Пра гэта паведаміў кіраўнік Прыморскага краю Расеі Алег Кажамяка пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БЕЛТА.
У час папярэдніх візытаў кіраўніка расейскага рэгіёну ў Менск паведамлялі аб намеры стварыць у Прыморʼі сумесны порт з удзелам расейскага, беларускага і кітайскага бакоў.
«Мы тыя праекты порту нікуды ня прыбіраем. Мы іх адклалі, бо рэальнасьць цяпер — гэта высокая банкаўская стаўка (ключавая стаўка Цэнтрабанку Расеі на ўзроўні 21% гадавых), якая, безумоўна, ляжа на інфраструктуру, кошт транзыту», — сказаў Алег Кажамяка.
Раней улады паведамлялі, што порт у Прыморʼі неабходны беларускаму боку як важны пункт на транзытным шляху ў Кітай. У пачатку 2024 году ў Прыморʼі пабывала каманда спэцыялістаў зь Беларусі, якія маюць досьвед рэалізацыі партовых праектаў.
Праекты ў Мурманску і Пецярбурзе
Пасьля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, Беларусь страціла магчымасьці пастаўляць сваю прадукцыю на замежныя рынкі праз морскія парты Ўкраіны і Літвы.
У верасьні 2022 году Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне аб транзыце беларускіх грузаў праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.
Дакумэнт забясьпечвае стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў паставак экспартнай прадукцыі як праз морскія порты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру.
Адначасова бакі дамовіліся будаваць парты для пераладаваньня беларускай прадукцыі.
У жніўні 2022 году Лукашэнка заявіў, што Беларусі «выпаў добры шанец» стварыць уласную партовую інфраструктуру на тэрыторыі Паўночна-Заходняга рэгіёну Расейскай Фэдэрацыі.
Пазьней тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Менск і Масква «ствараюць новыя транспартна-лягістычныя ланцужкі».
Дамову пра будаўніцтва беларускага порту ў Мурманску падпісалі ў красавіку 2024 году і заплянавалі яго ўвод у 2028 годзе.
Беларусь таксама шукае пляцоўку для будаўніцтва порту ў Ленінградзкай вобласьці Расеі.
Аднак пакуль бакі не паведамлялі аб пачатку будаўніцтва прыпортавай інфраструктуры для Беларусі.
Форум