Таксама затрыманыя дарадца мэра Мурат Ангун і дырэктар перадвыбарнай кампаніі Імамаглу Нэджаці Шахін.
Дзяржаўнае агенцтва Anadolu паведамляе, што пракуратура санкцыянавала арышт мэра і яшчэ каля 100 чалавек, у ліку якіх прадстаўнікі бізнэсу і журналісты. Сярод вылучаных супраць іх абвінавачаньняў — кіраўніцтва і сяброўства ў злачыннай арганізацыі, вымагальніцтва, хабарніцтва, незаконнае атрыманьне пэрсанальных зьвестак і фальсыфікацыя выніку тэндэру.
У пракуратуры, у прыватнасьці, сьцьвярджаюць, што мэр Стамбула і «многія іншыя асобы» прымушалі бізнэсоўцаў аддаваць грошы, атрымлівалі несправядлівы прыбытак і адмывалі сродкі, атрыманыя ад злачыннай дзейнасьці. Ведамства называе Экрэма Імамаглу «кіраўніком злачыннай арганізацыі».
Сам мэр Імамаглу перад затрыманнем напісаў у сацыяльнай сетцы Х: «Воля народу ня можа быць задушаная запалохваннем або незаконнымі дзеяннямі. Я давяраю свой лёс ня толькі 16 мільёнам жыхароў Стамбула, але і 86 мільёнам грамадзян Турэччыны і ўсім, хто падтрымлівае дэмакратыю і справядлівасць ва ўсім свеце. Я непахісны ў сваёй барацьбе за асноўныя правы і свабоды».
У відэазвароце, які мэр Стамбула выклаў у сацсетцы незадоўга да затрыманыя, ён заявіў, што пракуратура сваёй пастановай наносіць удар па волі народу.
Напярэдадні Ўнівэрсытэт Стамбула ануляваў дыплём Экрэма Імамаглу, спаслаўшыся на нейкую «відавочную памылку». Як адзначаюць СМІ, гэта пазбаўляе мэра Стамбула магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, бо кандыдат павінен мець унівэрсітэцкі дыплём. Імамаглу назваў гэтае рашэньне незаконным і заявіў аб палітычным умяшаньні ў акадэмічную сыстэму.
У Турэччыне затрыманьне Імамаглу выклікала масавыя пратэсты. У Стамбуле і іншых гарадах людзі выходзяць на вуліцы, нягледзячы на ўрадавую забарону на масавыя мерапрыемствы. Паліцыя забарыкадавала падыходы да сваёй стамбульскай штаб-кватэры, каб спыніць дэманстрантаў.
Пасьля затрыманьня Імамаглу курс турэцкай ліры рэзка ўпаў. Паступаюць паведамленьні пра блякаваньне сацсетак.
- Амаль год таму Экрэм Імамаглу перамог на выбарах мэра Стамбула. Тады кіраўнікамі больш за турэцкіх 30 рэгіёнаў, уключаючы Стамбул і Анкару, сталі прадстаўнікі апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі.
- Стамбул — найбуйнейшы горад Турэччыны, у ім пражывае больш за 15 мільёнаў чалавек. Пасьля сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2023 года і распаду апазыцыйнай кааліцыі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган спадзяваўся вярнуць Стамбул пад кантроль прэзыдэнцкай Партыі справядлівасьці і разьвіцця.
Форум