Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка».
«Наш сэрвіс зроблены не зусім з нуля. Пачнем з таго, што мы набылі аднаго з вядомых гульцоў на рынку — кампанію „Баварыя“. Гэта нішавы гулец прэміюм-сэгмэнту, які добра разумее, што такое якасьць паслугаў. Пачаўшы свой шлях як перавозчык і пасьля стаўшы агрэгатарам, „Баварыя“ доўгі час (і даволі пасьпяхова) „ваявала“ з буйным гульцом », — растлумачыў начальнік упраўленьня інфраструктурных рашэньняў і кіраўнік праекту «А1 таксі» Яўген Ляўданскі.
Як паведамляецца на сайце кампаніі «Баварыя», яна аказвае транспартныя паслугі як фізычным асобам, гэтак і кампаніям. Сярод іншага — прапануе арэнду аўто як з кіроўцам, так і безь яго. Таксама прадугледжаныя паслугі па сустрэчы гасьцей з аэрапорту або чыгуначнага вакзалу. Таксама даступная опцыя «цьвярозы кіроўца».
Як паведамляецца, А1 зьбіраецца запусьціць уласную аплікацыю для таксі, зараз яно праходзіць тэставаньне. Мабільны апэратар атрымлівае ўсе неабходныя дазволы для новай дзейнасьці, а таксама мае намер стаць плацёжным агрэгатарам (мяркуючы па дадзеных на сайце Нацбанку, пакуль гэтага не адбылося) і ўступіць у рэестар дыспэтчараў таксі.
Плянуецца, што паўнавартасна сэрвіс запусьцяць у траўні сёлета.
- А1 — мабільны апэратар, які раней працаваў пад назвай velcom, у 2013 годзе ўжо рабіў спробу выйсьці на транспартны рынак, ён запускаў дадатак «Таксі твайго горада». Гэта быў каталёг службаў таксі Менску і іншых буйных гарадоў з поўным пералікам паслуг, нумарамі тэлефонаў, коштам і магчымасьцю зваротнай сувязі.
Форум