Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўвяла санкцыі супраць яшчэ адной кампаніі, якая пастаўляе беларускія ўгнаеньні


Прадпрыемства «Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота

4 сакавіка Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «МетаТрэйдынгПрам», якое займаецца пастаўкамі карбаміду (мачавіны) у Польшчу, вынікае з санкцыйнага сьпісу Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Кампанія «МетаТрэйдынгПрам» пачала сваю дзейнасьць у красавіку 2024 году, вынікае зь яе сайту. У рэгістрацыйных дадзеных у якасьці віду дзейнасьці кампаніі быў указацы гуртовы гандаль. Як паведамляецца на сайце кампаніі, у жніўні 2024 году яна пачала вытворчасьць угнаеньняў, у лістападзе 2024 году кампанія дадала «вытворчасьць угнаеньняў» рэгістрацыйныя зьвесткі.

З кастрычніка 2024 году кампанія выступае экспартэрам у Польшчу зь Беларусі карбаміду прамысловага прызначэньня.

У санкцыйным сьпісе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы адзначаецца, што прамысловая вытворчасьць вышэйуказанай прадукцыі характэрная для «вельмі буйных прамысловых прадпрыемстваў», бо ўстаноўкі для іх вытворчасьці зьяўляюцца «складанай буйнамаштабнай хімічнай сыстэмай», займаюць вялікія плошчы «ў некалькі гектараў», а самі «павінны адпавядаць строгім стандартам бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя». «Стварэньне спэцыялізаваных вытворчых установак зьяўляецца працаёмкай і затратнай працэдурай, а рэзка перамясьціць або арганізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі немагчыма», — гаворыцца ў паведамленьні.

З гэтага ведамства зрабіла выснову, што сапраўдны вытворца ўгнаеньняў — прадпрыемства «Гродна Азот», якое зьяўляецца ключавым пастаўшчыком азотных угнаеньняў у рэгіёне.

Кампанія «МетаТрэйдынгПрам», на думку ведамства, выступае толькі пасярэднікам пры рэалізацыі карбаміду, вырабленага на прадпрыемстве «Гродна Азот», якое з 2 сьнежня 2021 году ўключанае ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, гаворыцца ў абгрунтаваньні санкцыяў супраць «МетаТрэйдынгПрам».

Кампанію чакае замарожваньне ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, забарона на прадастаўленьне любых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў і выключэньне з працэдуры польскіх дзяржаўных закупак ці конкурсных працэдур.

  • Раней Польшча таксама ўвяла санкцыі супраць зарэгістраваных у Беларусі кампаній «НФТ», «ТэхнаспэцтрэйдынгЭкспарт» і «Тэхнаспэцтрэйдынг», а супраць таксама кампаній LLC World Chem Trading Co. (зарэгістраваная ў Дубаі) і зарэгістраванай на Кіпры Rostumel Holding Limited. Усе гэтыя кампаніі таксама займаліся экспартам у Польшчу мачавіны і нітрату амонію ў водным або аміячным растворы, але самі іх не выраблялі.
  • 28 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову ўвесьці мыта на шэраг сельскагаспадарчых тавараў зь Беларусі і Расеі, а таксама на азотныя ўгнаеньні. Плянуецца, што новае мыта закране 15% сельскагаспадарчага імпарту з Расеі.
  • 31 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову аб новым памеры мыта. Напрыклад, па кодзе «ўгнаеньні мінэральныя або хімічныя, азотныя» з 1 ліпеня памер стаўкі, прывязаны да цаны прадукцыі, будзе 6,5% + €40 з тоны. Далей кожны год «накрутка» на тону прадукцыі будзе павялічвацца: 3 1 ліпеня 2026-га мыта складзе ўжо €60, праз год — €80, а з 1 ліпеня 2028-га — ажно €315. Падобны мэханізм будзе прымяняцца і для іншых відаў гэтай прадукцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG