Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай пачаў маштабныя вайсковыя вучэньні вакол Тайваню, у Тайбэі выказалі пратэст


Ілюстрацыйнае фота. Карабель берагавой аховы Тайваню (на пярэднім пляне) і карабель берагавой аховы Кітаю (ззаду). 1 красавіка 2025 году
Ілюстрацыйнае фота. Карабель берагавой аховы Тайваню (на пярэднім пляне) і карабель берагавой аховы Кітаю (ззаду). 1 красавіка 2025 году

Кітай пачаў маштабныя вайсковыя вучэньні вакол вострава Тайвань, гаворыцца ў заяве кітайскіх вайскоўцаў, якую цытуе агенцтва DPA.

Сумесныя вучэньні з удзелам арміі, флёту, вайскова-паветраных сілаў і ракетнага падразьдзелу палягаюць у набліжэньні да Тайваню з розных кірункаў для «праверкі сумесных апэрацыйных магчымасьцяў» сваіх сілаў, заявіў прэс-сакратар Усходняй вайсковай акругі кітайскіх узброеных сілаў Шы І, паведамляе DPA.

У сумесных вучэньнях удзельнічаюць вайскова-морскія, паветраныя, наземныя і ракетныя сілы. Паводле Шы І, яны павінны служыць «строгім папярэджаньнем і рашучым фактарам стрымліваньня незалежнасьці Тайваню».

Міністэрства абароны Тайваню заявіла, што з суботы 29 сакавіка адсочвае рух кітайскіх вайсковых сродкаў. Раніцай 1 красавіка ведамства заявіла, што за апошнія 24 гадзіны выявіла 19 караблёў ВМС Кітаю ў водах вакол Тайваню. У заяве міністэрства гаворыцца, што Кітай працягвае нарошчваць вайсковую дзейнасьць вакол Тайваню і ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, павялічваючы ваенныя пагрозы ня толькі на рэгіянальным, але і на глябальным узроўні.

Канцылярыя прэзыдэнта Тайваню рашуча асудзіла дзеяньні Кітаю. Прэс-сакратарка офіса Карэн Го заявіла, што падтрыманьне рэгіянальнага міру і стабільнасьці ёсьць агульнай адказнасьцю, і заклікала Кітай вярнуцца да міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, і зрабіць свой унёсак у рэгіянальную бясьпеку і стабільнасьць.

Прэм’ер-міністар Тайваню Чжо Жунтай падкрэсьліў, што з улікам зьменлівай міжнароднай эканамічнай і гандлёвай сытуацыі кожны ўрад павінен працягваць клапаціцца пра ўнутраную сацыяльную стабільнасьць і дабрабыт свайго народу.

«Адна толькі дэманстрацыя вайсковай сілы — гэта ня тое, чаго варта чакаць ад сучасных, прагрэсіўных краін», — сказаў Чо.

У дадатак да рэгулярных вайсковых вучэньняў кітайскія зьнішчальнікі амаль штодня залятаюць у зону супрацьпаветранай абароны Тайваню, што звычайна выклікае адказ з боку ВПС Тайваню.

  • Пэкін не кантралюе Тайвань з 1949 году, але лічыць яго неадʼемнай часткай сваёй тэрыторыі і неаднойчы пагражаў уварвацца на Тайвань у мінулым.
  • Кітай папярэдзіў іншыя краіны, у прыватнасьці ЗША, што яны павінны спыніць падтрымку Тайваню, расцэньваючы яе як умяшаньне ва ўнутраныя справы Кітаю.
  • Дэмакратычны Тайвань з насельніцтвам каля 23,4 мільёна чалавек мае незалежны ўрад з 1949 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG