Бярозавік нельга зьбіраць у гарадах ды іншых паселішчах. Эколягі раяць браць ня больш за літар соку з аднаго дрэва, а таксама ісьці ў мяшаныя лясы — там сок смачнейшы. Як здабываць бярозавік правільна, расказваюць спэцыялісты.
Дзе можна зьбіраць сок, а дзе нельга
Згодна закону ўсе грамадзяне Беларусі маюць права бясплатна зьбіраць бярозавік, калі ён не для продажу. Каб зрабіць усё законна, трэба зьвярнуцца ў лясьніцтва, дзе вызначаць дзялянку для збору соку, таксама патрэбна будзе выпісаць «лясны квіток». Такую працэдуру апісваюць у Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Кантакты лясьніцтваў можна знайсьці на сайце профільнага міністэрства ці ў абласных аддзяленьнях.
Зьбіраць сок можна ў сьпелых лясах, якія падыходзяць для высечкі, але не раней чым за 5 гадоў да высечкі. Вызначаюць, якія дрэвы можна выкарыстоўваць, у раённых лясьніцтвах, самастойна вырашаць, дзе зьбіраць сок, ня варта.
Ёсьць і шырокі сьпіс месцаў, дзе сок нарыхтоўваць нельга. Да іх адносяцца дэндралягічныя паркі, месцы, дзе жывуць чырванакніжныя жывёлы, месцы масавага адпачынку, берагі вадаёмаў. Нарыхтоўваць сок нельга таксама ў гарадах і нават ува ўласных садах. Пра гэта Свабодзе расказаў экспэрт лініі разьвязаньня экалягічных праблемаў «Зялёны тэлефон» Ягор.
«Нават у сваім уласным садзе сок зьбіраць нельга, бо яго нельга нарыхтоўваць у паселішчах. Калі б гэта было дазволена, была б праблема. У паселішчах дрэваў менш, чым у лесе. У лесе нагрузка пры такім зборы моцна ня шкодзіць, а ў паселішчах цяжка пракантраляваць, колькі чалавек падышло да адной бярозы, каб сабраць зь яе сок», — расказвае спэцыяліст.
Як правільна зьбіраць сок
Каб сок быў смачнейшы, яго варта зьбіраць у мяшаных лясах, раяць спэцыялісты.
«У Беларусі расьце шмат чыста бярозавых лясоў, аднак яны аддаюць перавагу вільготнай глебе, таму сок можа атрымацца вадзяністы. Мы раім шукаць бярозы у мяшаным лесе, дзе больш пяшчанай глебы, там сок будзе лепшы на смак», — кажа Ягор.
Эколягі раяць трымацца адмысловых правілаў, каб не нашкодзіць дрэву пры зборы соку. Трэба абіраць непашкоджаныя і немаленькія дрэвы.
«Арыентавацца на вышыню дрэва ад 1 мэтра 30 сантымэтраў, дыямэтар ствала ня меншы за 20 сантымэтраў. Ня трэба рабіць шмат адтулін у дрэве, гэта яму нашкодзіць. Адна адтуліна, калі дрэва ў шырыню ад 20 сантымэтраў, калі дрэва 30 сантымэтраў — можна зрабіць дзьве адтуліны. Сок працякае блізка да кары, дастатоква паглыбіцца на 2-3 сантымэтры. Адтуліна мусіць быць ня большай за 1 сантымэтар таўшчыні, жолаб лепш рабіць зь нержавейнай сталі», — раіць Ягор.
Ад зямлі да адтуліны, адкуль зьбіраецца сок, мусіць быць каля 20 сантымэтраў. Пасьля збору соку адтуліну трэба закрыць, каб абараніць яе ад паразытаў. Замазаць яе можна глінай з вапнай, яловай смалой, адмыловым садовым варам, дадае спэцыяліст. Зьбіраць з аднаго дрэва больш за 1 літар ня варта.
Калі не выконваць правілаў, за незаконны збор бярозавіку можна нарвацца на штраф. Да 840 рублёў (да 20 базавых) для фізычнай асобы, да 4200 рублёў (да 100 базавых) — для індывідуальнага прадпрымальніка, і да 21 000 (да 500 базавых) для юрыдычнай асобы.
Калі няма часу
Сьвежы бярозавік можна таксама купіць у лясгасах, калі няма часу яго зьбіраць самастойна. Зрабіць гэта можна ў адмысловых крамах лясгасаў. Напрыклад, у Менску нарыхтоўнікі абяцаюць прадаваць сок на 6 адмысловых пляцоўках. Падобныя пляцоўкі будуць і ў іншых раёнах Беларусі. Цана ў Менску зараз — 50 капеек за літар.
Форум