Дырэктар Службы інфармацыі і бясьпекі (СІБ) Малдовы Аляксандар Мусьцяцэ заявіў, што прадстаўнікі пасольства Расеі вывезьлі ў непрызнанае Прыднястроўе прарасейскага дэпутата Аляксандра Несьцяроўскага за дзень да суду. Пра гэта паведамляе малдаўская служба Радыё Свабода.
«У нас ёсьць пацьверджаная інфармацыя аб тым, што Расея дапамагла Аляксандру Несьцяроўскаму пазьбегнуць узяцьця пад варту. Гэтыя дзеяньні — частка мэханізму гібрыднай агрэсіі супраць Малдовы, аб якой спэцслужба неаднаразова папярэджвала», — цытуе словы Мусьцяцэ Newsmaker.
Прадстаўнікі службы паказалі відэа, на якім бачна, як мужчына, падобны да Несьцяроўскага, увайшоў у пасольства РФ вечарам 18 сакавіка, а 19 сакавіка аўтамабіль з расейскімі дыпляматычнымі нумарамі выехаў з тэрыторыі пасольства і затым уехаў у Прыднястроўе.
У пасольстве Расеі ў Малдове словы кіраўніка СІБ назвалі «галаслоўнымі інсынуацыямі». «Заклікаем малдаўскі бок устрымлівацца ад правакацыйных здагадак і разьлічваем на вяртаньне да прагматычнага дыялёгу па ўсім комплексе пытаньняў двухбаковых адносін, што адпавядае карэнным інтарэсам народаў нашых дзяржаў», — гаворыцца ў заяве.
Пасла РФ Алега Озерава выклікалі ў МЗС Малдовы, дзе яго апавясьцілі аб высылцы трох расейскіх дыпляматаў.
«Рашэньне малдаўскіх уладаў заснаванае на відавочных доказах дзейнасьці, якая супярэчыць дыпляматычнаму статусу на тэрыторыі Рэспублікі Малдова», — заявілі ў ведамстве.
Несьцяроўскі — прарасейскі дэпутат парлямэнту Малдовы. 19 сакавіка 2025 году суд у Кішынёве завочна прысудзіў яго да 12 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў 500 тысяч леяў ($27 тысяч) за пасіўную карупцыю і стварэньне ўмоў для незаконнага фінансаваньня партыі. Па дадзеных пракуратуры, ён атрымаў ад зьбеглага алігарха Ілана Шора ня менш за 35 тысяч даляраў за тое, што перайшоў з Партыі сацыялістаў у партыю «Адраджэньне». Акрамя таго, сьцьвярджае сьледзтва, Несьцяроўскі ўгаворваў экс-дэпутатку Арыну Спэтару стварыць праэўрапейскую партыю, якая будзе дзейнічаць у інтарэсах Шора, і перадаў ёй 50 тысяч даляраў і 100 тысяч леяў ($5,4 тыс.). Справа супраць яго была заведзеная ў 2023 годзе.
За некалькі гадзін да судовага пасяджэньня Ўладзімір Пуцін прапанаваў Несьцяроўскаму грамадзянства Расеі ў сувязі зь яго «перасьледам» у Малдове.
Форум