусі за 5 хвілінаў»);
  • музычны праект «Тузін.Перазагрузка»;
  • сэрыя фільмаў-вандровак «Край|BY».


Сёньня каманда Budzma.org вымушана працуе з замежжа, але працягвае пісаць пра Беларусь і беларусаў, штодзень распавядаючы пра падзеі беларускага грамадзкага і культурнага жыцьця, публікуючы аўтарскія калёнкі, інтэрвію зь беларускімі творцамі, расказваючы пра беларускую гісторыю, мову, літаратуру, кіно і мастацтва.

«Будзьма беларусамі!» — гэта таксама Youtube-канал з унікальнымі відэапраектамі, аўтары якіх распавядаюць праўду пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі ў праекце «Трызуб і Пагоня», знаёмяць са шляхецкай культурай у праекце «Сармат», разбураюць стэрэатыпы пра Беларусь і беларусаў у перадачы «Хрусь і папалам!» і інш.

А на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям» публікуюць беларускамоўны кантэнт для маленькіх беларусікаў і беларусачак — казкі, спэктаклі, адукацыйныя перадачы. Тэлеграм-бот афіша «Будзьма разам!» распавяде пра беларускія імпрэзы ў розных гарадах Беларусі і па ўсім сьвеце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG