Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стамбуле сотні тысяч людзей выйшлі на мітынг супраць арышту палітычнага апанэнта Эрдагана


Мітынг супраць арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, Стамбул, 29 сакавіка 2025 году.
Мітынг супраць арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, Стамбул, 29 сакавіка 2025 году.

У Стамбуле сотні тысяч людзей выйшлі на акцыі пратэсту супраць арышту мэра гораду Экрэма Імамаглу — галоўнага палітычнага апанэнта прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана. Гэта была самая маштабная дэманстрацыя ў краіне за апошнія 10 гадоў, піша агенцтва Reuters.

Пратэстоўцы сабраліся на набярэжнай у раёне Малтэпе, яны размахвалі сьцягамі Турэччыны і плякатамі, на адным зь якіх было напісана: «Калі правасудзьдзе маўчыць, народ загаворыць». Мітынг з патрабаваньнем вызваліць Імамаглу арганізавала апазыцыйная Рэспубліканская народная партыя.

На мітынгу зачыталі ліст Імамаглу: «У мяне няма страху, вы за маёй сьпінай і побач са мной. У мяне няма страху, таму што нацыя адзіная. Нацыя аб’ядналася супраць прыгнятальніка», — гаварылася ў лісьце.

Пратэсты ў краіне пачаліся пасьля таго, як 19 сакавіка паліцыя затрымала мэра Стамбула. Пасьля суд адправіў яго пад арышт. Экрэма Імамаглу і яшчэ каля ста чалавек абвінавачваюць у карупцыйных злачынствах і стварэньні злачыннай групы, якая займалася вымаганьнем у бізнэсу. Апазыцыйныя партыі і праваабарончыя групы заявілі, што справа супраць Імамаглу зьяўляецца спробай ліквідаваць патэнцыйную электаральную пагрозу Эрдагану. Сам Імамаглу назваў абвінавачаньні «надуманымі і паклёпніцкімі».

Пратэсты ў асноўным насілі мірны характар, аднак паліцыянты затрымалі каля 1900 чалавек.

Падчас сёньняшняга мітынгу.
Падчас сёньняшняга мітынгу.

Імамаглу быў затрыманы за некалькі дзён да таго, як яго плянавалі абраць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2028 году. Разам зь ім 19 сакавіка ў рамках расьсьледаваньня затрымалі больш за 100 чалавек, уключаючы палітыкаў, журналістаў, бізнэсоўцаў. Раней Стамбульскі ўнівэрсытэт абвясьціў, што анулюе дыплём Экрэма Імамаглу з прычыны нейкай «відавочнай памылкі». Калі рашэньне застанецца ў сіле, яно пазбавіць мэра Стамбулу магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, бо кандыдат павінен мець унівэрсытэцкі дыплём.

Тым ня менш, 24 сакавіка стала вядома, што апазыцыйная Народна-рэспубліканская партыя Турэччыны вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты краіны арыштаванага і адхіленага ад пасады мэра Стамбулу Экрэма Імамоглу. На партыйных выбарах за яго аддалі галасы каля 15 мільёнаў чалавек.




Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG