Аб такім рашэньні ў сацсетцы X паведаміла міністар фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Катажына Пелчыньска-Наленч.
«Афіцыйна: Польшча першай у Эўропе стварае Фонд абароны і бясьпекі. Мы ўкладваем мільярды ў сховы, інфраструктуру падвойнага прызначэньня і разьвіцьцё польскіх збройных кампаній. Мы разьвіваем нашу прамысловасьць і дасьледаваьнні ў новых тэхналёгіях», — заявіла яна.
Паводле Пелчынскай-Наленч, інвэстыцыйны плян будзе створаны на працягу двух месяцаў разам зь міністэрствам абароны і іншымі ведамствамі.
Раней яна паведамляла, што Польшча ўнясе ў гэты фонд 30 мільярдаў злотых (блізу 7,8 мільярда даляраў або 7,2 мільярда эўра ў эквіваленце).
На пачатку сакавіка намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык сказаў, што Польшча плянуе траціць больш грошай на абарону, выдаткі на абарону могуць дасягнуць 5% ад ВУП краіны.
Сёлета Польшча ўжо плянуе выдаткаваць на абарону 4,7% свайго ВУП — гэта самы высокі паказчык у NATO.
Польшча раней падпісала са Злучанымі Штатамі кантракты на пастаўкі зброі на суму каля 20 мільярдаў даляраў. Гаворка пра закуп 250 танкаў M1A2 Abrams, 32 рэактыўных самалётаў F-35, 96 верталётаў Apache, ракет Javelin і рэактыўных артылерыйскіх сыстэм.о
Лідэры краін Эўразьвязу 6 сакавіка на саміце ў Бруселі ўхвалілі пляны рэзкага павелічэньня вайсковых выдаткаў пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША дала зразумець, што ў будучыні ў пытаньнях абароны Эўропе давядзецца ўскладацца на ўласныя сілы.
Дзяржавы ЭЗ зацьвердзілі паслабленьне бюджэтных абмежаваньняў, якія даюць магчымасьць павялічыць выдаткі на войска. Такім чынам можа быць выдзелена 650 мільярдаў эўра.
Эўракамісія вырашыла даць крэдытны фонд для краін ЭЗ на 150 мільярдаў эўра для далейшых інвэстыцый у абарону.
Таксама Польшча і краіны Балтыі анансавалі выхад з Канвэнцыі аб забароне проціпяхотных мінаў. Гэта абгрунтавалі пагрозамі з боку Расеі і Беларусі. Выхад з канвэнцыі дазволіць заміноўваць межы.
У Польшчы і Латвіі заявілі аб плянах дадатковай вытворчасьці зброі. Паводле ацэнак Варшавы, польская абаронная прамысловасьць здольная вырабіць да мільёна супрацьпяхотных мінаў.
Форум