Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Кітаю абвінаваціў ЗША ў размываньні «мірнага ўзьяднаньня» з Тайванем


Міністар абароны Кітаю Донг Юнь
Міністар абароны Кітаю Донг Юнь

Афіцыйны Пэкін у чарговы раз выступіў супраць ідэі пра незалежнасьць Тайваню і зьвінаваціў Захад ва ўмяшаньні ва «ўнутраныя справы».

Пэрспэктыва мірнага «ўзьяднаньня» з Тайванем усё больш «размываецца» тайваньскімі сэпаратыстамі і вонкавымі сіламі, заявіў міністар абароны Кітая Донг Юнь.

Кітай разглядае дэмакратычна кіраваны Тайвань як сваю ўласную тэрыторыю, нягледзячы на рэзкія пярэчаньні тамтэйшага ўраду, і ў мінулым месяцы зладзіў вайсковыя манэўры вакол выспы ў адказ на інаўгурацыю прэзыдэнта Лай Чынг-тэ 20 траўня, якога Пэкін называе «сэпаратыстам».

Выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі Shangri-La Dialogue у Сынгапуры, Донг Юнь сказаў, што Тайвань зьяўляецца «ядром ключавых праблем» для Кітаю, кіроўная Дэмакратычная прагрэсіўная партыя Тайваню ўсё больш ідзе да сэпаратызму і імкнецца сьцерці кітайскую ідэнтычнасьць.

«Гэтыя сэпаратысты нядаўна зрабілі фанатычныя заявы, якія паказваюць іх здраду кітайскай нацыі і сваім продкам. Яны будуць прыбітыя да ганебнага слупа гісторыі», — сказаў ён.

Пасьля яго выступленьня дэлегаты задалі Донгу некалькі пытаньняў, але той засяродзіў увагу на Тайвані. Тады мадэратар павінен быў прасіць яго закрануць іншыя пытаньні.

Тады кітайскі міністар абароны абвінаваціў замежныя дзяржавы ва ўмяшаньні ва «ўнутраныя справы» і «падтрымцы тайваньскіх сэпаратыстаў».

Рада мацерыковых справаў Тайваню, якая вызначае палітыку ў дачыненьні Кітаю, заявіла ў адказ, што глыбока шкадуе аб «правакацыйных і ірацыянальных» камэнтарах, і паўтарыла, што Кітайская Народная Рэспубліка ніколі не кіравала востравам.

Кітай неаднаразова пагражаў сілай супраць Тайваню на міжнародных пляцоўках, і яго пагрозы парушалі статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, гаворыцца ў заяве Рады. Кітай неаднаразова абураўся падтрымкай ЗША і продажам зброі востраву, нават пры адсутнасьці афіцыйных дыпляматычных адносінаў паміж Вашынгтонам і Тайбэем.

«Кожны год на працягу трох гадоў новы міністар абароны Кітаю прыяжджаў у Шангры-Ля. І кожны год яны выступаюць з прамовай, якая цалкам супярэчыць сапраўднай дзейнасьці Народнай вызваленчай арміі (баявога крыла Камуністычнай партыі Кітаю) ва ўсім рэгіёне. Гэты год нічым не адрозьніваўся», — сказаў амэрыканскі чыноўнік, якога цытуе Reuters.

Донг назваў продаж амэрыканцамі зброі тэстам «чырвоных ліній».

«Яны прадаюць шмат зброі Тайваню. Такія паводзіны пасылаюць вельмі няправільныя сыгналы сілам незалежнасьці Тайваню і прымушаюць іх стаць вельмі агрэсіўнымі. Я думаю, нам ясна, што сапраўдная мэта замежнай дзяржавы — выкарыстоўваць Тайвань для стрымліваньня Кітаю».

Апошнія два гады Тайвань скардзіўся на затрымкі з пастаўкамі амэрыканскай зброі, такой як зэнітныя ракеты Stinger, паколькі вытворцы пастаўляюць іх Украіне, каб падтрымаць яе ў вайне супраць Расеі.

Прэзыдэнт Тайваня прапаноўваў Пэкіну перамовы, але атрымаў адмову. Ён кажа, што толькі народ Тайваню можа вырашаць сваю будучыню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG