Традыцыю вулічнага сьвяткаваньня Дня абвешчаньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка заклаў мастак Алесь Пушкін. У 1989 годзе ён правёў першую вулічную акцыю ў цэнтры Менску. У 2023 годзе Алесь Пушкін загінуў у зьняволеньні. Свабода згадвае першае публічнае сьвяткаваньне 25 Сакавіка з ініцыятывы мастака, яго ранейшыя аповеды пра гэта і ўспаміны сяброў ды журналістаў.
25 сакавіка — 107-я гадавіна абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Абавязковым атрыбутам гэтага сьвята ў Беларусі да апошняга часу была публічная вулічная акцыя, якая зьбірала тых, хто шанаваў незалежнасьць краіны і выступаў супраць палітыкі дзейных уладаў.
Заснаваў гэтую традыцыю беларускі мастак Алесь Пушкін. Менавіта ён у 1989 годзе правёў першую публічную акцыю ў Менску, непадалёк ад тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), дзе сам вучыўся.
Да гэтага Дзень Незалежнасьці (Днём Волі яго назвалі пазьней) адзначалі падпольна: у мастацкіх майстэрнях ці наагул у лесе. Пушкін жа вырашыў зрабіць першую публічную акцыю.
З словаў Валянціны Якімовіч, фальклярысткі, блізкай сяброўкі Алеся Пушкіна, на акцыю мастака натхніў артыкул у гістарычным часопісе.
«На зімовых вакацыях (ён быў у сваім мястэчку Бобр) Алесь прачытаў гістарычны часопіс. І даведаўся, што, аказваецца, 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, што мы маем такую гісторыю, а таксама што Беларусі не 71 год, а значна болей, што мы маем даўнюю гісторыю з часоў Вялікага Княства Літоўскага. І ў яго ў галаве склалася, што дату трэба адзначыць», — прыгадвае Валянціна Якімовіч.
Алесь Пушкін тады ня ўдзельнічаў у арганізацыях, дзе гуртавалася нацыянальна арыентаваная моладзь — напрыклад, на той час ужо актыўна дзейнічала незалежнае гісторыка-культурнае аб’яднаньне «Талака». Аднак Пушкін трымаўся сам па сабе.
Ад акцыі яго спрабавалі адгаварыць, бо «час яшчэ не надышоў».
«Яго ўсе хацелі адгаварыць, баяліся, што зь ім нешта здарыцца, бо «час яшчэ не надышоў», — прыгадвае Валянціна Якімовіч.
Спачатку Алесь Пушкін хацеў зрабіць выставу сваіх плякатаў у інстытуце, дзе вучыўся, але яму не дазволілі. Тады ён схаваўся у бамбасховішчы каля інстытуту, там пашыў сабе сьцяг, склеіў белага бусла з паперы, надзьмуў балёнікі гарачым газам, расказвае Валянціна Якімовіч. Мастак хацеў прайсьціся з плякатамі ад свайго інстытуту да Дому ўраду. Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказала журналістка, якая тады асьвятляла акцыю Пушкіна.
«12 плакатаў Пушкін вырашыў пранесьці па галоўным праспэкце сталіцы ад тэатральна-мастацкага інстытуту (скрыжаваньне праспэкту з вуліцай Сурганава) да плошчы Леніна, дзе месьціўся Дом ураду. Таксама Пушкін вынес на ганак інстытуту бусла, зробленага з паперы, і 71 балёнік. Балёнікі сымбалізавалі 71 год Беларускай Народнай Рэспублікі», — прыгадвае журналістка.
«Прыбярыце гэтую брыдоту»
На плякаце, які Пушкін трымаў перад сабой, было напісана: «Грамадзянін, у гэты дзень 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве Незалежная Беларусь!» На другім плякаце, які Пушкін павесіў на сьпіну, быў намаляваны дзяржаўны сьцяг БССР узору 1951 году, перакрыжаваны дзьвюма чорнымі лініямі, а зьнізу быў надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!»
«Гэта было 25-га апоўдні. Я падрыхтаваў 12 плакатаў. І ўпершыню іх выставіў. Я выйшаў на вуліцу, абвешаны плякатамі, і яшчэ сябры-студэнты. Мы рушылі па праспэкце», — расказваў Пушкін пра гэтую акцыю журналістам.
Плякаты мастак раздаваў і іншым студэнтам, якія падтрымалі акцыю. Сярод прысутных быў скульптар Гэнік Лойка, які тады ўваходзіў у «Талаку». Ён дзеліцца сваімі ўспамінамі са Свабодай:
«Ён [Алесь Пушкін] зрабіў гэта як бачыў, па-мастацку. Зрабіў столькі плякатаў, раздаў студэнтам. І я папрасіў у яго плякат, каб трымаць у руках. І ён павёў наш натоўп студэнтаў па горадзе. Мы падышлі да скрыжаваньня, чакалі на зялёнае сьвятло».
Алесь Пушкін таксама трымаў у руках мэгафон, і ў яго адбылася перапалка зь сілавікамі.
"Калі Пушкін выйшаў, то пабачыў аўтобус з АМАПам. Яны перагарадзілі тагачасны Ленінскі праспэкт (зараз Незалежнасьці). Ён стаіць з рупарам каля ўваходу ў інстытут, а за 15 мэтраў ад яго стаіць нейкі палкоўнік з рупарам і кажа :"Прыбярыце гэтую брыдоту, вызваліце праспэкт«. А ён у адказ: «Дык адганіце свой аўтобус, і людзі будуць езьдзіць», — прыгадвае Валянціна Якімовіч.
Сяброўка Пушкіна расказвае, што людзі выходзілі з транспарту, які ня мог праехаць, і цікавіліся падзеяй. Так многія ўпершыню даведаліся, што «Беларусь была незалежнай дзяржавай».
Калёна зь некалькіх дзясяткаў чалавек здолела прайсьці толькі некалькі дзясяткаў мэтраў — ад тэатральна-мастацкага інстытуту да Дома друку. Пасьля пачаліся затрыманьні.
«На Пушкіна накінуліся, паламалі ягоныя плякаты, яго білі, пасьля схапілі за рукі-ногі і кінулі ў аўтобус. Сябра „Талакі“ і студэнт таго ж інстытуту Вадзім Александровіч лёг пад колы міліцэйскага аўтобуса. Яго адтуль выцягнулі ды ўкінулі ў той жа аўтобус», — расказвае Валянціна Якімовіч.
Канец акцыі і затрыманьні паспеў пабачыць пазьнейшы дэпутат Вярхоўнага Савету, а тады палітычны актывіст і супрацоўнік часопісу «Вожык» Сяргей Навумчык. Ягоная рэдакцыя ў тыя часы месьцілася ў Доме друку, каля якога адбыліся затрыманьні.
«Пра самую акцыю я ня ведаў. Рэдакцыя месьцілася на 4-м паверсе, а на 3-м паверсе была рэдакцыя „Чырвонай зьмены“, яна была даволі прагрэсіўная. Нехта адтуль прыбег і сказаў, што хапаюць нейкага чалавека з плякатамі. Дагэтуль я пра Пушкіна ня ведаў, тады я яго ўпершыню пабачыў. Гэта быў вельмі мужны крок для таго часу», — гаворыць Сяргей Навумчык.
«Мы яго паабяцалі перавыхаваць»
Пасьля затрыманьняў удзельнікаў акцыі сябры пачалі шукаць Алеся Пушкіна ў пастарунках.
«Мы знайшлі яго ў РУУС Маскоўскага раёну, сказалі, што мы яго перавыхаваем. І яго выпусьцілі. Паўстала пытаньне аб выключэньні Алеся з інстытуту», — кажа Якімовіч.
За акцыю Пушкін атрымаў 5 дзён адміністрацыйнага арышту. Гэта былі ня першыя ягоныя «суткі». Першы свой тэрмін у 15 дзён Пушкін атрымаў за тое, што перад «Дзядамі» ў 1988 годзе клеіў улёткі на сьценах тэатральна-мастацкага інстытуту.
А ў чэрвені адбыўся суд ужо паводле крымінальнага артыкулу за тую ж акцыю да ўгодкаў незалежнасьці БНР.
«Быў затрыманы і асуджаны на 2 гады ўмоўнага пазбаўленьня волі. Але быў такі дэмакратычны час, што я скончыў інстытут: адбываючы пакараньне, вучыўся на 4-м і 5-м курсах», — прыгадваў тыя падзеі сам Алесь Пушкін.
Пушкіна ня сталі выключаць з інстытуту. Гэтаму паспрыяла тое, што ён добра вучыўся, меў «выдатна» па ангельскай мове, што было рэдкасьцю, і атрымліваў павышаную стыпэндыю 90 рублёў, калі іншыя атрымлівалі 30, расказвае Валянціна Якімовіч.
Ужо пасьля акцыі ў красавіку Алесю Пушкіну даслалі ананімны ліст з пагрозай забіць, прыгадвае Валяцніна Якімовіч. А ўжо пасьля суду мастака пабілі невядомыя.
«Насупраць Палацу спорту была кавярня, куды Алесь пайшоў зь сябрам. Ну вось яны сядзяць, п’юць там сабе каву. Раптам заходзяць крэпкія мужыкі, коратка стрыжаныя, у скураных куртках. Папрасілі закурыць, ён адказаў, што ня курыць. Сказалі: пайшлі выйдзем. На вуліцы яны зьбілі зь яго акуляры, зламалі нос, сарвалі крыжык з шыі. Пасьля ўцяклі», — кажа Валянціна Якімовіч.
«Дзяржаўная прэса накінулася на Пушкіна»
Рэпартаж пра першы пэрфоманс Алеся Пушкіна выйшаў тады ў эфіры радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» — галоўнай рэдакцыі праграм для моладзі дзяржаўнага радыё. У дзяржаўным друку зьявіліся артыкулы, якія папулярызавалі савецкую дзяржаўную сымболіку.
«Адразу на Пушкіна накінулася дзяржаўная прэса, яго вінавацілі, што ён адзначыў дзень незалежнасьці „буржуазнай“ народнай рэспублікі. Тады ўпершыню шырокае кола грамадзкасьці даведалася, што была такая БНР, што Беларусь была незалежнай краінай. ЦК КПБ тады стрэліла сабе ў нагу, апублікаваўшы вялікі артыкул супраць Пушкіна і БНР», — расказвае Сяргей Навумчык.
З словаў Навумчыка, у тагачасных школьных падручніках не пісалі пра БНР. Пра гэта можна было даведацца ў манаграфіях, дасьледаваньнях. Гісторыя БНР падавалася як спроба стварыць «буржуазную» рэспубліку, увагу на гэтым не засяроджвалі.
«Да 1989 году я не памятаю ніводнай публікацыі ў прэсе пра гэтую дату. Калі гаварыць пра грамадзтва, то такія акцыі ніколі не заўчасныя. Калі б не казалі пра незалежнасьць, то невядома, ці была б яна. Беларусь мела ўсе шанцы застацца ў складзе Расеі. Тое, што зрабіў Пушкін, было вельмі важна. Калі кожны будзе кіравацца тым, што „яшчэ ня час“, то ён ніколі не надыйдзе. Час набліжаюць людзі, якраз Пушкін гэты час наблізіў», — мяркуе Сяргей Навумчык.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўзнагародзіла Алеся Пушкіна мэдалём да 100-годзьдзя БНР за гэтую акцыю.
Наступныя ўгодкі БНР адзначылі ў 1990-м годзе таксама вулічнай акцыяй, якая ўжо прайшла без затрыманьняў і сабрала некалькі соцень удзельнікаў. А ў 1993 годзе Дзень Волі прайшоў у філярмоніі на дзяржаўным узроўні, дзе ўсіх павіншавалі тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.
Пазьней акцыі на Дзень Волі зьбіралі нязгодных з уладамі Беларусі. Былі часы, калі улады дазвалялі правесьці акцыю шырока, напрыклад, у 2018 годзе 100-годзьдзе незалежнасьці БНР адзначылі канцэртам каля Опэрнага тэатру.
Некаторыя акцыі, прымеркаваныя да ўгодкаў БНР, жорстка разганялі. Так адбылося ў 2017 годзе, калі сілавікі ўпершыню прадэманстравалі новую тэхніку для разгону пратэстоўцаў — вадамёты, загароды сыстэмы «Рубеж» ды іншае.
Апошняя спроба зладзіць вулічную акцыю на Дзень Волі ў Беларусі адбылася ў 2021 годзе. Тады люді ня здолелі сабрацца праз блякаваны сілавікамі горад і шматлікія прэвэнтыўныя затрыманьні. Некаторых тады проста затрымлівалі на вуліцы бязь нейкіх прычын.
Увесну 2021-га Алесь Пушкін вярнуўся з кіеўскай выставы на радзіму, дзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў віравалі палітычныя рэпрэсіі, а яго асабіста чакала крымінальная справа за партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара.
Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў.
Супраць Пушкіна завялі крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд.
У Дзень Волі 25 сакавіка 2022 году падчас суду палітзьняволены мастак Алесь Пушкін на знак пратэсту выразаў на сваім целе ад грудзей да пояса вялікі крыж. Падчас абвяшчэньня прысуду (яго асудзілі на 5 гадоў турмы) Пушкін разьдзеўся, каб былі відаць драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў.
11 ліпеня 2023 году, пасьля васьмі месяцаў, праведзеных у крытай горадзенскай турме № 1, 57-гадовы Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні. У дакумэнтах пазначана, што «прычына сьмерці невядомая». 13 ліпеня мастака пахавалі на яго радзіме ў мястэчку Бобр. Ад затрыманьня да сьмерці ў рэанімацыі ён пражыў 833 дні.
Форум