Аляксандар Лукашэнка прызначыў Юрыя Караева старшынём Горадзенскага аблвыканкаму.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, адначасова Лукашэнка вызваліў яго ад пасады свайго памочніка — інспэктара ў Горадзенскай вобласьці.
Юры Караеў выконваў абавязкі старшыні Горадзенскага аблвыканкаму з трэцяга сакавіка, пасьля таго як яго папярэднік Уладзімер Каранік заняў пасаду віцэ-прэм’ера.
«Мяне задавальняе яшчэ і тое, што вы — чалавек вайсковы. Сытуацыя на заходніх межах, лепш за мяне ведаеце, што там адбываецца. Таму гэтая ваша рыса вайсковая з тым, што вы нават сельскую гаспадарку там асвоілі за гэты час, амаль пяць гадоў працавалі памочнікам, гэта таксама добрая школы была. І я заўважыў, што вам гэта падабаецца», — сказаў Лукашэнка пры прызначэньні Караева.
Апроч таго, Лукашэнка прызначыў Аляксея Кушнарэнка старшынём Менскага аблвыканкаму, які з жніўня 2024 году працаваў міністрам энэргетыкі. Новым міністрам энэргетыкі стаў Дзяніс Мароз, які да гэтага прызначэньня працаваў намесьнікам міністра энэргетыкі.
Аляксей Кушнарэнка нарадзіўся ў 1975 годзе ў Полацаку, скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, у 2007 годзе – Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.
З 1997 па 2003 гады працаваў майстрам, старшым майстрам, намесьнікам начальніка тэхнічнай інспэкцыі РУП «Віцебскаблгаз».
У 2003–2007 гадах быў дырэктарам Сеньненскага і Полацкага філіялаў «Віцебскаблгазу», на розных пасадах працаваў на гэтым прадпрыемстве да 2010 году.
З 2010 па 2019 год – генэральны дырэктар вытворчага РУП «Магілёўаблгаз», з 2019 па 2024 год – гендырэктар вытворчага аб'яднаньня «Белпалівагаз».
Кушнарэнка прапрацаваў міністрам энэргетыкі менш за восем месяцаў – з 12 жніўня 2024 году.
Дзяніс Мароз нарадзіўся ў 1982 годзе ў Баку (Азэрбайджан). Скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «электраэнэргетыка», а таксама Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт.
У 2016–2021 гадах узначальваў праектнае навукова-дасьледчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «НДІ Белгіпратапгаз».
Пасаду намесьніка міністра энэргетыкі займаў з сакавіка 2021 году.
Форум