Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта вайна Пуціна супраць Эўропы». Як краіны ЭЗ павялічваюць выдаткі на войска і мяняюць адпаведныя законы


Нямецкі салдат страляе з кулямёта на танку Leopard 2, 203-і танкавы батальён ў Аўгустдорфе, Нямеччына, 2023 год
Нямецкі салдат страляе з кулямёта на танку Leopard 2, 203-і танкавы батальён ў Аўгустдорфе, Нямеччына, 2023 год

Зьняцьце забароны на проціпяхотныя міны ў Польшчы і краінах Балтыі, вытворчасьць новых зьнішчальнікаў у Францыі, павелічэньне выдаткаў на абарону ў Нямеччыне — плянамі нарошчваньня вайсковых выдаткаў у апошнія дні падзяліліся прадстаўнікі адразу некалькіх эўрапейскіх дзяржаваў.

Эўракамісія ў сераду, 19 сакавіка, падала дэталі пляну абаронных інвэстыцыяў Эўразьвязу — яны павялічацца да 3,5% ВУП. Як паведамляла раней прэзыдэнт Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, плян прадугледжвае вылучэньне на абарону больш за 800 млрд эўра.

Тэлеканал «Настоящее время» расказвае, чаму рашэньне Нямеччыны называюць лёсавызначальным і эпахальным, і якія яшчэ краіны мяняюць заканадаўства, датычнае ўзбраеньняў, і павялічваюць вайсковыя выдаткі.

Нямеччына мяняе Канстытуцыю, каб павялічыць інвэстыцыі ў абарону

Нямеччына зможа ўкладаць у абарону трыльён эўра пасьля зьменаў Канстытуцыі, за якія ніжняя палата парлямэнту прагаласавала ў аўторак, 18 сакавіка. Верхняя палата павінна зацьвердзіць дакумэнт у пятніцу. Папраўка тычыцца бюджэтнага дэфіцыту: калі раней дзяржава ня мела права браць крэдыты на абаронную вытворчасьць на суму звыш траціны адсотку ад ВУП, то зараз можна будзе інвэставаць утрая больш — да 1%. Ініцыятарам рэформаў стаў кандыдат на пасаду канцлера Фрыдрых Мэрц:

«Рашэньне, якое мы прымаем, у пытаньнях абароннай гатоўнасьці ў найшырэйшым сэнсе для нашай краіны, — ня што іншае, як першы значны крок на шляху да стварэньня новай эўрапейскай абароннай супольнасьці. Абаронная супольнасьць, якая таксама ўключае краіны, якія не ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, але вельмі зацікаўленыя ў пабудове агульнай эўрапейскай абароны, — Вялікую Брытанію і Нарвэгію. Гэта апраўдана вельмі канкрэтнымі абставінамі. Абставіны — гэта вайна Пуціна супраць Эўропы. Гэта сапраўды вайна супраць Эўропы, а ня проста вайна супраць тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны».

Чаму галасаваньне ў Бундэстагу называюць гістарычным

Дзьмітрый Страціеўскі, палітоляг, дырэктар бэрлінскага Цэнтру вывучэньня Ўсходняй Эўропы, тлумачыць, чаму галасаваньне ў Бундэстагу аб павелічэньні выдаткаў на абарону завуць гістарычным і эпахальным:

«Яшчэ ў нядаўнім мінулым, літаральна нейкія шэсьць-сем гадоў таму, нямецкага палітыка, які прапаноўваў павялічыць выдаткі на абарону да 2% ВУП, фактычна рабілі ізгоем нават у кансэрватыўных шэрагах і кпілі зь яго як панікёра. Сапраўды, Нямеччына пайшла на зусім беспрэцэдэнтны крок. Прычым гэта зрабілі сьпяшаючыся, яшчэ пры старым складзе Бундэстагу, дзе ёсьць камфортная для такога галасаваньня канстытуцыйная большасьць. І сапраўды фактычна створаны праўны і бюджэтны прэцэдэнт, у выніку якога выдаткі на абарону ўжо нічым не абмежаваныя».

Рашэньне павялічыць выдаткі на абарону ніжняя палата нямецкага парлямэнту прыняла за тыдзень да таго, як зьбярэцца новы парлямэнт, — гэта адбудзецца 25 сакавіка. На думку палітоляга, сьпяшаліся невыпадкова:

«У новым Бундэстагу ўжо іншая сытуацыя з большасьцю — там такая зьмена магла б не прайсьці. Тут жа атрымалася больш-менш камфортная большасьць. Сацыял-дэмакратам і хрысьціянскім дэмакратам давялося пайсьці на саступкі Партыі зялёных, каб яна падтрымала гэты законапраект. Усе гавораць пра абарону, але менш згадваюць стварэньне спэцыяльнага фонду ў 500 мільярдаў эўра для інвэстыцыяў у абарону навакольнага асяродзьдзя й інфраструктуру Нямеччыны, якая таксама вымагае прыкметнага паляпшэньня. Таксама зьнятыя абмежаваньні ня толькі для абароны, але і для ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў — наступстваў паводак і гэтак далей».

Пры гэтым тэма ўзбраеньняў у прыватнасьці і вайны, мілітарызму ўвогуле з часоў Другой усясьветнай вайны была ў нямецкім грамадзтве ня проста непапулярнай, але і «фактычна табуяванай», кажа палітоляг. Вайна ва Ўкраіне памяняла стаўленьне ня толькі палітыкаў, лічыць Страціеўскі.

Як узбройваюцца Францыя, Польшча, краіны Балтыі

Францускі прэзыдэнт нарошчвае вытворчасьць зьнішчальнікаў Rafale. Гэтымі самалётамі заменяць францускія «Міражы», якія Парыж перадае Кіеву.

Эманюэль Макрон аб’явіў аб закупе новых самалётаў у бліжэйшыя гады і аб укладаньні амаль 1,5 мільярда эўра ў адну з авіябазаў для забесьпячэньня эскадрыльляў найноўшай ядзернай ракетнай тэхналёгіяй.

На гэты момант Францыя прадае зьнішчальнікі Rafale некалькім краінам за межамі Эўразьвязу, а ў самой уніі іх купляюць толькі Грэцыя і Харватыя. Але Партугалія днямі заявіла, што ня ўпэўненая, ці варта ёй працягваць замаўляць амэрыканскія F-35.

ЭЗ павінен істотна павялічыць свае выдаткі на абарону — з 2% ад ВУП хочуць перайсьці на больш чым 3,5%. Францыя настойвае, што закупляць трэба найперш эўрапейскае. І гэты момант улічыла Эўракамісія. Згодна з новым плянам абароны, у якім ідзецца аб крэдытах на 150 мільярдаў эўра, 65% сродкаў павінны выдаткоўвацца на складнікі ўзбраеньняў, вырабленыя ў Эўропе і Ўкраіне.

У Брусэлі спадзяюцца, што калі дзяржавы павялічаць выдаткі на абарону на 1,5% ад ВУП цягам найбліжэйшых чатырох гадоў, то агульны аб’ём абаронных інвэстыцычў дасягне 800 мільярдаў эўра.

Тым часам Польшча і краіны Балтыі анансавалі выхад з Канвэнцыі аб забароне проціпяхотных мінаў. Сумесную заяву апублікавалі міністры абароны гэтых краін, абгрунтаваўшы рашэньне пагрозамі з боку Расеі і Беларусі. Выхад з канвэнцыі дазволіць заміноўваць межы.

У Польшчы і Латвіі ўжо заявілі аб плянах дадатковай вытворчасьці зброі. Паводле ацэнак Варшавы, польская абаронная прамысловасьць здольная вырабіць да мільёна супрацьпяхотных мінаў.

Атаўскую канвэнцыю аб забароне проціпяхотных мінаў падпісалі ў 1997 годзе прадстаўнікі 122 краін. Дакумэнт прадугледжвае поўную адмову ад іх вытворчасьці і ўжываньня, а таксама зьнішчэньне запасаў. Расея канвэнцыю не падпісвала. Украіна далучылася да гэтай дамовы ў 2005 годзе і да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пасьпела зьнішчыць значную частку запасаў. У лістападзе 2024 году, ужо ў канцы сваёй прэзыдэнцкай кадэнцыі, Джо Байдэн ухваліў пастаўку Ўкраіне проціпяхотных мінаў амэрыканскай вытворчасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG